Калі і куды лепш зноў падавацца на візу, калі ў шэнгене адмовілі
Крысціна Варапаева, кіраўніца турыстычнай кампаніі Lime Travel, заўважыла: чым бліжэй да зімы, тым больш адмоў у шэнгенскіх візах атрымліваюць беларусы. Але ці варта адчайвацца? Ці значыць гэта, што шэнген чалавеку больш не атрымаць? Гэтыя і іншыя пытанні «Люстэрка» задала візавай экспертцы Анастасіі Лысакоўскай.

Калі ў консульстве адной з краін ЕС адмовілі ў шэнгенскай візе, ці значыць гэта, што яе больш не дадуць?
«Не, адзін ці нават некалькі адмоўных адказаў не азначаюць пажыццёвы бан. Візавы кодэкс ЕС не ўтрымлівае падобных правілаў, — кажа Лысакоўская. — Рашэнне прымаецца кожны раз наноў па канкрэтным кейсе. Ёсць гісторыі, калі людзям адмаўлялі два-чатыры разы запар у розных консульствах, але на пятай спробе чалавек усё ж такі атрымліваў візу».
Па словах Анастасіі, негатыўны адказ не павінен выклікаць паніку. Правільней яго ўспрымаць як сігнал — нешта не так з абгрунтаваннем паездкі або дакументамі, якія чалавек сабраў для падачы. А значыць, недахопы варта выправіць.
«Ёсць цяпер і момант «рандому», гэта значыць сітуацыі, калі прычыны такога рашэння невытлумачальныя, — адзначае суразмоўца. — У маёй практыцы былі выпадкі, калі мужу адкрываюць візу, а жонцы — не. І гэта пры ідэнтычным пакеце дакументаў і сумеснай падачы. Ці дзецям ставяць шэнген, а аднаму з бацькоў адмаўляюць. Такіх прыкладаў у мяне шмат, іх прыроду растлумачыць складана».
Што рабіць, калі адмовілі ў шэнгенскай візе?
Тут Анастасія прапануе не панікаваць, а падзяліць дзеянні на тры крокі.
Першы — спакойна прачытаць бланк адмовы і азнаёміцца з прычынамі.
У спісе самых папулярных звычайна такія: недастатковае абгрунтаванне мэты паездкі (напрыклад, кепска распісаны маршрут, няма броні гатэля і гэтак далей); недахоп сродкаў; сумневы ў намеры пакінуць Шэнгенскую зону, то-бок падазрэнне ў іміграцыі; хлуслівыя даныя або падробленыя дакументы; адсутнасць страхоўкі або памылкі ў ёй; парушэнні падчас папярэдніх выездаў за мяжу (напрыклад, невыкананне тэрмінаў знаходжання, выкарыстанне візы не па прызначэнні).
Крок другі — крытычна паглядзець на свой пакет дакументаў і падумаць, што з імі не так.
«Перачытайце, ці зразумела вы прапісалі маршрут? Ці ёсць броні, квіткі, мерапрыемствы? Ці ў вас там абстрактнае «паездка да сяброўкі», адрас якой нават не пазначаны, — прыводзіць прыклад экспертка. — Звярніце ўвагу на выпіскі з банка: ці ёсць там рух грошай, ці мёртвыя 200 рублёў?»
Зыходзячы з гэтага аналізу, можна пераходзіць да трэцяга кроку і выбраць: ісці на апеляцыю ці падавацца наноў.
Што лепш: апеляцыя ці новая падача?
«Апеляцыя разглядаецца ў тым жа консульстве, — інструктуе Анастасія. — Аднак падаць яе магчыма не ва ўсіх. Напрыклад, нямецкае такія заявы ўжо не прымае. Тут ёсць толькі опцыя запісацца на падачу зноўку».
Пры гэтым візавая экспертка адзначае, што сярод тых, хто разглядае падобныя звароты, вылучаюцца Грэцыя і Польшча.
Зыходзячы са свайго досведу, суразмоўніца кажа, што не сустракала кейсаў з грэчаскага консульства, у якіх такая спроба нешта змяніла б. А ў выпадку з польскай, з яе слоў, станоўчых рашэнняў вельмі мала.
«Але, калі вы сапраўды збіраецеся ў Польшчу і ў вас ёсць дадатковыя дакументы, якія могуць паўплываць на рашэнне консула, тады аспрэчваць адмову варта, — лічыць Лысакоўская. — Я б парэкамендавала рабіць гэта і ў выпадку з Іспаніяй. Шмат прыкладаў, дзе пасля апеляцыі візу ўсё ж такі ставілі. Адзінае «але», што гэта консульства знаходзіцца ў Маскве, так што працэдура можа расцягнуцца на два-тры месяцы».
Калі чалавек не хоча займацца аспрэчваннем, то лепш падацца на новы шэнген. Пры гэтым, па словах эксперткі, візу дазволена запытваць як у дзяржавы, якая адмовіла, так і ў іншай.
«Тут важна выбраць, скажам так, правільную краіну, гэта значыць з больш лаяльным стаўленнем да адмоваў. Напрыклад, Італію», — кажа Анастасія.
Як хутка можна падавацца пасля адмовы?
Па словах эксперткі, падаваць дакументы можна хоць на наступны дзень. Час чакання нідзе не прапісаны. Аднак варта ўлічыць, што новае консульства ўбачыць у сістэме нядаўнюю адмову і яе падставу.
«Калі несці той жа слабы пакет, шанец атрымаць другое «не» вельмі высокі, — папярэджвае спецыялістка. — Таму перад тым як зноў падавацца, кейс варта ўзмацніць. Дапусцім, прыкласці больш моцныя фінансавыя доказы (паказаць рух па рахунку, стабільны даход, кантракт, даведкі па ІП/фірме), падаць падрабязныя дакументы па жыллі і маршруце (рэальныя броні, білеты, лагічны маршрут), даказаць сувязь з Беларуссю (прыкласці працоўную дамову, інфармацыю аб нерухомасці ў краіне, даведку з месца вучобы, пасведчанне аб шлюбе і нараджэнні дзяцей)».
Акрамя таго, Анастасія раіць скласці хадайніцтва консулу. У ім сумленна апісаць мэту паездкі і растлумачыць, чаму да гэтага адмовілі (напрыклад, было недастаткова дакументаў і грошай). А таксама прапісаць, што змянілася ў новым пакеце даведак і выпісак.
У якое консульства лепш ісці, калі ўжо адмовілі ў візе?
«Скажу шчыра, «лёгкіх» консульстваў для беларусаў больш няма. Ёсць крыху больш лаяльныя і крыху больш рандомныя, то-бок непрадказальныя, — расказвае Лысакоўская. — Калі гаворым пра станоўчую статыстыку выдачы, то лідар тут, вядома, Італія. Тыя, у каго ёсць нумар жывой чаргі або магчымасць туды трапіць, — шчасліўчыкі. Польшча ў цэлым таксама нядрэнны варыянт. Асабліва калі ў чалавека ёсць сябры ці сваякі, якія могуць зрабіць запрашэнне. Па гасцявой мэце паездкі добрая статыстыка і ў выдачы віз, і ў іх працягласці. Аднак запісацца на падачу такога шэнгена па-ранейшаму няпроста».
Спецыялістка не хавае: няма агульнай інструкцыі, дзе было б прапісана, у якое консульства лепш ісці ў выпадку адмоўнага рашэння па візе. Аднак, зыходзячы з вопыту працы, яны з калегамі вывелі свае негалосныя правілы:
- пасля адмовы Грэцыі вельмі высокая рызыка атрымаць тое ж самае ў пасольстве Іспаніі;
- Венгрыя неахвотна прымае дакументы пасля таго, як Польшча сказала «не»;
- Італія, як правіла, не глядзіць на візавыя рашэнні іншых краін і нават можа паставіць добры, то-бок доўгі, шэнген;
- Германія дакладна не ставіць аўтаматычнае «не» пасля адмоў у іншых пасольствах, але задаць па іх пытанні могуць.
«Трэба разумець, для чаго вам віза і куды вы накіроўваецеся. Калі, напрыклад, паездка ў Польшчу, а да гэтага вы атрымалі дзве адмовы — ад Грэцыі і Іспаніі, варта паспрабаваць падацца на польскі шэнген (тут важна прыкласці аплачаныя пацвярджэнні пражывання і праезду) альбо на італьянскую», — дзеліцца досведам суразмоўца.
Анастасія таксама не рэкамендуе выбіраць Грэцыю для атрымання шэнгена ў халодныя месяцы — з кастрычніка па красавік.
«У гэты перыяд мала шанцаў атрымаць тут шэнген. Чаму? Грэкі не вераць, што вы хочаце адпачываць у іх у зімовы час, — жартуе суразмоўца. — У гэтыя месяцы лепш звяртацца ў консульства Іспаніі або іншых краін».
Якія шанцы атрымаць новы шэнген пасля адмовы?
«Гэта цалкам рэальна, — падбадзёрвае Анастасія. — З майго досведу, практычна ўсе, хто спрабаваў пасля адмовы, атрымлівалі візы. Пытанне толькі ў выбары стратэгіі. Трэба разумець прычыны, узмацніць пакет дакументаў і выбраць правільную краіну для новай падачы».
«Паўгода чакання, мінус $1200 — і ніякай візы». Як беларусы зараз адкрываюць «шэнген»
Еўрасаюз не збіраецца адмяняць шматразовыя шэнгенскія візы для грамадзян Беларусі
Межы адкрываюцца. А што з візамі? Вось якія краіны іх выдаюць ахвотней
«Ліміт перавышаны». Візавы цэнтр Італіі аднавіў запіс па жывой чарзе
«Фатаграфуе пашпарт, а потым цябе самога». На мяжы Польшчы з Беларуссю тэстуюць новую сістэму ўезду
Каментары