За час зняволення Максім Знак распрацаваў праект, які павінен быў заахвоціць іншых вязняў да чытання, і напісаў 18 рукапісаў — каля пяці тысяч старонак. Усе гэтыя тэксты ў яго забралі, але цяпер ён спрабуе аднавіць іх з памяці.

На сустрэчы з беларусамі ў Вільні ў панядзелак Максім Знак праспяваў свае песні, расказаў, як абыходзіў турэмныя абмежаванні на атрыманне літаратуры і як у ПКТ ледзь не страціў магчымасць хадзіць, піша «Белсат».
Сустрэча з Максімам Знакам прайшла 20 ліпеня ў Доме нацыянальных супольнасцяў у Вільні. У афішы імпрэзу анансавалі як канцэрт «песень, апавяданняў і адказаў». На працягу паўтары гадзіны Знак спяваў, расказваў пра жыццё пасля вызвалення, свае творчыя планы і адказваў на пытанні прысутных.
Адной з галоўных тэм сустрэчы стала літаратура. У зняволенні Знак не толькі шмат пісаў, але і амаль пастаянна чытаў. Усе прачытаныя кнігі ён заносіў у асобны спіс.
Пасля вызвалення частку гэтага пераліку давялося аднаўляць. Знак расказаў, што выкарыстоўвае для гэтага ў тым ліку штучны інтэлект. Ён просіць назваць усе кнігі пэўнага аўтара, пасля чаго параўноўвае атрыманы спіс з тым, што захавалася ў памяці.
Больш за ўсё з прачытанага за кратамі яго ўразіла праца французскага эканаміста Тома Пікеці «Капітал у XXI стагоддзі».
«Вельмі класная кніжка. Там вельмі шмат інфаграфікі, статыстыкі, і там такая цікавая статыстыка, што мяне проста ўразіла», — расказаў Знак.
Кніга Пікеці прысвечаная эканамічнай няроўнасці, канцэнтрацыі багацця і таму, як капітал размяркоўваўся ў розных краінах на працягу доўгага гістарычнага перыяду.
Як Знак абыходзіў абмежаванне ў пяць кніг на тыдзень
У турэмнай бібліятэцы дазвалялі атрымліваць па пяць кніг на тыдзень. Аднак, паводле яго, фактычна ён чытаў значна больш.
Дадатковую літаратуру Знак браў у сукамернікаў. Калі нехта быў гатовы аддаць яму сваю кнігу, гэты чалавек мусіў не замаўляць іншае выданне на наступны перыяд. Знак таксама дамаўляўся мяняць ужо прачытаныя кнігі на іншыя і атрымліваў тое, ад чаго адмаўляліся вязні ў памяшканні камернага тыпу.
Паводле Знака, часам яму ўдавалася атрымаць за адзін перыяд больш за дзесяць кніг. Частка з іх была менавіта той літаратурай, якую ён замаўляў, але нярэдка даводзілася браць тое, што было даступна.
За час зняволення ён прачытаў шмат навукова-папулярнай літаратуры, эканамічных прац і мастацкіх твораў. Некаторыя кнігі, паводле Знака, былі вельмі слабымі, аднак добрых сярод іх таксама было шмат.
У калоніі Знак прыдумаў уласны кніжны праект. Ён хацеў ператварыць чытанне ў гульню, у якой за кожную прачытаную кнігу чалавек атрымліваў бы новы ўзровень і мог выбіраць, у якім кірунку развівацца далей. Знак распрацаваў яго амаль як сапраўдны стартап: апісаў механіку гульні, неабходную каманду, ролі ўдзельнікаў і магчымыя этапы запуску.
У выніку атрымаўся дакумент прыкладна на 30 старонак, падобны да бізнес-плана. Праект каля двух месяцаў разглядаў турэмны бібліятэкар.
Увесь гэты час Знак знаходзіўся ў ПКТ і, як ён сам пажартаваў, спрабаваў кіраваць праектам з камеры. Але ўрэшце бібліятэкар задаў яму адно пытанне: «А навошта?»
«І тут я разумею, што ўвесь гэты бізнэс-план у ягоны жыццёвы план увогуле не ўпісваецца. Яму не цікава, каб людзі чыталі больш кніг. Наадварот, яму лагічна цікава, каб чыталі яшчэ менш», — расказаў Знак.

Пяць тысяч старонак у дробную клетку
За кратамі Максім Знак не толькі чытаў. Паводле яго, у зняволенні ён напісаў 18 кніг — усяго каля пяці тысяч старонак у дробную клетку.
Ён пісаў на паперы, якую ўдавалася атрымаць у СІЗА і калоніі. Знак узгадаў, што часам яна станавілася адным з самых каштоўных рэсурсаў, асабліва калі не было магчымасці набыць новыя сшыткі або іншыя рэчы. Пазней усе рукапісы ў яго забралі.
Пасля вызвалення Знак атрымаў магчымасць працаваць у літаратурнай рэзідэнцыі ў Ванзэе каля Берліна. Яшчэ адна рэзідэнцыя запланаваная ў Зальцбургу. Гэты час ён выкарыстоўвае, каб аднавіць адабраныя тэксты па памяці.
«Я гэтыя рукапісы вырашыў, што ім не аддам, нават калі яны іх забралі. І з галавы зараз іх дастаю. А многа ўжо дастаў», — сказаў Знак.
Адной з кніг стане «Азкамерон» — сто гісторый з СІЗА. Назва адсылае да «Дэкамерона» Джавані Бакача, які таксама складаецца са ста навел.
Паводле Знака, «Азкамерон» ужо перакладзены і павінен выйсці ў найбліжэйшыя месяц-два.
Гісторыі з калоніі ён сабраў у асобную кнігу пад назвай «Каланісты». У ёй будзе 72 тэксты. Цяпер аўтар завяршае працу над рукапісам.
Пасля некалькіх кніг пра зняволенне Знак хацеў бы нарэшце пісаць і на іншыя тэмы.
«Я кажу: «Я хачу пісаць пра каханне!» — «Пішы пра турму». «Я хачу пісаць пра падарожжы!» — «Пішы пра турму». «Я нават пра спорт хачу!» — «Пішы пра турму». Ну, карацей кажучы, напісаў пра турму, а зараз пішу пра каханне», — расказаў ён.
Акрамя кніг, Знак плануе дапісаць і запісаць песні, частка з якіх дагэтуль існуе толькі ў яго памяці. «Белсат» даведаўся, што Максім Знак у зняволенні пераклаў на беларускую мову знакамітую бардаўскую песню «Прыхадзі ка мне Глафіра», якую напісаў у 1987 годзе дуэт «Івасі».

Як у калоніі арганізавалі забег на дзесяць кіламетраў
Да зняволення Максім Знак актыўна займаўся спортам і бегам. У калоніі яму праз іншых людзей удалося арганізаваць спаборніцтва на дзесяць кіламетраў.
Сам Знак таксама прыняў у ім удзел і вельмі хацеў перамагчы. Аднак ужо тады стан яго ног быў дрэнным.
«Ногі былі ўжо не тыя, яны былі падкошаныя гэтай калоніяй», — расказаў ён.
Неўзабаве пасля забегу Знака змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Там праблемы са здароўем рэзка абвастрыліся.
Паводле яго, ён мог прайсці толькі некалькі колаў па невялікім турэмным дворыку, пасля чаго мусіў спыняцца і абапірацца на сцяну.

Мясцовыя дактары сказалі Знаку, што стан будзе пагаршацца. Яму прагназавалі, што ён перастане хадзіць, будзе ляжаць на ложку, а ежу яму давядзецца прыносіць. Таксама гаворка ішла пра артроз і магчымую замену суставаў.
«Сцэнар быў такі, што я застаюся інвалідам. Гэта тое, што мне сказалі мясцовыя лекары», — узгадаў ён.
У той момант яшчэ заставалася магчымасць атрымліваць некаторыя паведамленні з волі. Сястра Знака паспела перадаць яму комплекс практыкаванняў, рэкамендаваны іншымі лекарамі.
Ён пачаў выконваць гэтыя практыкаванні, хоць, паводле яго слоў, амаль не спадзяваўся на вынік.
«Праз чатыры месяцы я зноў пачаў хадзіць», — сказаў Знак.
Пасля вызвалення ён паспрабаваў вярнуцца да бегу і прабег сем кіламетраў, аднак праблемы з нагой зноў абвастрыліся. Тады Знак прайшоў курс лячэння і рэабілітацыі, у тым ліку фізіятэрапію, масажы і лазерныя працэдуры.
Нядаўна ён зноў прабег дзесяць кіламетраў. Са жніўня ён плануе вярнуцца да рэгулярных заняткаў спортам.
У мяне няма асабістых ворагаў»
Адказваючы на пытанне, ці плануе ён асабіста дамагацца пакарання людзей, якія парушалі яго правы, Знак падкрэсліў, што не хоча помсты.
«У мяне больш няма асабістых ворагаў», — сказаў ён.
Паводле Знака, падчас зняволення ён не сутыкаўся з сапраўднымі садыстамі, якіх нішто не стрымлівала. Ён ведае, што іншыя палітвязні сутыкаліся з такімі людзьмі і атрымлівалі фізічныя і псіхалагічныя траўмы, аднак сам не хоча прыпісваць сабе чужы досвед.
Пры гэтым Знак лічыць, што ў сэнсе Еўрапейскай канвенцыі ўмовы яго ўтрымання былі катаваннямі.
Значна больш пытанняў у яго не да асобных выканаўцаў, а да тых, хто стварыў і падтрымліваў усю сістэму ізаляцыі і рэпрэсій.
Знак адзначыў, што ў будучыні гатовы ўдзельнічаць у аднаўленні прававой сістэмы Беларусі.
«Калі ў мяне будзе магчымасць удзельнічаць у юрыдычнай працы па пабудове чагосьці на тых руінах, якія там зараз ёсць, то я буду гэтым займацца», — адказаў ён.
Каментары