Свет

Чаму Трамп прапанаваў правесці перамовы з Пуціным у Саудаўскай Аравіі

Калі на мінулым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго перамовы з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным аб спыненні канфлікту ва Украіне могуць адбыцца ў Саудаўскай Аравіі, многія задаліся пытаннем, чаму ён выбраў менавіта гэтую краіну, піша Бі-бі-сі.

Мост Вадзі Лебан, Эр-Рыядзе. Фота: Wikimedia Commons

Заява Трампа прагучала ўсяго праз некалькі гадзін пасля таго, як ён правёў асобныя тэлефонныя размовы з Пуціным і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Трамп не ўдакладніў дату сустрэчы, але згадаў, што яна можа адбыцца ў найбліжэйшай будучыні і ў ёй нават можа ўзяць удзел спадчынны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед бін Салман.

У МЗС Саудаўскай Аравіі адказалі, што высока ацэньваюць размову паміж Пуціным і Трампам, вітаюць прапанову аб правядзенні саміта ў каралеўстве, а таксама пацвярджаюць «свае пастаянныя намаганні па дасягненні міру паміж Расіяй і Украінай».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля размовы Трампа з Пуціным заявіў, што Украіна не прыме ніякіх пагадненняў, заключаных паміж Масквой і Вашынгтонам без удзелу Кіева.

Нейтральная пляцоўка

Як паведамлялася, пляцоўку для правядзення сустрэчы Трампа і Пуціна прапаноўвалі, у прыватнасці, такія краіны, як Кітай і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ).

«Саудаўская Аравія — лагічны выбар для сустрэчы Трампа і Пуціна, бо яна з'яўляецца нейтральнай пляцоўкай», — лічыць Пол Салем, віцэ-прэзідэнт Інстытута Блізкага Усходу ў Вашынгтоне.

Салем адзначае, што правядзенне сустрэчы ў еўрапейскай краіне немагчыма з-за цвёрдай пазіцыі Еўропы па вайне ва Украіне.

«Традыцыйна для такіх самітаў выбіраліся нейтральныя месцы, напрыклад, Жэнева. Аднак пагаршэнне адносін Расіі са Швейцарыяй і іншымі еўрапейскімі краінамі, верагодна, прывяло да такога альтэрнатыўнага выбару», — кажа прафесар міжнародных адносін доктар Хатар Абу Дзіб.

Ён падкрэслівае, што Саудаўская Аравія змагла выбудаваць даверлівыя адносіны з Пуціным, а таксама не прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, які ў 2023 годзе выдаў ордар на арышт расійскага лідара, абвінаваціўшы яго ў ваенных злачынствах ва Украіне. Пуцін можа свабодна наведваць Саудаўскую Аравію, не рызыкуючы быць арыштаваным.

Роля пасярэдніка

Саудаўская Аравія выступае як пасярэдніца пры абмене палоннымі паміж Расіяй і Украінай, што дапамагло ёй заваяваць давер абодвух бакоў.

Падчас нядаўняга абмену вязнямі, таксама арганізаванага пры пасярэдніцтве Эр-Рыяда, Расія вызваліла амерыканскага настаўніка Марка Фогеля.

Паводле спецпрадстаўніка ЗША па Блізкім Усходзе Стыва Уіткафа, ключавую ролю ў вызваленні Фогеля, які знаходзіўся ў зняволенні больш за тры гады, адыграў спадчынны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед бін Салман.

Саудаўская Аравія неаднаразова прымала як Зяленскага, так і Пуціна, а таксама выступала за заключэнне ўстойлівага мірнага пагаднення паміж краінамі.

Улетку 2023 года Эр-Рыяд арганізаваў міжнародную сустрэчу ў Джыдзе з удзелам прадстаўнікоў некалькіх дзяржаў.

Падчас візіту Пуціна ў Эр-Рыяд у снежні 2023 года спадчынны прынц Мухамед бін Салман назваў яго «асаблівым і вельмі паважаным госцем Саудаўскай Аравіі — як на дзяржаўным, так і на грамадскім узроўні».

Эксперт па краінах Персідскага заліва Абдула Баабуд лічыць, што Саудаўская Аравія імкнецца ўзмацніць сваю ролю пасярэдніка, падобна Аману, Катару і ААЭ, і хоча ўмацаваць свой статус ключавога рэгіянальнага гульца.

Баабуд мяркуе, што правядзенне сустрэчы Трампа і Пуціна ў Саудаўскай Аравіі можа стаць дыпламатычнай паслугай Эр-Рыяда, якая, у сваю чаргу, можа спрыяць яго большаму ўключэнню ў стратэгічныя інтарэсы ЗША, падобна падпісанню ў 2020 годзе «Аўраамаўскіх пагадненняў» — двухбаковых дамоў аб нармалізацыі адносін паміж чатырма арабскімі краінамі і Ізраілем.

Пол Салем лічыць, што Трамп імкнецца ўмацаваць сувязі ЗША з Саудаўскай Аравіяй з эканамічных, фінансавых, інвестыцыйных і стратэгічных прычын. Ён таксама адзначае інтарэс Трампа да магчымай дамоўленасці паміж ЗША, Саудаўскай Аравіяй і Ізраілем у будучыні.

Доктар Нідаль Шукайр, прафесар стратэгічных камунікацый, падкрэслівае, што Саудаўская Аравія адыгрывае ключавую ролю ў блізкаўсходняй палітыцы Трампа, асабліва ў пытанні палесціна-ізраільскага канфлікту.

Ён таксама звяртае ўвагу на нядаўні ціск ЗША на Саудаўскую Аравію, асабліва пасля заяў прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху аб магчымым перасяленні палесцінцаў з Газы, што Эр-Рыяд рашуча адрынуў.

Нафтавы фактар

ЗША з'яўляюцца найбуйнейшым вытворцам нафты ў свеце, за імі ідуць Саудаўская Аравія і Расія.

Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну паўплывала на сусветныя энергетычныя рынкі, і эксперты адзначаюць, што Саудаўская Аравія адыграла пэўную ролю ў стабілізацыі цэнаў на нафту.

У снежні 2024 года восем краін-чальцоў АПЕК+, уключаючы Саудаўскую Аравію і Расію, вырашылі адкласці павелічэнне здабычы нафты яшчэ на тры месяцы з-за больш нізкага, чым чакалася, попыту на нафту, а таксама росту здабычы з боку краін, якія не ўваходзяць у картэль.

Абдула Баабуд адзначае, што Саудаўская Аравія і Расія маюць агульныя інтарэсы як найбуйнейшыя нафтаздабыўныя краіны. Эксперт лічыць, што на саміце Трампа і Пуціна гаворка пойдзе ня толькі пра заканчэнне вайны ва Украіне, але і пра сусветныя цэны на нафту і эканамічнае супрацоўніцтва.

«Трамп можа паспрабаваць забяспечыць выгадныя цэны на сырую нафту для амерыканскіх энергетычных кампаній, асабліва ўлічваючы яго мінулыя заклікі да зніжэння цэнаў», — дадае ён.

Як нагадвае Баабуд, для Трампа прыярытэтам застаецца развіццё вугальнай, нафтавай і газавай галін, а не «зялёная энергетыка», што адпавядае ролі Саудаўскай Аравіі як аднаго з найбуйнейшых экспарцёраў нафты.

Стратэгічныя інтарэсы

Першы афіцыйны візіт Трампа ў якасці прэзідэнта ў 2017 годзе адбыўся ў Саудаўскую Аравію, што павысіла дыпламатычны статус каралеўства на сусветнай арэне.

Трамп ужо намякнуў, што першай замежнай краінай, куды ён накіруецца падчас свайго другога прэзідэнцкага тэрміну, зноў можа стаць Саудаўская Аравія, прычым ён назваў пэўную цану за гэта.

«Калі Саудаўская Аравія захоча купіць [нашай прадукцыі] на 450 ці 500 мільярдаў даляраў… Думаю, я, напэўна, паехаў бы», — заявіў ён журналістам у Авальным кабінеце ў мінулым месяцы.

Праз некалькі дзён спадчынны прынц Саудаўскай Аравіі сказаў, што каралеўства плануе інвеставаць 600 мільярдаў даляраў у ЗША на працягу наступных чатырох гадоў.

«Але я буду прасіць спадчыннага прынца, які цудоўны хлопец, акругліць гэтую суму да 1 трыльёна даляраў», — заявіў Трамп неўзабаве пасля гэтага. «Я думаю, яны пагодзяцца, бо мы былі вельмі добрыя да іх», — дадаў ён.

Доктар Нідаль Шукайр лічыць, што Трамп разглядае Саудаўскую Аравію як ключавога стратэгічнага і эканамічнага партнёра.

Ён таксама адзначае, што Трамп імкнецца забяспечыць дамінуючую эканамічную ролю ЗША ў Персідскім заліве, асабліва на фоне павароту былога прэзідэнта Джо Байдэна ў бок Азіі.

Паводле прафесара Хатара Абу Дзіба, Трамп таксама спрабуе ўмацаваць уплыў ЗША ў Саудаўскай Аравіі і рэгіёне ў цэлым у рамках стратэгічнага суперніцтва Вашынгтона з Кітаем.

Хоць Саудаўскую Аравію крытыкавалі за парушэнні правоў чалавека, Абу Дзіб і Шукайр сцвярджаюць, што нядаўна праведзеныя ў каралеўстве рэформы, такія як скасаванне рэлігійнай паліцыі і дазвол жанчынам кіраваць аўтамабілем, палепшылі яго міжнародны імідж, зрабіўшы яго менш уразлівым да палітычнага ціску з боку адміністрацыі Трампа.

Каментары

Цяпер чытаюць

Навуковец распавёў пра геалагічныя загадкі Беларусі: іртуць з зямлі і кратар ад падзення метэарыта, які знішчыў усё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў3

Навуковец распавёў пра геалагічныя загадкі Беларусі: іртуць з зямлі і кратар ад падзення метэарыта, які знішчыў усё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў

Усе навіны →
Усе навіны

«Сказалі, што людзі з візамі тыпу C не змогуць перасячы мяжу». На літоўскіх прапускных пунктах здарыўся калапс8

Лукашэнка: Мінскі раён — гэта прыбіральня горада-героя Мінска5

«Родненькі!» Рэдкі чорны бусел усё ж такі вярнуўся на Клеччыну — спазніўся на месяц1

Пятрухін не здаецца: хоча, каб КР заслухала 17-гадовага «стартапера». Але без яго бацькоў гэтага рабіць нельга18

Што апранаць у самалёт, а што — ні ў якім разе: парады сцюардэсы5

«Рак проста здараецца. Ніхто ў ім не вінаваты»23

Навукоўцы Акадэміі навук назвалі справядлівую цану на беларускую бульбу9

У В'етнаме каралеву прыгажосці арыштавалі за падман з цукеркамі

Пад Мінскам з'явіцца новая дарога. Яе кошт ацэньваецца ў мільён долараў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Навуковец распавёў пра геалагічныя загадкі Беларусі: іртуць з зямлі і кратар ад падзення метэарыта, які знішчыў усё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў3

Навуковец распавёў пра геалагічныя загадкі Беларусі: іртуць з зямлі і кратар ад падзення метэарыта, які знішчыў усё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць