Двайнік вучыцца на сустрэчах, дакументах і перапісцы і пераймае стыль мыслення работніка.

Кампаніі пачалі выкарыстоўваць лічбавых двайнікоў супрацоўнікаў, каб павысіць прадукцыйнасць і знізіць залежнасць ад найму, піша devby.io. Адзін з такіх прыкладаў — Рычард Скелет, галоўны аналітык па даследаваннях і дызайне кансалтынгавай фірмы Bloor Research. У інтэрв'ю BBC ён распавёў, што за тры гады стварыў лічбавую копію самога сябе. Тэхналагічна «лічбавы Рычард» — гэта персанальная ШІ-мадэль, навучаная на працоўных даных канкрэтнага чалавека.
Двайнік навучаны на сустрэчах, дакументах і перапісцы і пераймае стыль мыслення ўладальніка, дапамагаючы прымаць рашэнні і рыхтаваць прэзентацыі. У выніку атрымаўся тэкставы інтэрфейс — па сутнасці, чат з уласнай лічбавай копіяй, да якой можна звяртацца па парады, аналітыку і дапамогу.
У сістэмы ёсць асобныя ўкладкі, напрыклад «family» і «admin», доступ да якіх закрыты для калег — яны могуць звяртацца да лічбавага двайніка толькі па бізнэс-пытаннях.
З часам «лічбавы Рычард» стаў асновай для маштабавання тэхналогіі ўнутры Bloor Research: па яго мадэлі стварылі лічбавых двайнікоў для ўсёй каманды з прыкладна 50 супрацоўнікаў у Вялікабрытаніі, Еўропе, ЗША і Індыі.
У Bloor Research кажуць, што тэхналогія дапамагае ў кадравай палітыцы: напрыклад, паступова выводзіць людзей на пенсію або часова замяняць калег — без найму часовых супрацоўнікаў. Яшчэ 20 іншых кампаній ужо тэстуюць гэтую тэхналогію, і яна будзе шырока даступная іншым у канцы гэтага года.
Падобны падыход выкарыстоўвае Джош Берсін, заснавальнік кансалтынгавай кампаніі The Josh Bersin Company. Ён называе гэтую тэхналогію «суперработнікам» — калі ШІ ўзмацняе магчымасці чалавека. «У людзей няма сіл на яшчэ адзін званок. Але вы можаце разбудзіць лічбавага двайніка пасярод ночы і гаварыць з ім гадзіну — яму ўсё роўна. Гэта неверагодна каштоўна», — тлумачыць ён.
Па словах Берсіна, дзякуючы лічбавым копіям супрацоўнікаў кампанія расце прыкладна на 30% у год, але пры гэтым наймае ўсяго аднаго-двух новых спецыялістаў штогод. «Эканамічная каштоўнасць кожнага чалавека расце. Калі вы становіцеся каштоўным лічбавым элементам кампаніі, чаму б ёй не плаціць вам больш?» — дадае ён.
Аднак разам з перавагамі ўзнікаюць і сур'ёзныя пытанні. Эксперты спрачаюцца аб тым, каму належыць лічбавы двайнік — супрацоўніку ці працадаўцу, і хто нясе адказнасць за яго дзеянні.
«Як толькі ШІ навучаецца на лістах, сустрэчах і працоўных матэрыялах чалавека, вы сутыкаецеся з пытаннямі, якія ляжаць у самым цэнтры працоўных адносін: згода, кантроль персанальных даных, замяшчэнне працы і тое, што адбываецца, калі чалавек сыходзіць з кампаніі», — адзначае юрыст Анджалі Малік з Bellevue Law.
Аналітыкі Gartner прагназуюць, што лічбавыя двайнікі супрацоўнікаў могуць стаць масавай з'явай ужо ў найбліжэйшы час. Але пакуль рынак толькі фармуецца, і прававыя нормы не паспяваюць за тэхналогіяй. «Думаю, мы, хутчэй за ўсё, спачатку ўбачым негатыўны бок гэтага медаля, перш чым праявіцца станоўчы», — папярэджвае даследчыца Gartner Кейлін Лоўмастэр.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары