Ежа44

Паеў грыбоў і ўбачыў у талерцы ліліпутаў. Мноства людзей у розных краінах адчуваюць аднолькавыя галюцынацыі

Навукоўцы апісалі гэты феномен толькі нядаўна. Людзі, якія паелі грыбоў Lanmaoa asiatica, сутыкаюцца з аднолькавымі галюцынацыямі: бачаць маленькіх чалавечкаў, якія маршыруюць пад дзвярыма, ходзяць па сценах і вісяць на мэблі, піша Бі-бі-сі.

У славянскіх крыніцах Lanmaoa asiatica часам называюць «ліліпуцкі баравік». Гэты трубчасты грыб сапраўды вонкава нагадвае баравік, толькі крыху больш яркі, з ружаватай ножкай і жаўтаватай шапкай. Ён расце ў азіяцкіх краінах і вядомы сваім насычаным смакам умамі.

У кітайскай правінцыі Юньнань падчас грыбнага сезона, з чэрвеня па жнівень, ён свабодна прадаецца на рынках і з'яўляецца ў меню рэстаранаў. А дактары адной з бальніц рыхтуюцца да наплыву пацыентаў з незвычайнай скаргай: тыя бачаць маленькіх істот, падобных да эльфаў. Такіх пацыентаў — некалькі соцень у год.

Справа ў тым, што калі Lanmaoa asiatica няправільна прыгатаваць, пачынаюцца галюцынацыі. «У адным рэстаране з грыбным хот-потам афіцыянт паставіў таймер на 15 хвілін і папярэдзіў нас: «Не ежце, пакуль таймер не адключыцца, інакш можаце ўбачыць маленькіх чалавечкаў», — распавядае Колін Домнаўэр, аспірант-біёлаг Універсітэта Юты і Музея натуральнай гісторыі Юты, які вывучае гэтыя грыбы. — Здаецца, у мясцовай культуры гэта агульнавядомы факт».

За межамі правінцыі Юньнань і яшчэ пары месцаў да грыба не ставяцца як да чагосьці звыклага і ўспрымаюць як загадку.

«Было шмат запісаў аб існаванні гэтага псіхадэлічнага [грыба], і шмат людзей спрабавалі яго знайсці, але так і не знайшлі гэты від», — кажа Джуліяна Фурчы, міколаг, заснавальніца і выканаўчы дырэктар Fungi Foundation — некамерцыйнай арганізацыі, якая займаецца адкрыццём, дакументаваннем і захаваннем відаў грыбоў.

Домнаўэр спадзяецца высветліць, што за невядомае злучэнне можа выклікаць такія галюцынацыі, і зразумець, што новага мы можам даведацца дзякуючы гэтаму грыбу пра чалавечы мозг.

Упершыню пра такі грыб Домнаўэр пачуў яшчэ будучы студэнтам, ад свайго выкладчыка мікалогіі.

«Гэта гучала настолькі дзіўна — што дзесьці існуе грыб, які выклікае казачныя бачанні, пра якія паведамляюць людзі з розных культур і эпох, — кажа Домнаўэр. — Я быў збянтэжаны, мне стала цікава даведацца пра гэта больш».

У навуковай літаратуры ўдалося знайсці не так шмат. У артыкуле 1991 года два даследчыкі з Кітайскай акадэміі навук пісалі пра выпадкі, калі жыхары правінцыі Юньнань пасля ўжывання ў ежу пэўнага грыба адчувалі «ліліпуцкія галюцынацыі». Гэта псіхіятрычны тэрмін, які азначае, што пацыент бачыць дробных людзей, жывёл або фантастычных істот. Ліліпуція — гэта выдуманая дзяржава-востраў з рамана Джонатана Свіфта «Падарожжы Гулівера», населеная малюсенькімі чалавечкамі.

Пацыенты бачылі адразу мноства (больш за дзесяць) «ліліпутаў», якія снуюць вакол. Заплюшчыць вочы не дапамагала, бачанне станавілася толькі ярчэй.

«Яны бачылі іх на сваім адзенні, калі апраналіся, і на посудзе, калі елі», — апісваюць галюцынацыю аўтары артыкула.

Яшчэ ў 1960‑х гадах Гордан Уосан і Ражэ Эйм — амерыканскі пісьменнік і французскі батанік, якія пазнаёмілі заходнюю аўдыторыю з існаваннем псілацыбінавых грыбоў — сутыкнуліся з чымсьці падобным у Папуа — Новай Гвінеі. Яны шукалі грыб, пра які расказвала каманда місіянераў, якія пабывалі там 30 гадоў таму. Гэты грыб выклікаў у мясцовых жыхароў стан, які пазней назвалі «грыбным шаленствам».

Самі таго не падазраючы, яны сутыкнуліся з з'явай, якую пазней апішуць навукоўцы з Кітая. Тады даследчыкі сабралі ўзоры віду, у якім яны падазравалі той самы грыб, і адправілі на аналіз Альберту Хофману — швейцарскаму хіміку, які адкрыў ЛСД. Аднак Хофману не ўдалося выявіць ніякіх малекул, якія прадстаўляюць цікавасць. Каманда прыйшла да высновы, што гісторыі, пра якія яны чулі, былі народнай легендай і не мелі фармакалагічнага падмурка. Далейшыя даследаванні праводзіць не сталі.

Толькі ў 2015 годзе даследчыкі нарэшце афіцыйна апісалі гэты грыб і далі яму назву Lanmaoa asiatica. Пры гэтым інфармацыі пра псіхаактыўныя ўласцівасці грыба па-ранейшаму амаль не было, але было вядома, што «ліліпуцкі» эфект выклікае не псілацыбін.

Першая задача, якую паставіў перад сабой Домнаўэр — гэта высветліць сапраўдную «ідэнтычнасць» гэтага віду. У 2023 годзе ён адправіўся ў Юньнань у разгар летняга грыбнага сезона і пытаўся ў прадаўцоў на рынках, што за грыбы «прымушаюць бачыць маленькіх чалавечкаў». Прадаўцы хіхікалі. Ён купляў грыбы, на якія яны паказвалі, і ішоў з імі ў лабараторыю — секвеніраваць геномы і ставіць эксперыменты.

Артыкул з вынікамі даследавання зараз рыхтуецца да публікацыі. Домнаўэр высветліў, што хімічныя экстракты лабараторных узораў выклікалі ў мышэй паводніцкія змены, падобныя да тых, якія апісвалі людзі. Пасля ўвядзення экстрактаў грыбоў у мышэй назіраўся перыяд гіперактыўнасці, за якім ішоў працяглы ступар, падчас якога грызуны амаль не рухаліся.

На Філіпінах, па чутках, таксама сустракаўся грыб, які выклікае падобныя сімптомы. Вучоны адправіўся туды і сабраў там узоры, якія, па яго словах, выглядалі крыху інакш, чым кітайскія: яны былі меншыя і хутчэй светла-ружовыя, тады як кітайскія былі чырваней. Аднак генетычны аналіз паказаў, што гэта сапраўды адзін і той жа від.

У снежні 2025 года навуковы кіраўнік Домнаўэра таксама наведаў Папуа — Новую Гвінею, каб паспрабаваць знайсці грыбы, згаданыя ў запісах Уосана і Эйма. Знайсці іх не ўдалося, і што гэта за грыб — да гэтага часу вялікая загадка.

«Гэта можа быць той самы від, і тады гэта было б дзіўна, таму што звычайна ў Папуа — Новай Гвінеі не сустракаюцца віды грыбоў, якія растуць у Кітаі ці на Філіпінах», — кажа Домнаўэр. Але калі гэта іншы від, гэта яшчэ больш дзіўна: гэта значыла б, што розныя грыбы эвалюцыянавалі незалежна ў зусім розных частках свету, а ў выніку валодаюць адной і той жа якасцю.

Такія прэцэдэнты, зрэшты, у прыродзе ўжо ёсць. Навукоўцы — прычым некаторыя з іх працуюць у той жа лабараторыі, што і Домнаўэр — нядаўна выявілі, што псілацыбін — псіхадэлічная малекула, якая змяшчаецца ў галюцынагенных грыбах — незалежна з'явіўся ў двух далёка роднасных тыпаў грыбоў.

Аднак Домнаўэр падкрэслівае, што «ліліпуцкі» эфект у грыбоў L. Asiatica выклікае не псілацыбін.

Колін Домнаўэр

Ён і яго каманда па-ранейшаму спрабуюць выявіць хімічнае злучэнне, адказнае за галюцынацыі. Мяркуючы па ўжо праведзеных тэстах, яно, хутчэй за ўсё, не звязана ні з адным з вядомых псіхадэлічных злучэнняў. Выкліканыя гэтым грыбам трыпы незвычайна працяглыя: ад 12 да 24 гадзін. У некаторых выпадках пацыенты застаюцца ў бальніцы да тыдня. З-за экстрэмальнай працягласці гэтых станаў і рызыкі зацяжных пабочных эфектаў — такіх як дэлірый і галавакружэнне — Домнаўэр пакуль так і не рашыўся паспрабаваць сырыя грыбы сам.

Па высновах Домнаўэра, менавіта такія «мегатрыпы» могуць тлумачыць, чаму ў Кітаі, на Філіпінах і ў Папуа — Новай Гвінеі не склалася традыцыя мэтанакіраванага ўжывання L. asiatica дзеля псіхаактыўнага эфекту. «Яго заўсёды елі проста як ежу», — кажа ён. Галюцынацыі былі нечаканым пабочным эфектам.

Ёсць і яшчэ адзін цікавы момант: іншыя вядомыя псіхадэлікі, як правіла, выклікаюць унікальныя станы, якія могуць быць рознымі не толькі ў розных людзей, але і ў аднаго і таго ж чалавека, які паспрабаваў рэчыва некалькі разоў.

L. asiatica кожны раз выклікае бачанне маленькіх чалавечкаў.

«Я не ведаю нічога іншага, што выклікала б настолькі паслядоўныя галюцынацыі», — кажа даследчык.

Зразумець прыроду гэтага грыба будзе няпроста, кажа Домнаўэр, аднак, як і даследаванні іншых псіхадэлічных злучэнняў, навуковая праца над ім можа ў выніку закрануць самыя фундаментальныя пытанні свядомасці і ўзаемаадносін паміж розумам і рэальнасцю.

Акрамя таго, гэта можа дапамагчы высветліць прычыну спантанных ліліпуцкіх галюцынацый у людзей, якія не ўжывалі L. asiatica. Гэта рэдкі стан: да 2021 года з моманту першага апісання ліліпуцкіх галюцынацый у 1909 годзе было зафіксавана толькі 226 такіх выпадкаў, не звязаных з грыбамі. Аднак для гэтай адносна невялікай групы людзей наступствы могуць быць сур'ёзнымі: траціна пацыентаў так і не змагла цалкам аднавіцца.

Па словах Домнаўэра, вывучэнне L. asiatica можа дапамагчы навукоўцам лепш зразумець механізмы працы мозгу, якія ляжаць у аснове гэтых бачанняў і, магчыма, нават стварыць новыя метады лячэння пацыентаў з падобнымі неўралагічнымі станамі.

«Цяпер мы, магчыма, зможам зразумець, у якіх абласцях мозгу ўзнікаюць [ліліпуцкія галюцынацыі]», — кажа Дэніс Маккена, этнафармаколаг і дырэктар Акадэміі натуральнай філасофіі Маккены — некамерцыйнага адукацыйнага цэнтра ў Каліфорніі. Ён згодны з меркаваннем, што разуменне злучэнняў, якія змяшчаюцца ў гэтым грыбе, можа прывесці да адкрыцця новых лекавых сродкаў. «Ці ёсць тут тэрапеўтычнае прымяненне — пакажа час», — адзначае ён.

Паводле ацэнак даследчыкаў, зараз апісана менш за 5% усіх відаў грыбоў, якія сустракаюцца на Зямлі. Таму, лічыць Джуліяна Фурчы, у гэтых даследаванняў велізарны патэнцыял для новых адкрыццяў ва ўмовах экасістэм, якія імкліва скарачаюцца.

«Грыбы ўтрымліваюць надзвычай шырокую біяхімічную і фармакалагічную бібліятэку, да вывучэння якой мы толькі пачынаем дакранацца, — кажа Фурчы. — Нас чакае цэлы свет адкрыццяў».

Каментары4

  • Вася
    24.01.2026
    Нет. Не наш продукт. Наш продукт призывает зелёных чертиков. Мы их ни на каких лилипутов не променяем.
  • якія яшчэ галюнікі?
    24.01.2026
    Проста тыя гномы ў грыбах жывуць.
    Ну і разбягаюцца, як казюркі калі пачнеш яго жэрці.
  • Цікава
    25.01.2026
    Забараніць, усіх пасодзіць.
    Сёння яны грыбы свае колюць, а заутра скажуць не алкашке. Ну прыдумалі, ну далі
    Жэстачайше

Цяпер чытаюць

Полк Каліноўскага паведаміў пра гібель трох байцоў3

Полк Каліноўскага паведаміў пра гібель трох байцоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Гэта не «надзень швэдар». Гэта холад, ад якога нікуды не схавацца». Як украінцы выжываюць без святла і цяпла ў халодных кватэрах7

Цана на золата ўпершыню перавысіла адзнаку $5 тысяч, працягваючы гістарычны рост

«Жыве!» ці «Жыве вечна!»? Як правільна? Вакол гэтага пытання разгарнулася палкая дыскусія29

Сабакі таксама пакутуюць на дэменцыю. Як запаволіць працэс?

Пашынян стварае музычны гурт5

Каранік пра ідэю айчыннага электракара: Трошкі пераацанілі свае магчымасці9

Чыноўніца прапануе па пятніцах прыходзіць на працу ў беларускім адзенні. І сама падала прыклад27

Украінскі дэпутат загінуў у аварыі — на квадрацыкле ўрэзаўся ў маршрутку

Ці трэба беларусам рабіць выбар паміж Расіяй і Еўропай? Шрайбман і Львоўскі спрачаюцца48

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Полк Каліноўскага паведаміў пра гібель трох байцоў3

Полк Каліноўскага паведаміў пра гібель трох байцоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць