«Калі ён вяртаецца з Масквы, яго самалёт ляціць пустым».

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і былы галоўны рэдактар «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў у інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу CNN распавёў пра расійскіх палітвязняў, піша «Медуза».
У эфіры тэлеканала Муратаў паказаў вядучай і гледачам фатаграфіі рэжысёркі Жэні Бярковіч, былога муніцыпальнага дэпутата Аляксея Горынава, педыятра Надзеі Буянавай і самарскага саксафаніста Андрэя Шабанава, а таксама загінулага ў зняволенні піяніста Паўла Кушніра.
Ён распавёў, што, са слоў адвакатаў, Бярковіч цяпер важыць каля 40 кілаграмаў.
Яе другі раз за час зняволення адправілі ў штрафны ізалятар на надуманай падставе — нібыта яна няправільна надзела хустку, не заправіла ложак і недастаткова хутка завяла рукі за спіну на патрабаванне супрацоўніка калоніі.
Ён таксама распавёў пра Аляксандру Стрылец, пяцігадовая дачка якой памерла, пакуль маці знаходзіцца ў зняволенні па справе аб дзяржаўнай здрадзе.
Муратаў заклікаў амерыканскіх палітыкаў дамагацца вызвалення расійскіх палітвязняў, а журналістаў — распавядаць пра іх. У прыватнасці, ён заклікаў афіцыйных прадстаўнікоў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на перамовах з Расіяй — Стыва Уіткафа і Джарэда Кушнера — падымаць пытанне пра лёс палітвязняў на сустрэчах з Уладзімірам Пуціным.
«Спадар Уіткаф ужо восем разоў ці больш прыязджаў у Маскву. І дай бог, каб працягваў ездзіць. Але маё пытанне вось у чым.
Калі ён вяртаецца, яго самалёт ляціць пустым. Чаму ён не можа папрасіць спадара Пуціна, з якім у яго добрыя стасункі, вызваліць некалькіх палітычных зняволеных — каб яны паляцелі разам з ім?» — запытаў Муратаў.
Каментары
Не путайся под ногами больших денег.