Украінскае Міністэрства замежных спраў паведаміла на запыт выдання Liga.net, што дыпламатычная місія ў Мінску працягвае працаваць, каб знізіць рызыку далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну на баку Расіі, а таксама дапамагаць грамадзянам Украіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

Сярод галоўных задач пасольства Украіны — консульская дапамога і абарона ўкраінцаў, садзейнічанне вяртанню незаконна вывезеных дзяцей з акупаваных тэрыторый, а таксама праца з іншымі замежнымі дыпламатычнымі місіямі адносна парушэнняў Расіяй міжнароднага гуманітарнага права і ўдзелу Беларусі ў гэтых дзеяннях.
Ва ўкраінскім МЗС адзначылі, што пасольства дзейнічае ў складаных умовах — на фоне збліжэння Мінска і Масквы ў рамках «Саюзнай дзяржавы» і актыўнага вайскова-тэхнічнага, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва паміж імі.
Пры гэтым вайсковы аташэ Украіны ў Беларусі цяпер не працуе.
Акрамя таго, ведамства паведаміла Liga.net, што па неафіцыйнай інфармацыі ў Беларусі цяпер знаходзіцца каля 200 тысяч украінскіх грамадзян, але на консульскім уліку — толькі каля 7 тысяч. З пачатку года да сярэдзіны верасня пасольства пералічыла ў бюджэт Украіны каля 110 тысяч даляраў за консульскія паслугі.
Каментары