Ці варта ўсеагульнае шчасце страты ўласнай індывідуальнасці? Вінс Гіліган, стваральнік культавых «Ва ўсе цяжкія» і «Тэлефануйце Солу», вярнуўся на экраны і парушыў галоўнае правіла навуковай фантастыкі: замест крывавай вайны з прышэльцамі ён прапануе спакуслівы ўтапічны свет. Расказваем, чаму «Pluribus» — не проста ціхі медытатыўны апакаліпсіс, а адзін з самых смелых мысленчых эксперыментаў на тэлебачанні.

Здавалася б, пра канец свету ў кіно ўжо сказана ўсё. Мы бачылі ядзерныя пусткі, нашэсці зомбі і кліматычныя катастрофы. Але Вінс Гіліган радыкальна адмаўляецца як ад звыклых жанравых тропаў, так і ад уласных вобразаў крымінальнага свету, поўнага пылу, гвалту і маральнага разлажэння. Замест гэтага ён прапануе адваротнае: стэрыльны рай калектыўнага розуму, дзе апакаліпсіс напоўнены дабрынёй, клопатам, любоўю і спачуваннем.
Серыял «Pluribus», фінальная серыя якога сімвалічна выйшла на Apple TV+ на каталіцкія Каляды, 24 снежня 2025 года, назвай адсылае да лацінскага дэвізу на пячатцы ЗША «E pluribus unum» — «З многіх — адзінае».
Гэтая гісторыя ставіць пад сумнеў галоўную каштоўнасць заходняй культуры — індывідуалізм.
Што, калі канец свету — гэта не пра смерць, а пра абсалютнае, бясконцае, прымусовае шчасце? Ці варта спрабаваць разбурыць усеагульны рай для ўсяго чалавецтва, калі асабіста ты застаўся ў ім няшчасным?
Дванаццаць апосталаў навыварат
Галоўная гераіня Кэрал Стурка, якую бліскуча грае зорка «Тэлефануйце Солу» Ры Сіхарн, — пісьменніца. Яна піша другасортнае рамантычнае фэнтэзі пад назвай «Вятры Вайкара», мае базу адданых фанатак, але ў глыбіні душы лічыць сябе і сваю творчасць абсалютна нікчэмнымі. Яна марыць стварыць нешта сапраўднае, але не можа выслізнуць з заганнага кола камерцыйнага поспеху сваёй «жвачкі».
Стурка — увасабленне сучаснага інтэлектуальнага цынізму: вечна незадаволеная, хмурная, яна, здаецца, фізічна не здольная атрымліваць асалоду ад жыцця, нават калі знаходзіцца побач са сваёй жонкай і менеджаркай Хэлен (Мірыям Шор).

Менавіта такі чалавек трапляе ў лік тузіна людзей на планеце — своеасаблівых 12 апосталаў навыварат, — якіх не кранула «Далучэнне».
Невядомы пазаземны вірус, які прыйшоў з космасу ў выглядзе сігналу, перапісаў свядомасць усяго чалавецтва, сцёршы мяжу паміж «я» і «мы». У адно імгненне зніклі войны, голад, няроўнасць і адзінота. Людзі сталі «Іншымі» — адзіным арганізмам з, як называюць яго у навуковай фантастыцы, калектыўнай гештальт-свядомасцю, які існуе ў стане перманентнай эйфарыі і згоды.

Для Кэрал гэтае «выратаванне» стала асабістым пеклам. Падчас трансфармацыі загінула яе жонка Хэлен, адзіны блізкі чалавек, які быў для яе апорай. І пакуль свет вакол зліўся ў экстазе еднасці, Кэрал застаецца сам-насам са сваім горам, душэўнымі пакутамі і разгубленасцю. Але замест таго, каб зламацца, яна ператварае свой боль у рухавік супраціву.
Дыктат дабрыні
У адрозненне ад нядаўняга серыяла «Задача трох целаў», дзе іншапланетны розум таксама ўспрымаўся часткай людзей як выратаванне ад чалавечай некампетэнтнасці, у «Pluribus» няма звыклага падзелу на «нашых» і «захопнікаў».

«Іншыя» ў Гілігана — гэта не каланізатары і не расісты, а паслядоўныя гуманісты і пацыфісты. Яны не могуць прычыніць ніякай шкоды жывой істоце: ні «адшчапенцам», ні насякомым, ні нават раслінам — у гэтым іх сіла і праклён.
Шчырыя і бяззлобныя, яны гінуць мільёнамі нават ад мінімальнай праявы агрэсіі ў свой бок.
Яны жывуць у шчаслівай камуністычнай утопіі, дзе кожны індывідуум — гэта частка аднаго цэлага, дзе няма гвалту і няроўнасці, дзе ўсе ўсім задаволены, дзе няма спажывання звыш неабходнага. Апусцелі вуліцы, крамы, рэстараны, музеі, згасла святло ў гарадах, звяры выпушчаны на волю, а ўсё неабходнае дастаўляецца зладжана і размяркоўваецца роўна.
Але фізічна «Яны» ўсё яшчэ застаюцца людзьмі. І менавіта за вяртанне іхняй індывідуальнасці, свайго звыклага паламанага, несправядлівага свету Стурка гатовая пазмагацца. Аднак супраць яе эгаістычных планаў паўстаюць бязмежная любоў і клопат «Іх».

Калектыўны розум гатовы выканаць любую просьбу: арганізаваць тэатр звыклага жыцця, каб стварыць ілюзію нармальнасці, падаць прэзідэнцкі лайнер, прывезці арыгінальны твор мастацтва з любога сховішча і нават даставіць баявую гранату.
«Мы» фізічна не могуць хлусіць, і гэта робіць дыялогі з імі сюррэалістычнымі. Стурка цынічна карыстаецца гэтым, каб зразумець, як павярнуць свет назад.
Персанальны рай
Нягледзячы на агульную рахманасць «Іншых», якая часам мяжуе з ідыятыяй, у іх ёсць магутная зброя — усёведнасць. Яны бачылі Кэрал тысячамі вачэй людзей, якія былі побач з ёй цягам усяго жыцця, у тым ліку вачыма каханай Хэлен. Яны ведаюць усе іх агульныя таямніцы. Яны здольныя стварыць для Кэрал персанальны рай і непераадольную спакусу.

Такой спакусай становіцца Зося (польская актрыса Караліна Выдра). Яе адмыслова дасылаюць з іншага канца свету першым жа рэйсам, каб яна стала суцяшэннем для Стуркі і правадніком да «Далучэння».
Дар «Іх» падступны: Зося ведае пра Кэрал усё, што ведала яе памерлая жонка — яе патаемныя жаданні, страхі, літаратурныя густы. Больш за тое, Зося — увасабленне літаратурнай мары Стуркі, копія гераіні, якую пісьменніца з меркаванняў лепшых продажаў калісьці была вымушаная замяніць у сваіх кнігах мужчынскім персанажам. У Зосю немагчыма не закахацца.

Кэрал адчувае ўнутраны супраціў такому нахабнаму ўварванню ў яе душу, у яе памяць і смутак, але «іхні» дар адпрэчыць не ў сілах.
Сатыра на «залаты мільярд»
Калі гераіня сустракаецца з іншымі «выжылымі» ў надзеі пераканаць іх прыдумаць, як усё выправіць, выяўляецца, што яна адзіная, хто не задаволены новым светам.

Тут на першы план у серыяле выходзіць тонкая сатыра на «залаты мільярд». Кэрал — адзіная з тых, каго не закранула «далучэнне», для каго англійская мова родная. Сярод адшчапенцаў няма навукоўцаў ці палітыкаў. Гэта простыя людзі з Глабальнага Поўдня, для многіх з якіх ранейшае жыццё было поўным нястачы.

Некаторыя найбольш жудасныя бакі «ператварэння» Стурка паступова выкрывае перад іншымі. Так, кожны індывід страчвае ўласную індывідуальнасць, але наўзамен набывае доступ да ведаў і ўспамінаў усіх астатніх людзей на Зямлі.
У гэтым свеце тваё біялагічнае дзіця адначасова з’яўляецца тваімі бацькамі, сужэнцамі, каханымі і нават гінеколагам. Але, падобна, гэта палохае толькі Кэрал.
Раптам высвятляецца, што за стары парадак, дзе пашпарт і колер скуры вызначалі лёс, трымаецца толькі прывілеяваная амерыканка. Астатнія ж з нецярпеннем чакаюць «далучэння», бо новы свет прапануе ім роўнасць, якой яны ніколі не мелі.

Праблема ваганеткі
«Pluribus» — гэта маштабны мысленны эксперымент у духу класічнай этычнай «праблемы ваганеткі». Заходняя культура прывучыла нас, што статус-кво — гэта святое, і любы іншапланетны ўплыў трэба адбіваць са зброяй у руках, нават не разбіраючыся ў дэталях.
Але Гіліган задае нязручнае пытанне: а ці варта ратаваць той свет, які мы ведаем?

Глядач ловіць сябе на думцы, што, магчыма, праўда зусім не на баку галоўнай гераіні. Калі Кэрал пераможа і верне ўсё як было — ці будзе яна шчаслівая, калі зноў убачыць у навінах рэпартаж пра вайну, голад, ксенафобію ці сустрэне бяздомнага на вуліцы?
Нават непрывабныя таямніцы «Іх», якія вылазяць на паверхню па ходу дзеяння (як, напрыклад, крыніца іх харчавання), не змяняюць гэтага фундаментальнага адчування. Кэрал хоча разбурыць рай для ўсіх. У гэтай справе яна знаходзіць нечаканага і яшчэ больш апантанага паплечніка, але барацьба пад канец сезона ідзе ўжо не столькі паміж знешнімі сіламі, колькі ўнутры самой Стуркі, якая кідаецца паміж узаемавыключальнымі выбарамі.
Мы ўсе — Кэрал Стурка
Абсалютную большасць часу ў серыяле мы застаемся сам-насам з Кэрал Стуркай. І ўсё, што яна думае і адчувае, мы можам счытваць з яе твару. Ігра Ры Сіхарн — гэта асобны від мастацтва. Яна амаль заўсёды адлюстроўвае агульную незадаволенасць, гідлівую пагарду, неўразуменне, гнеў, усеагульную стому і яшчэ бясконцы спектр эмоцый, якім цяжка падабраць слоўнае апісанне.

Кэрал — моцная і незалежная жанчына, якая перажывае жыццёвы і творчы крызіс і налягае на віно, каб заглушыць свае праблемы. Яна вынаходлівая, здагадлівая, імпульсіўная і вострая на язык.
Гераіню вельмі лёгка палюбіць, бо такі зацяты цынік жыве ў кожным з нас. У рэальным жыцці яго стрымліваюць сацыяльныя нормы, але сам-насам з сабой ці ў каментарыях у інтэрнэце мы даем яму волю.
Няспешны, прыгожы апакаліпсіс
«Pluribus» вылучаецца не толькі сваёй «няправільнай» гісторыяй канца свету, але і няспешным медытатыўным рытмам. У эпоху кароткіх кліпаў і насычаных экшнам блакбастараў такі тэмп можа здацца выпрабаваннем, але ён тут неабходны.
Серыял не зацягнуты — ён роўна такі, каб глядач мог фізічна адчуць адзіноту і пустату, у якой апынулася гераіня. Часам стваральнікі іранізуюць з гэтага: напрыклад, калі прымушаюць нас разам з Кэрал па 20 разоў за серыю праслухоўваць доўгую прамову на аўтаадказчыку.

Візуальны шэраг падкрэслівае гэтае смакаванне часу, які спыніўся. Аператарская праца ператварае банальныя рэчы — пакеты з малаком у смеццевым баку, цені ад жалюзі — у высокае мастацтва, якое нагадвае поп-арт Уорхала.
Мы бачым доўгія, геаметрычна вывераныя кадры апусцелых гарадоў і пейзажаў Нью-Мексіка, інтэр'еры раскошных, але нікому больш не патрэбных рэстаранаў і музеяў.
Стваральнікі быццам смакуюць прыгажосць свету ў пабудове сцэн, геаметрыі і колеры. Гэта не эстэтызацыя дзеля эстэтызацыі, а спроба паказаць свет такім, якім ён застанецца без нашай мітусні: велічным і абыякавым да чалавека.
Планы на будучыню
Поспех праекта пацверджаны: Apple TV+ заказаў другі сезон яшчэ падчас трансляцыі першага. Больш за тое, шоуранер Вінс Гіліган заяўляў, што ў яго распрацаваны план і ідэі прыкладна на чатыры сезоны. Ён адзначаў, што сюжэт прапісаны далёка наперад, каб пазбегнуць сітуацый, як у «Ва ўсе цяжкія» (калі сцэнарысты спачатку прыдумалі кулямёт у багажніку, а потым доўга не ведалі, як яго лагічна выкарыстаць).
Што стане рухавіком для будучых сезонаў, становіцца зразумела з фіналу першага.
Але серыял пакідае гледачоў у няпэўнасці: ці сапраўды мы хочам, каб Кэрал перамагла?
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары