Культура

Балючая гісторыя ад «Купалаўцаў» — пра пошукі ідэнтычнасці і прадчуванне вайны. Пабывалі на прэм'еры «Валізка»

«Вольныя Купалаўцы» прэзентавалі спектакль «Валізка» ў рэжысуры Аляксандра Гарцуева. Апошняй прэм'ерай у гэтым сезоне ад трупы стала драматычная гісторыя пра балючы пошук ідэнтычнасці і навязлівае прадчуванне вайны, якая дыхае нам у спіну.

Аляксандр Казела ў спектаклі «Валізка». Фота: «Наша Ніва»

Аповед у спектаклі будуецца вакол галоўнага героя Франсуа Жако, якога ўвасабляе акцёр Аляксандр Казела. Глядач даведваецца, што жыццё ў мужчыны няпростае — ён цяжка дыхае і не мае апоры.

Па волі маці ён гадуецца ў інфармацыйным голадзе датычна любых звестак пра бацьку: тая, ратуючы сына ад траўматычнай праўды пра тое, што тата загінуў у газавай камеры, сама таго не разумеючы, разбурае частку існасці Франсуа. Гадуецца чалавек, але з паловай сэрца, адным лёгкім і адным вокам. Ён адчувае сябе непаўнавартасным і, па сутнасці, такім і з’яўляецца — гэтая адсутнасць паловы апоры ў сабе ўплывае на ўсе сферы яго жыцця — на тыя ж стасункі з жонкай, якія трашчаць па швах.

Валявым націскам жонкі Франсуа вырашаецца выправіцца на пошукі адказаў на разбуральныя для яго пытанні. Ногі прыводзяць яго ў мясцовы музей катастрофы і знаёмяць з тамтэйшым гідам, ролю якога выконвае Зоя Белахвосцік. У актрысы выдатна атрымалася перадаць магчымыя псіхічныя наступствы нават проста ад працы з цяжкімі тэмамі. Само штодзённае знаходжанне ў месцы са страшнымі экспанатамі настолькі невыноснае для яе, што яна вар’яцее і збіраецца звальняцца.

Па ходу аповеду глядач даведваецца, што рэчы, якія захоўваюцца ў музеі, належаць загінулым у канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц. Найбольш там валізак, у якія людзі складвалі з сабой у дарогу самыя каштоўныя рэчы — цэлы сусвет. Праўда, тыя ім так і не спатрэбіліся.

Зоя Белахвосцік і Аляксандр Казела. Фота: «Наша Ніва»

Для гіда невыносна не толькі само знаходжанне сярод рэчаў-сведак чалавечых трагедый, але і факт, што гэта нікога анічому не вучыць. Зоя Белахвосцік ад імя свайго персанажа агучвае заманлівую ідэю: мабыць, спаліць музей катастрофы датла, усё забудзецца, даруецца і тады зажывём? Але цень Франсуа служыць жывым прыкладам таго, якім можа стаць чалавек нават без часткі мінулага, без памяці.

Адначасова гумарная і меланхалічная партыя выпала ў спектаклі акцёру Змітру Есяневічу. Ён — паэт, пясняр сучаснасці, але раскрыць да канца свой талент не можа. Прычына можа хавацца ў расфакусаванасці — настроіць свой фокус ён змог бы толькі на роднай зямлі, у любімай краіне.

Купалаўцы абяцалі блізкі беларусам матэрыял, нягледзячы на тое, што абралі для новай пастаноўкі матэрыял польскай аўтаркі Малгажаты Сікорскай-Мішчук (між іншым, адной з найбольш выбітных прадстаўніц сучаснай польскай драматургіі). Сваё абяцанне творцы стрымалі. Нават не ведаючы першакрыніцы і не чытаючы анатацыі, бачачы адну толькі назву — «Валізка», ты ўжо ідзеш у тэатр з разуменнем, што на сцэне перад табой расхінуць чамадан з успамінамі. У кожнага яны будуць свае — пра эміграцыю, рэчы, якія кінулі ў адзін заплечнік, пра скамячаныя на дне беларускія рублі з прывітаннем з мінулага. У нашых валізках — сапраўды цэлы свет.

Вядома, у спектаклі найперш вымалёўваюцца страшныя вобразы з Другой сусветнай вайны і валізкі там — рэчы загінулых у фашысцкіх лагерах. Але на сённяшняй мапе свету войны зноў грукаюцца ў дзверы з розных бакоў. Мінулае не вучыць — з болем прамаўляецца і паўтараецца са сцэны.

Гэта гісторыя пра чалавека, які быў траўмаваны хлуснёй, недахопам інфармацыі і праўды. Як паказвае практыка, часам эфект тут можа быць горшым за наўпроставае сутыкненне з шокавай падзеяй. І як бы ні хацелася абстрагавацца ад мінулага ці навін, без гэтага мы ўжо будзем не цалкам сабой.

У канцы Франсуа пацвярджае гэта. «Я ёсць, я тут», — з гонарам і моцай агучвае ён. Ён зноў — поўны, а не паловісты, дзякуючы знойдзенай у музеі катастрофы інфармацыі пра свайго бацьку. Яна аказалася страшнай, але невядомасць была страшнейшай, без яе грунт пад нагамі размываўся.

Актрыса Валянціна Гарцуева, якая сыграла маці Франсуа, а таксама ролю Жаклін, расказала «Нашай Ніве», што для яе гэты твор як лекаванне. «Для мяне сам спектакль яшчэ і пра прыняцце. Здаецца, большасці беларусаў хоць раз на момант хацелася выціснуць з памяці негатыўныя ўспаміны, наш калектыўны жахлівы досвед. Але ж з багажу такога досведу вызначаецца чалавек, і спектакль для мяне менавіта пра гэта — як не згубіць сваёй часткі, сваёй асобы ў працэсе пошуку лепшага жыцця, лёгкага і спакойнага. Як прыняць нават тое, куды мы баімся глядзець».

Аповед гэтай гісторыі сапраўды цягнецца роўна, у нечым — медытатыўна. Таму ўсім, хто хоча падлячыць свае душы, варта праверыць наяўнасць квіткоў на паказы ў Варшаве 25 і 26 чэрвеня. Чарговая такая магчымасць з’явіцца ўжо ў новым сезоне.

Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядома, хто лётаў на Шры-Ланку разам з Анжалікай Мельнікавай і яе агентам9

Стала вядома, хто лётаў на Шры-Ланку разам з Анжалікай Мельнікавай і яе агентам

Усе навіны →
Усе навіны

Ваенга, Лазараў і Аверын. На чые выступленні на «Славянскім базары» ўжо раскупілі квіткі13

У Польшчы завялі справу аб ненаўмысным забойстве пасля гібелі актывіста Каспяровіча2

Пратэстоўцы прымусілі Безаса перанесці вяселле далей ад цэнтра Венецыі3

Краўцоў прымусіў Кучынскага апраўдвацца за недасканалую санкцыйную палітыку Еўрасаюза36

Пяць гадоў таму арыштавалі Ігара Лосіка2

МЗС: Беларусь гатова да канструктыўнага супрацоўніцтва з ЗША1

«Мама плакала тры дні, а тата не размаўляў год». Казашка выйшла замуж за беларуса — і сутыкнулася з хэйтам38

У Беларусі з'явіцца новы кароткі нумар — 1335

Еўрапейцы будуць угаворваць Трампа прадаць Украіне зброю6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, хто лётаў на Шры-Ланку разам з Анжалікай Мельнікавай і яе агентам9

Стала вядома, хто лётаў на Шры-Ланку разам з Анжалікай Мельнікавай і яе агентам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць