Любчанскі замак больш за год аднаўляюць без праекта. Паспелі пабудаваць вежу і глухія сцены
Тое, што помнік архітэктуры нацыянальнага значэння ўзводзяць без зацверджанага праекта, высветлілася толькі пасля звароту актывістаў.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».
Актывісты звярнулі ўвагу на тое, што новыя збудаванні на тэрыторыі замка істотна адрозніваюцца ад таго, што было паказана на рэндарах узгодненага праекта.
За апошні час узведзены паўночная вежа з фігурным купалам і мураваная паўночна-заходняя сцяна, якая злучае яе з брамай-вежай. Акрамя таго, у поўную вышыню вымуравана паўночна-ўсходняя, «драўляная» вежа, і пачалі будаваць ад яе.

Паводле актывістаў, паўночная і ўсходняя сцены павінны былі быць паўпразрыстымі, жалюзійнымі, каб не разбураць візуальную сувязь замка з прыродным атачэннем і далінай Нёмана. Але замест гэтага з’явіліся глухія сцены з металічнага каркасу, закладзенага бярвеннем, а прапорцыі і дэталі вежаў далёкія ад гістарычных.

Каб высветліць, ці ўсё робіцца паводле праекта, актывісты звярнуліся ў Міністэрства культуры. У ведамстве адказалі, што працы па паўночна-заходняй сцяне і паўночнай вежы адпавядаюць узгодненаму праекту першай чаргі.

Аднак уся астатняя частка — другая чарга, гэта значыць сцены з боку Нёмана і «драўляная» вежа — нават не была пададзеная на ўзгадненне. Іншымі словамі, усё, што цяпер узведзена, не мае ніякага дачынення да навуковай рэстаўрацыі і робіцца па ініцыятыве ўласніка, паводле яго асабістых уяўленняў пра тое, якім мусіць быць замак.
У выніку Любчанскі замак паступова ператвараецца ў фантазію Івана Пячынскага. Нягледзячы на выяўленае парушэнне, актывісты апасаюцца, што ўзведзены «самапал» могуць легалізаваць, узгадніўшы тое, што набудаваў уласнік постфактум.

Рэстаўратары аднавілі капліцу ў сядзібе Агінскіх. Яе раскрытыкавалі за недакладнасці
Архітэктар назваў тое, што зрабілі ў Нясвіжы, «карным упарадкаваннем»
«Усё — хлусня і маніпуляцыі». Спецыялісты рэзка адказалі на істэрыю вакол рэканструкцыі Чырвонага касцёла
Новыя сцены і страчаныя маляўнічыя далягляды. Як выглядае Навагрудскі замак пасля рэканструкцыі
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары