Грамадства1111

Пратэжэ лукашэнкаўскага фаварыта Баскава будуе акадэмію ў Бразіліі і Нью-Васюкі сусветнага маштабу

Кіраўніку кампаніі BlockChain Sports Дзмітрыю Саксонаву, які летась абаяў сенатара Баскава і замахнуўся на «Шантэр Хіл» Шакуціна, не ўдалося абзавесціся сапраўднымі інвестарамі і ператварыць піяр у бізнэс. Замест гэтага ён вярнуўся да аперацый, падобных да тых, за якія ўжо быў судзімы, але з захапляльным выкарастаннем штучнага інтэлекту.

Дзмітрый Саксонаў, 2024 год. Фота: БелТА

У канцы 2024 года «Наша Ніва» апісвала жыццёвую дарогу новай і нечаканай зоркі беларускіх дзяржаўных СМІ — Дзмітрыя Саксонава, айцішніка, рэжысёра, дэвелапера, спартоўца, візіянера і іншае, які летась прывозіў у Мінск футбольных зорак, генераваў мульцікі і арганізоўваў дрыфт-шоу. 

Чытайце таксама: Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Сёння мы ўжо можам сказаць, з якой рэальнай мэтай летам 2024-га Дзмітрый Саксонаў пры ўсебаковай падтрымцы фаварыта Лукашэнкі Дзмітрыя Баскава ставіў Мінск на дыбы. 

Практычным вынікам стала тое, што Саксонаў і яго неіснуючы юрыдычна «холдынг» BlockChain Sports займелі публічны вобраз, пачалі гугліцца і індэксавацца штучным інтэлектам. 

Дзмітрый Саксонаў, 2017 год. Фота з базаў МУС

Калі б не тая публікацыя «Нашай Нівы» і яе цытаванне ў профільных англамоўных выданнях, то ChatGPT i Gemini малявалі б Саксонаву і ягоным пачынанням выключна пазітытыўныя партрэты.

І тады, магчыма, яму б удалося больш. Бо ў справе, якой ён заняўся, інтэрнэт-рэпутацыя — крытычна важная.

Дзмітрый Саксонаў, які ў Беларусі быў судзімы за махлярства, імаверна, ад пачатку разлічваў не на беларусаў, а на замежную аўдыторыю. Перадусім на расіян і японцаў. 

Цяпер мы ведаем, як выглядае ўся шматпавярховая канструкцыя, якую ён выбудаваў. 

Што абяцаў Дзмітрый Самсонаў: футбольная акадэмія ў Бразіліі

Спачатку дамо ацэнку таго, што абяцаў Дзмітрый Саксонаў год таму і што ёсць цяпер. 

На чым мелася зарабляць ягоная платформа BlockChain Sports? Што гэта ўвогуле такое? 

Калі коратка, то нібыта ў людзей па ўсім свеце ёсць запыт на тое, каб больш актыўна ўдзельнічаць у лёсах спартоўцаў і інвеставаць у іх, абыходзячы клубную іерархію. І нешта таксама зарабляць на талентах. 

Саксонаў узяўся дапамагчы. Маючы ў планах ахапіць усе віды спорту, пачаў ён з футбола ў Бразіліі. 

Фота: engajacomunicacao.com.br

«Я купіў больш за сем гектараў зямлі ў Бразіліі, каб пабудаваць футбольную акадэмію Blockchain Sports і даць таленавітым футбалістам Лацінскай Амерыкі шанс […]», — пісаў ён у сваім Linkedin, абяцаючы 46 мільёнаў еўра інвестыцый у праект. 

Сотні (потым — тысячы) бразільскіх дзяцей, абвешаныя датчыкамі беларускага стартапа Teslasuit (ён даўно прагарэў), павінны былі трэніравацца на шыкоўнай базе пасярод глухой бразільскай правінцыі, у горадзе Акапіяра, з якога да бліжэйшага міжнароднага аэрапорта — 7 гадзін па разбітых дарогах, а іх даныя (колькасць прабеганага, выніковасць) меліся заносіцца ў базу, даступную для карыстальнікаў BlockChain Sports. 

Гіганцкі крыты стадыён плюс некалькі маленькіх, хмарачос, віп-гатэль, басейн, інтэрнаты для студэнтаў, вадаспады пасярод засушлівай бразільскай саваны. І ўсё на грошы беларускага «мільянера»

І карыстальнікі, абапіраючыся на даныя, маглі б самі, без скаўтаў і агентаў, ідэнтыфікоўваць перспектыўных гульцоў і… купляць іх лічбавыя вобразы! Якія, калі дзеці стануць зоркамі, можна будзе дорага прадаць. 

Дык што там з абяцанай у 2025-м здачай «футбольнай Акадэміі BlockChain Sports» у Акапіяры? 

Паводле публікацыі ад 15 студзеня 2025-га на сайце мясцовага самакіравання Акапіяры, у 2025 годзе сапраўды будзе пабудавана новае футбольнае поле са штучным пакрыццём, раздзявальняй, туалетам і ліхтарамі.

«Праект рэалізуецца ў рамках праграмы «Арэнінья» і партнёрства паміж мэрыяй горада Акапіяра і ўрадам штата Сеара. […] Пасля адкрыцця аб'ект пяройдзе ў кіраванне муніцыпалітэта. […] Праграма «Арэнінья» — гэта найбуйнейшая спартовая ініцыятыва па ўсёй краіне, аб'екты рэалізаваныя ўжо ў 184 муніцыпалітэтах Сеары. Чакаецца, што да канца 2026 года ў штаце будзе функцыянаваць 600 «Арэніньяў», — гаворыцца ў анонсе.

Фота праекта, якім афіцыйны сайт суправадзіў навіну, супадае з выглядам будаўніцтва, якое Саксонаў называў сваім праектам. 

Разам з гэтым, 21 студзеня выйшла пастанова самакіравання, згодна з якой новы стадыён будзе названы ў гонар мясцовага мецэната Жасінты Алвіса Тэйшэйры, чые дзеці ахвяравалі пад праект зямлю. 

Такім чынам, фіксуем першы пункт: ніякай футбольнай акадэміі ў Бразіліі на гэты момант не існуе. Дзясяткі ролікаў з дзецьмі ў рэкламных майках — рэальны актыў Саксонава ў Бразіліі.

Дзеці трэніруюцца на суседнім стадыёне, пабудаваным у снежні 2023-га ў рамках такой жа самай праграмы. 

«Я даўно знаёмы з Дзмітрыем Саксонавым і падтрымліваю многія яго ініцыятывы. Не мог адмовіць у супрацоўніцтве, начуты пра праект у Бразіліі», — цытата сенатара Дзмітрыя Баскава, які сядзіць пад рэкламкай BlockChain Sports. Фота: БелТА

Іншае абяцанне Саксонава: беспілотны дрыфцінг у Саудаўскай Аравіі

З іншымі спартовымі праектамі, кшталту спаборніцтваў па беспілотным дрыфцінгу ў Саўдаўскай Аравіі, у Японіі і гэтак далей таксама ўсё няясна — ютуб-канал перастаў абнаўляцца

Такім чынам, адкуль брацца інфармацыі, якая б папаўняла базу даных спартоўцаў запланаванай ІТ-платформы?

Усё проста. Гэтай платформы таксама не існуе.

Яе немагчыма спампаваць, ёй немагчыма карыстацца. Яе падмяняе кіслотны вэб-сайт, які ўжо год абяцае, што «усё хутка будзе». 

Але адна рэч ва ўсім гэтым праекце ўсё ж ужо рэальная — гэта магчымасць аддаваць Саксонаву грошы. 

Запланавана, што аплочваць дзеянні, купляць картачкі, галасаваць і гэтак далей на неіснуючай платформе BlockChain Sports можна будзе токенамі — скажам так, крыптавалютай. Не якой-небудзь іншай, а сваёй уласнай, якую назвалі $ATLA.

Крыптавалюта $ATLA і яе лёс 

$ATLA не таргуецца ні на якой біржы, але Саксонаў і ягоныя партнёры з Расіі абяцаюць, што стане таргавацца ў хуткім часе.

І токен для разлікаў у праектах такой паважанай і вялікай кіберкарпарацыі, безумоўна, атрымае і рэальную ацэнку брокераў у цвёрдых фіятных валютах. 

Пад гэтую справу былі створаныя тэлеграм-чаты, арыентаваныя на замежнікаў, у якіх — шляхам масавага дадавання карыстальнікаў — Саксонаў з кампаніяй сталі пераконваць шчаслівых выпадковых інвестараў купіць токены толькі цяпер па $0,25 за штуку.

Толькі для ўдзельнікаў чата (у арыгінале — «фінальнага прыватнага раўнда») — зніжкі, якія хутка знікнуць. Такая цана толькі цяпер, а вось калі токен размесцяць на біржы, ён стане каштаваць шматкроць болей. Паспейце купіць па нізкай цане і зарабіць у наступным. 

А больш купіце — большую дамо зніжку. Прывядзеце сябра — таксама зніжка.

Для фіксацыі ўгоды чалавеку дасылалася дамова, якая ёсць у распараджэнні «Нашай Нівы». Там згадваюцца адразу дзве кампаніі: Atleta Network LTD і Otonom Ltd з прапіскай на Вірджынскіх астравах. Невядома, ці існуюць яны ў прынцыпе, таму што аплату трэба рабіць не на іх банкаўскі рахунак, а на крыптакашалёк.

На гэты момант токен так і не размясціла ніводная біржа, а сайты папярэдняй ацэнкі ацэньваюць рынкавую цану токена $ATLETA у нуль даляраў у сёмай ступені, а таксама пазначаюць яго як «пастку, з якой вы ніколі не вернеце свае грошы».

Зрэшты, у пісаным па-англійску з памылкамі SAFT-кантракце (Simple Agreement for Future Tokens), які дасылае кліентам Саксонаў, намякаецца на тое ж самае: кампанія не гарантуе запуску токена, не вяртае грошай ні пры якіх абставінах, а нават калі ён і выйдзе, то вам «залічаць» толькі 10% ад купленага, а астатняе — цягам 18 месяцаў. 

Фрагмент кантракта. Кампанія прызнае, што ўзамен на грошы вы атрымаеце нічога

Шчаслівымі ўладальнікамі токена задэкларавалі сябе прынамсі 83 чалавекі. 

Нягледзячы на актыўныя зачысткі чата японскіх інвестараў, там прабіваліся крытычныя каментары. «Наша Ніва» знаходзілася ў гэтым чаце. Вось прыклад. 

«ayumu kishimoto, [2 чэрвеня 2025, 03:42:54]:

Калі будзе лістынг на Bybit?

Mika Kobayashi, [2 чэрвеня 2025, 07:56:27]:

Ці плануецца лістынг на іншых біржах?

OMMC, [2 чэрвеня 2025, 11:46:17]:

Калі будзе запушчаны mainnet (асноўная сетка)?»

З адміністратарскага акаўнта ім адказвалі, што перамовы ўсё яшчэ вядуцца «з мэтай найбольш выгадных для інвестараў умоваў», усё ўжо ў завяршальнай стадыі.

«Гэта амаль той жа адказ, што і паўгода таму. Ізноў — ніводнай канкрэтнай лічбы. Вельмі «ўражвае», «Чаму вы не публікуеце фінансавых справаздач? Чаму не падаяце заявак на ліцэнзію ў фінансавае ўпраўленне Японіі?», «Біядабаўкі падзейнічаюць хутчэй, чым можна будзе вывесці грошы з гэтай платформы»,— абураліся японцы ў чаце.

«Мы разумеем вашы хваляванні і ўдзячныя за праяўленую ўвагу да праекта. Просім паставіцца з разуменнем і набрацца цярпення. Наша каманда працуе з поўнай аддачай, каб прынесці вынік. Гэты шлях не з простых — на ім шмат перашкод», — адказвалі ім. 

Нарэшце, на мінулым тыдні, пасля паўгода збору грошай, чат для перспектыўных інвестараў закрыўся ў аднабаковым парадку: «Мы шчаслівы абвесціць, што прыватны раўнд паспяхова завершаны! Ваш інтарэс зрабіў нас мацнейшымі і натхніў рухацца далей! […] Дзякуй усім за удзел і актыўнасць!».

Пра лістынг токена нічога невядома. Куды цяпер пісаць інвестарам — невядома. 

«Атам Майнінг» і «вытворчасць майнінгавага абсталявання»

Паралельна з японскай гісторыяй у Саксонава пытаюцца «дзе грошы?» і расійскія інвестары. Яны сунулі грошы ў іншую гісторыю. 

Саксонаў быў у Беларусі заснавальнікам ТАА «Атам Майнінг» (у працэдуры банкруцтва з 23.01.2025), якая прэзентавала сябе як «найбуйнейшы сертыфікаваны вытворца майнінгавага абсталявання ў Беларусі». 

На рэкламным відэа ў ютубе сертыфікат, якім ганарыцца тэхналагічная кампанія — пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі дэзынфікуючага мыючага сродку «Амасепцін» 

Быццам бы ў іх «майнінг-гатэлі» ў Мінску па праспекце Пераможцаў 106-16 (цяпер там знаходзіцца студыя дызайну) ёсць абсталяванне для майнінгу — яны могуць кожнаму паказаць, як яно працуе, і прадаць. Потым ідэя трансфарміравалася, сайт atommining.by перастаў працаваць. 

З'явілася аналагічная юрыдычная асоба ў Расіі (ТАА «Атаммайнінг»), якая ўжо пад новым брэндам «ЛіквідМайнінг» стала аказваць паслугі па здачы ў арэнду абсталявання для майнінгу токенаў. Толькі не сапраўднай арэнды, а віртуальнай. 

Зноў жа, у нейкім дата-цэнтры быццам бы стаяць відэакарты.

Інвестар пераводзіць грошы «на электраэнергію», у той час як ягоныя віртуальныя арандаваныя магутнасці самі недзе там майняць крыптавалюту.

Яе можна зняць? Не, нельга. Ліквідныя біткойны гэтыя рабяты не майняць, таму што яго «мала засталося» і «гэта дорага», замест гэтага «аналітыкі» кампаніі абіраюць токены, якія яшчэ не выйшлі на рынак, адпаведна, лепш іх майніць цяпер, пакуль не выйшлі на лістынг і не падаражэлі. 

«Самая смачная манета», канечне ж — «гэта $ATLETA». Тыя ж яйкі, толькі ў профіль. 

Ці ўдалося каму на гэтым зарабіць? Пытанне рытарычнае. У чаце расійскіх інвестараў падымаюцца тыя ж самыя пытанні, што і ў японскім: калі будуць грошы? 

«Я туды больш не інвестую, я нічога не вярнуў. Яны гэта нічым не тлумачаць, проста цішыня», — расказаў «Нашай Ніве» адзін з інвестараў-расіян, удзельнікаў чата.

Адміністратар чата — Кацярына Жыгулова — замест адказаў на пытанні прапануе інвестарам лепш задумацца пра інвестыцыі ў іншую перспектыўную платформу Саксонава, LightView.

Што гэта за платформа? Памятаеце мульцік «Белавежская пушча», зроблены студыяй «Артэкі» з выкарыстаннем штучнага інтэлекту на грошы Мінкульта?

Фота: БелТА

Сэнс новага інвест-праекта ў тым, каб разам збіраць грошы на падобныя згенераваныя Luma AI мультфільмы, якія ў наступным быццам бы стрэляць у пракаце. А грошы пасля падзеляць на ўсіх, у залежнасці ад таго, хто колькі інвеставаў.

Падпіска на Luma AI, з дапамогай якога ўсё і робіцца, каштуе 100 даляраў на месяц + экстра за працягласць. А Саксонаву трэба 2,6 мільёна рублёў. Скрыншот: lightview.by/investments

«Тое, што мы робім, адсутнічала ў прававым полі як паняцце. Калі мы кажам пра карпаратыўныя займы, фінансаванне праектаў, звязаных са стварэннем анімацыйнага кантэнту, шляхам прыцягнення сродкаў вялікай колькасці рознічных інвестараў — фізічных асобаў, — дзяржава на гэта глядзіць вельмі-вельмі ўважліва. Платформа будзе выкарыстоўвацца для атрымання як фіксаванага, так і пераменнага даходу вялікай колькасцю асоб, мы самі распрацоўваем нарматыўна-прававыя акты», — сцвярджаў прадстаўнік каманды Саксонава на адным з інвестарскіх сазвонаў. 

Усё гэта — і лічбавыя вобразы будучых бразільскіх Неймараў, і ШІ-мультыкі — вельмі нагадваюць Нью-Васюкі ХХІ стагоддзя.

Жыгулова, расказваючы пра тое, што «Саксонава прызнаў Лукашэнка, дазволіўшы яму адкрыць цэнтр распрацоўкі штучнага інтэлекту», заклікае патэнцыйных інвестараў на сазвонах будаваць класічную пірамідальную структуру: прыводзьце сяброў — атрымлівайце іх грошы. Інвестарам дасылаюць спасылкі на рэпартажы АНТ, БТ, БелТА і гэтак далей.

Дык колькі зарабілі?

Ацаніць, колькі грошай легкаверныя шукальнікі імгненнага заробку занеслі Саксонаву і кампаніі ўнёскамі ў крыптавалюце — немагчыма. 

Але мы бачым афіцыйныя фінансавыя даныя адзінай па-сапраўднаму існуючай кампаніі, у якой Саксонаў бенефіцыяр. 

Гэта кампанія «Ікс Лабс Інк», рэзідэнт ПВТ. Тая самая, чыя супрацоўнікі масава скардзіліся на шматмесячныя нявыплаты заробкаў. У справу ў выніку ўмяшалася пракуратура.

«Ікс Лабс Інк» на 100% належыць расійскаму ТАА «Атам Майнінг», у якім 60% належыць грамадзяніну Беларусі Дзмітрыю Саксонаву. 

«Ікс Лабс Інк» на сваім сайце не паказвае ніводнага са сваіх ІТ-прадуктаў, але дэкларуе, што займаецца распрацоўкай. 

Цяпер з кампаніі праз суд патрабуюць грошы кейтары за арганізацыю харчавання, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за нясплочаныя падаткі, рэкламшчыкі за неаплачаныя паслугі па піяры. 

Фота: скрыншот сістэмы Legat.by

Але фінансавыя паказчыкі «Ікс Лабс Інк» па-сапраўднаму неардынарныя. 

Выручка кампаніі, якая нічога не вырабляе, за 2024 год — 56,48 мільёна беларускіх рублёй. 

Гэта, напрыклад, супадае з абаротам старажылаў беларускага ІТ: «Ай Бі Эй Беларусь» за той жа год зрабіла 56,19 мільёна рублёў выручкі (563 супрацоўнікі ў штаце), «Софтклуб» — 55,6 мільёна (380 супрацоўнікаў у штаце), «Сістэмныя тэхналогіі» — 45 мільёнаў. 

Ніводны з гэтых сур'ёзных беларускіх гульцоў не можа пахваліцца 83%-ай рэнтабельнасцю продажаў, як у «Ікс Лабс Інка». 

Як і структура руху грашовых сродкаў у гэтых кампаній троху адрознівацца. Так, пры адлюстраванай выручцы у 56,48 мільёна рублёў, толькі 39,8 мільёна праходзяць па графе «паступленні ад пакупнікоў» («Наша Ніва» мае доступ да бухгалтэрыі кампаніі). 

44,2 мільёна рублёў праходзяць па графе «іншыя паступленні», якія ўключаюць у сябе, у тым ліку, і сродкі, на якія кампанія не мае ўласнасці.

Агулам жа з рахункаў маладой кампаніі за 2024 год сышло 93 мільёны беларускіх рублёў.

Адным словам, не паглыбляючыся ў бухгалтарскія тонкасці, можна выказаць здагадку, што пад выглядам распрацоўшчыка пад ільготным парасонам ПВТ хаваецца кампанія па шэрым абнаяўліванні крыптавалюты.

Такое ж меркаванне выказалі і апытаныя «Нашай Нівай» фінансісты.

У расійскай кампаніі «Атам Майнінг», якой належыць «Ікс Лабс Інк», увогуле спрошчаная справаздачнасць, па якой складана сказаць, чым займаецца кампанія — яна не здае поўных бухгалтарскіх даных. 

Затое, ужо ёсць першыя згадкі ў расійскіх СМІ: арбітражны суд Ніжагародскай вобласці абавязаў «Атам Майнінг» вярнуць вырабніку электралічыльнікаў «Сі-Арт» 20 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 255 тысяч даляраў).

«Бакі заключылі дамову аб аказанні паслуг па распрацоўцы камп’ютарнага праграмнага забеспячэння, і кампанія «Атам Майнінг» узяла на сябе абавязацельствы па тэставанні «сістэмы прадказальнага аналізу пікавых нагрузак спажывання электраэнергіі і аналізу адмоваў абсталявання ў прамысловых электрасетках на аснове нейрасеткі з выкарыстаннем машыннага навучання (ML)».

Заказчык і выканаўца ўзгаднілі пералік работ і паслуг. Кампанія «Сі-Арт» да 28 красавіка 2024 года пералічыла выканаўцу перадаплату, але 13 мая высветлілася, што «Атам Майнінг» нават не пачаў тэставання. «Сі-Арт» накіраваў прэтэнзію з патрабаваннем вярнуць усе грошы.

«Атам Майнінг» прапанаваў вярнуць толькі частку сумы. У дамове быў пункт, згодна з якім, у выпадку адмовы заказчыка ад выканання работ, той павінен кампенсаваць выканаўцу страты. «Сі-Арт» не пагадзіўся з такой трактоўкай, скасаваў дамову і падаў пазоў у суд», — гаворыцца ў пераказе справы ад аднаго з нішавых СМІ. 

Такі вось прамежкавы фінал беларускага ката ў ботах. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • пан Гулува
    20.06.2025
    вы разьмясьцілі іхныя рылы з тэкстамі на 123 мб ))
  • .
    20.06.2025
    Если образуется стойкая и четкая связь между режимом в лице Баскова и этим жульем, это будет очередным осиновым колом в тело Луки.
  • Астап Вінцукавіч
    20.06.2025
    Годны кандыдат у асацыяцыю самай прыгожай пары дэмакратычных сілаў Беларусі АББА.
    Запрасіць на нэтваркінг па Эўропе ад Офіса Ціханоўскай, прызначыць мэнтарам Зарэцкую і для паляпшэння інтэрнэт-рэпутацыі ўзнагародзіць медалём ад Пераходнага Кабінета!

Цяпер чытаюць

У 55 гадоў памёр стваральнік брэнду Serge Сяргей Атрошчанка10

У 55 гадоў памёр стваральнік брэнду Serge Сяргей Атрошчанка

Усе навіны →
Усе навіны

На электробусах МАЗ пачнуць ставіць алказамкі. Што гэта такое?3

У Свята-Елісавецінскі манастыр прыйшлі з праверкамі6

Урад бярэ пад узмоцнены кантроль цэны на мяса, малако і кандытарскія вырабы6

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана24

У акупаваным Крыме зноў прадаюць знакамітую «Масандру»3

Кіраўніца расійскага Цэнтрабанка заявіла пра вычарпанне апошніх рэсурсаў росту расійскай эканомікі16

Ва Украіне прызначылі новага камандуючага Сухапутнымі войскамі2

З'явіўся ўказ, які дазваляе прыватызаваць арэнднае жыллё1

Іран і ЗША непублічна вялі прамыя перамовы пасля ўдараў Ізраіля

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У 55 гадоў памёр стваральнік брэнду Serge Сяргей Атрошчанка10

У 55 гадоў памёр стваральнік брэнду Serge Сяргей Атрошчанка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць