Усяго патроху55

На Вялікай ціхаакіянскай смеццевай пляме знайшлі дзясяткі відаў жывых істот

Да нядаўняга часу лічылася, што велізарная колькасць пластыку ў адкрытым акіяне — гэта мёртвая зона і экалагічная катастрофа. Аднак апошнія даследаванні выявілі сенсацыйны факт: Вялікая ціхаакіянская смеццевая пляма стала домам для дзясяткаў прыбярэжных відаў, стварыўшы ўнікальную экасістэму там, дзе жыццё раней лічылася немагчымым. З падрабязнасцямі знаёміць Earth.com.

Вялікая ціхаакіянская смеццевая пляма. Фота: theoceancleanup.com

Традыцыйна акіянолагі падзялялі марскую прастору на два адносна ізаляваныя светы: прыбярэжныя воды і адкрыты акіян. Лічылася, што жыхары ўзбярэжжаў непарыўна звязаныя з скаламі, пірсамі і іншымі цвёрдымі паверхнямі берагавой лініі, а выпадковыя «падарожжы» на бярвёнах ці водарасцях падчас шторму заканчваюцца для іх гібеллю з-за неспрыяльных умоў у адкрытым акіяне (пелагічнай зоне).

Першым сур’ёзным сігналам таго, што ў рэчаіснасці ўсё не так адназначна, для навукоўцаў стала даследаванне абломкаў, вынесеных у адкрытае мора катастрафічным цунамі ў Японіі ў 2011 годзе. На працягу некалькіх гадоў гэтыя аб’екты дасягалі берагоў Паўночнай Амерыкі і Гаваяў і, на здзіўленне даследчыкаў, былі пакрытыя марскімі відамі, якія характэрны для ўзбярэжжа. Высветлілася, што многія з іх здолелі застацца жывымі ў акіяне на працягу шасці гадоў.

Гэта прымусіла навукоўцаў задацца пытаннем: ці з'яўляюцца прыбярэжныя арганізмы проста часовымі падарожнікамі ў адкрытым акіяне, ці яны пачалі фармаваць там больш пастаянныя супольнасці?

Жыццё ў Вялікай ціхаакіянскай смеццевай пляме

Каб даследаваць гэтае пытанне, была арганізавана экспедыцыя ў раён Вялікай ціхаакіянскай смеццевай плямы. Даследчыкі сабралі больш за сотню ўзораў плаваючага смецця даўжынёй не менш за 15 сантыметраў — ад бутэлек і буёў да рыбалоўных сетак і вяровак.

Кожны прадмет быў прамаркіраваны, сфатаграфаваны і пазначаны каардынатамі месцазнаходжання, перш чым быць адпраўленым для дэталёвага вывучэння ў лабараторыю.

Вынікі ўражваюць. Усяго было ідэнтыфікавана 46 розных відаў беспазваночных з шасці асноўных груп жывёл. Пры гэтым каля 80% выяўленых відаў былі прыбярэжнымі арганізмамі.

Амаль кожны кавалак смецця аказаўся заселены. Бесхрыбетныя прысутнічалі на 98% аб’ектаў. Пелагічныя віды сустракаліся больш чым на 94% прадметаў, а прыбярэжныя — больш чым на 70%. Часта на адным і тым жа кавалку пластыку жылі і тыя, і іншыя — фактычна ўтвараючы змешаныя супольнасці на «плывучых астравах».

У сярэднім кожны прадмет быў домам для 4—5 відаў. Асабліва багатымі на жыццё былі сеткі і вяроўкі — іх структура давала шмат месцаў для замацавання і сховішчаў

Асабліва важным назіраннем стала тое, што гэтыя арганізмы, выпадкова патрапіўшы ў адкрыты акіян, здольныя праходзіць там поўныя жыццёвыя цыклы. Даследчыкі выявілі самак з ікрой, а таксама асобін розных узроставых груп — ад маладых да дарослых. Гэта сведчыць, што новыя пакаленні развіваюцца непасрэдна на пластыку, а не прыбываюць туды з берага.

Чаму некаторыя віды квітнеюць на пластыку

Вывучыўшы прыбярэжныя віды, якія замацаваліся на пластыку, вучоныя вылучылі асноўныя рысы, што дапамагаюць ім выжываць у такіх умовах.

Многія з іх здольныя да бясполага размнажэння, а іх лічынкі не патрабуюць працяглага свабоднага плавання. Акрамя таго, яны могуць выкарыстоўваць розныя спосабы харчавання — напрыклад, фільтраваць часціцы з вады або харчавацца на паверхні субстрату.

З’яўленне такіх супольнасцяў прывяло да фарміравання новай з’явы — «неапелагічнай» супольнасці — экасістэмы адкрытага акіяна, у якой разам існуюць і традыцыйныя пелагічныя віды, і прыбярэжныя арганізмы.

Галоўная прычына гэтых зменаў — з’яўленне вялікай колькасці трывалых плаваючых паверхняў. Раней у адкрытым акіяне амаль не было аб’ектаў, да якіх маглі б замацоўвацца прыбярэжныя арганізмы. Пластык фактычна стварыў незлічоныя «плывучыя астравы», што змянілі ўмовы існавання марскога жыцця.

Такім чынам, пластыкавае забруджванне — гэта не толькі праблема смецця, але і фактар, які змяняе размеркаванне жыцця ў акіяне. Яно дазваляе прыбярэжным відам выжываць, размнажацца і распаўсюджвацца на вялікія адлегласці, што ў перспектыве можа паўплываць на структуру марскіх экасістэм ва ўсім свеце.

Каментары5

  • Ггг
    17.04.2026
    Жвір , ну дык не да гэтага ж, старым мужыкам трэба згвалтаваць як мага больш жанчын на карысць свайму чарговаму богу, а другiм патрэбна накрасць як мага больш карысных выкапняю, знiшчыць нацыi... Няма часу вырашаць смеццевыя праблемы
  • А што вы хацелі
    17.04.2026
    Нават у Масковіі жывуць істоты, а тут усяго толькі смеццевая пляма
  • Каман
    17.04.2026
    Ггг, а дзе ж той хвалёны Грынпіс?…
    Кінулі б заклік па ўсім сьвеце, сабралі б мільёны- мільярды даляраў і натоўпы валанцёраў і прыбіралі б. Канешне тых грошай якія ідуць зараз на бамбёжкі хапіла б каб прыбраць усей гэты кантынент з сьмецьця, алеж у гэтых “міратворцаў” іншыя прыярытэты.

Цяпер чытаюць

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. У аварыі ў Грузіі загінулі 21‑гадовы Глеб і 20‑гадовая Настасся з Брэста10

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. У аварыі ў Грузіі загінулі 21‑гадовы Глеб і 20‑гадовая Настасся з Брэста

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса ў жаданні абмежаваць паўсюдную рэкламу казіно падтрымала Мінгандлю. Але прапагандысты параілі яму «не лезці не туды»10

Украіна пачала выкарыстоўваць брытанскія дроны для далёкіх удараў па тэрыторыі Расіі

Дачцэ Біла Гейтса можа пагражаць да 20 гадоў турмы з-за махлярства з кукі-файламі1

У гарах Кыргызстана з дрона адшукалі целы зніклых беларускіх альпіністаў17

У Італіі абрабавалі музей з карцінамі генія Адраджэння, якога параўноўвалі з Рафаэлем. Чаму зладзеі спакусіліся менавіта гэтымі творамі?1

Латушка: Лукашэнка асабіста загадаў мне скараціць Спіс помнікаў удвая, бо яны «замінаюць інвестарам»20

З Беларусі высылаюць больш за дзесяць польскіх святароў. У Магілёве ўжо развіталіся з пробашчам — і з праектам новага касцёла17

Старую камяніцу каля ратушы ў Магілёве рыхтавалі для гарадскога музея. Цяпер там робяць офіс расійскага пасольства на чале з былым міністрам «ЛНР»14

Топ-10 самых папулярных песень у Беларусі за апошнія гады: у рэйтынгу толькі расійскія выканаўцы — Z-нікі і «маўчуны»39

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. У аварыі ў Грузіі загінулі 21‑гадовы Глеб і 20‑гадовая Настасся з Брэста10

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. У аварыі ў Грузіі загінулі 21‑гадовы Глеб і 20‑гадовая Настасся з Брэста

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць