У мінскім метро патлумачылі, для чаго адлічваюць на гадзінніках час ад адпраўлення цягніка, а не да яго прыбыцця
У прэс-службе Мінскага метрапалітэна адказалі на пытанне, якое хоць раз узнікала ў амаль кожнага пасажыра: чаму электроннае табло на станцыях адлічвае час з моманту адпраўлення папярэдняга цягніка, а не да прыезду наступнага?

Як высветлілася, гэтыя гадзіннікі — так званыя інтэрвальныя — прызначаныя не для пасажыраў, а найперш для машыністаў. Менавіта ім важна дакладна ведаць, калі са станцыі выехаў папярэдні састаў, каб своечасова адправіцца самім і строга трымацца графіка руху.
У метрапалітэне адзначылі, што інтэрвальныя гадзіннікі — гэта інструмент, які гарантуе бяспеку і дакладнасць руху цягнікоў. Кіруючыся імі, машыніст можа не толькі пазбегнуць затрымак падчас пасадкі і высадкі пасажыраў, але і карэктаваць рух: калі цягнік спазняецца — паскорыцца, а калі адлегласць да папярэдняга саставу становіцца занадта малой — пачакаць, каб захаваць бяспечны інтэрвал.
Чаму на станцыях няма асобных табло, якія паказвалі б пасажырам, колькі часу засталося да наступнага цягніка, у прэс-службе не патлумачылі. У той жа час некаторыя карыстальнікі прапанавалі паставіць дадатковыя экраны — па прыкладзе іншых метрапалітэнаў.
Абмеркаванне ў сацсетках паказала, што меркаванні на гэты конт падзяліліся. Адны лічаць такую інфармацыю вельмі зручнай, іншыя ж упэўненыя, што яна нічога не зменіць: маўляў, калі чалавек ужо спусціўся ў метро, то ўсё роўна паедзе, незалежна ад таго, чакаць дзве хвіліны ці дзесяць.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары