Былы міністр па неасцярожнасці ўчыніў пажар у самалёце падчас палёту над Атлантыкай
Рэйс KLM з Амстэрдама ў Кюрасаа давялося развярнуць над Атлантычным акіянам пасля таго, як у бізнэс-класе загарэўся паўэрбанк.

Паводле даных нідэрландскіх СМІ, прылада належала былому кіраўніку KLM і міністру транспарту Нідэрландаў Камілю Эўрлінгсу. Ён зараджаў паўэрбанк ад разеткі ў фатэлі, хоць правілы авіякампаніі забараняюць выкарыстоўваць або зараджаць такія прылады падчас палёту, піша Bild.
Пасажыры распавялі, што спачатку пачуўся гучны хлапок, а затым з’явіліся языкі полымя. Экіпаж хутка патушыў пажар.
KLM пацвердзіла, што адзін чалавек атрымаў лёгкія траўмы, аднак з меркаванняў прыватнасці не стала называць яго імя.
Самалёт знаходзіўся ў паветры ўжо каля пяці з паловай гадзін, калі пілоты вырашылі вярнуцца ў Амстэрдам.
Эўрлінгс раней узначальваў KLM, а да працы ў авіякампаніі быў міністрам транспарту Нідэрландаў.
Пасля вяртання ў Амстэрдам KLM размясціла 322 пасажыраў у гатэлі, а на наступны дзень яны вылецелі ў Кюрасаа іншым самалётам.
Каментары