Мікола Бугай: Дракахруст зразумеў мой артыкул з дакладнасцю да наадварот
Найгоршае, што можа быць, гэта гульня ў карысны ідыятызм, піша Мікола Бугай, рэзка палемізуючы з водгукам Юрыя Дракахруста на свой артыкул «Трэба перагарнуць старонку 2020-га і пачаць жыць новымі рэаліямі».

«З гэтай уладай няма пра што размаўляць, яна не мае ніякай рацыі, яна няздольная да пазітыўнай эвалюцыі, змены могуць адбыцца толькі празь яе зрынанне. Прапанова Міколы Бугая «перагарнуць старонку» — гэта прапанова адмовіцца ад такога крэда», — напісаў Юрый Дракахруст у рэфлексіі з нагоды майго артыкула.
Не, Юр'ю, вы зразумелі мае ідэі з дакладнасцю да наадварот.
Я на сто працэнтаў перакананы, 1) што з Лукашэнкам няма пра што размаўляць, што 2) ён не мае ніякай рацыі, што 3) ён абсалютна няздольны да пазітыўнай эвалюцыі. І нават у чацвёртым пункце вы напалову памыляецеся. Змены, сапраўды, не могуць адбыцца праз зрынанне Лукашэнкі, яны могуць адбыцца толькі пасля таго як Расія або аслабне, або зменіць свае ўяўленні пра нацыянальныя інтарэсы.
Пара развітацца з ілюзіямі, якія былі ў кагосьці да 2020-га, а ў кагосьці да 2022 года. І засяродзіцца на доўгатэрміновым захаванні патэнцыялу нацыі, а не на кароткатэрміновых і недасяжных мэтах — вось была галоўная ідэя майго артыкула.
Я часткова сам вінаваты ў тым, як зразумелі мае думкі Юрый Дракахруст і Глафіра Жук — якая пабачыла ў артыкуле замах на ідэалы 2020-га. У наш век бурнай інфармацыйнай плыні многія чытаюць толькі загалоўкі. А мой загаловак быў наколькі чапляльны, настолькі ж выявіўся падманны для многіх, бо яго кожны разумеў па-свойму.
Я нагадаю асноўныя думкі таго артыкула.
Рэжым у Беларусі зрабіўся таталітарным. Гэта больш не аўтарытарны рэжым, які можа змяніцца на выбарах ці ў выніку аксамітных народных пратэстаў. Гэта рэжым кшталту кітайскага, расійскага, паўночнакарэйскага і кубінскага. Прычым мы ўступілі ў эпоху, калі таталітарныя рэжымы для кантролю над грамадствам выкарыстоўваюць татальнае відэаназіранне і інструменты штучнага інтэлекту. Што гэта азначае ў доўгатэрміновым плане — пакуль ніхто не ведае.

Ёсць і адно, што карэнна адрознівае беларускую дыктатуру ад усіх іншых на свеце: рэжым настолькі залежыць ад Расіі, а Расія настолькі лічыць Беларусь па праве сваёй тэрыторыяй, што сама наша векавая дзяржаўнасць працягвае вісець на валаску. Гэта яшчэ больш ускладняе нашу сітуацыю: нам бы саму Беларусь захаваць.
Любыя спробы сілавой барацьбы з такім таталітарызмам згубныя. Дый увогуле, любое лабавое супрацьстаянне бессэнсоўнае. Рацыянальна цяпер пазбягаць усяго, што можа правакаваць рэпрэсіі, пазбягаць усяго, што прыводзіць беларусаў да неабходнасці эміграцыі, што змяншае насельніцтва Беларусі.
Быў бы 2020-ы ці не было б яго, 2022-гі здарыўся б усё адно. (Архівы пакажуць: я схільны думаць, што калі б не 2020-ы, беларуская армія ўзяла б непасрэдны ўдзел ва ўварванні ва Украіну ў 2022-м, але пасля 2020-га задзейнічаць яе пабаяліся). Расія перавяла сітуацыю ў Еўропе ў іншую плоскасць. І, як выявілася, Захад можа гэта толькі з цяжкасцю стрымаць, але не можа спыніць.
Большасць беларусаў усе гэтыя апошнія пяць, чатыры, тры гады чакалі, што або Лукашэнка сам адкруціць свой таталітарны паварот назад, або Захад здолее паставіць Расію на месца, пакараць яе за вайну. Ні першага, ні другога не здарылася.

«Мы сталі толькі часткай больш шырокага сюжэта, — як сказаў на канферэнцыі «Новая Беларусь» эканаміст Зміцер Крук. — Беларусь — закладніца расійскай палітыкі».

Беларусы змушаныя — можа быць і надоўга, не ад нас адных залежыць — адмовіцца ад нерэалістычных чаканняў. І проста асцярожна падтрымліваць усё стваральнае, усё, што супрацьстаіць русіфікацыі ў любых яе формах і праявах (я разумею гэтае паняцце шырока — не толькі моўную русіфікацыю, але і распаўсюд расійскага ўплыву і кантролю ва ўсялякіх яго формах). Падтрымкі ці, прынамсі, «някрытыкі» заслугоўвае ўсё хоць у нейкай ступені беларускае і рэфлексіўнае.
2020 год, сярод усяго, пакінуў нам у спадчыну геніяльную формулу пакутніка Вітольда Ашурка: «Беларус беларусу беларус». Яна захапляльная, падымае нас над палітычнымі падзеламі.
Гэтую філасофію, на маю думку, трэба распаўсюдзіць і на падтрымку любога, не важна якога, беларускага капіталу проста таму, што ён беларускі — а значыць, процівага расійскаму.

Паўночная Карэя і Куба — страшныя прыклады таго, як таталітарызм утвараў замкнёнае кола нават у далічбавую эпоху. А татальнае відэаназіранне, лічбавы таталітарызм, магчымы ў будучыні ШІ-кантроль за зместам анлайн-камунікацый і нават эмоцыямі — зусім страшэнная перспектыва.
Але калі хто і мае шанцы вырвацца з лічбавага таталітарызму, то ёсць падставы думаць, што Беларусь — еўрапейская краіна — будзе першай сярод іх. 2020-ы таму зарукай. Але гэта стане магчыма адно ў выпадку аслаблення Расіі і нават тады запатрабуе ад беларусаў і беларускіх уладаў выключнай асцярожнасці.

Калі Лукашэнкі не будзе, улады Беларусі могуць адмовіцца ад таталітарызму, як толькі Расія аслабне. Але трэба чакаць, пакуль Расія аслабне. (І нястомна падтрымліваць усё тое, што яе аслабляе, і ўсіх тых, хто яе аслабляе. На сёння — гэта Украіна і каліноўцы).
Беларусы ўскочаць у наступнае акно магчымасцей, узброеныя памяццю пра слаўны 2020-ы.
Унутры Беларусі ідзе маўклівае ці, дакладней, негалоснае супраціўленне. Сама ratio быцця дзяржаўных структур працуе на захаванне і ўмацаванне дзяржаўнасці.
Што да дыяспары, то спосаб захавання нацыянальнай традыцыі, нацыянальнага духу, нацыянальнай памяці адзіны і суперпросты — не маўчаць. Дыяспара, хто пад сваім іменем, хто пад псеўданімамі, але гаворыць. Хто як можа — не пакідае ніводнага роліка ў тыктоку без каментара, не пакідае ніводнай вартай думкі без рэфлексіі. Беларусы за мяжою пакуль будуць голасам тых, хто ўнутры, па тых тэмах, на якія людзі ўнутры краіны выказвацца не могуць.

Юрый Дракахруст успамінае артыкул Яўгена Прэйгермана 2020 года «Беларуская дзяржаўнасць стаіць перад сур'ёзным выпрабаваннем». У ім аўтар пісаў, што спалучэнне каранавіруснага і эканамічнага крызісаў можа стаць трагічным для Беларусі, калі ўлады ці апазіцыя наробяць памылак, што без пэўнага паразумення паміж уладай і апазіцыяй Беларусь могуць чакаць вельмі кепскія часы. Праблема ў тым, што тыя па-свойму мудрыя словы былі як гласъ вопіющаго въ пустыни, былі скіраваныя не па адрасе. Прэйгерману б той артыкул надрукаваць не ў «Нашай Ніве», а ў «Беларусі сегодня», але хто ж там такое надрукуе? Улады хацелі б, каб апазіцыя загрузла ў бязлітасным і бессэнсоўным дыялогу ўнутры сябе, але каб той дыялог ніяк не дабіваў унутр краіны.
Пры цяперашнім раскладзе сілаў уладзе, Аляксандру Лукашэнку не трэба ніякае паразуменне, яму трэба грошы з Расіі — якія ён страціць, калі пойдзе на «паразуменне з грамадствам». Лукашэнка ад гэтых грошай залежыць, а ад грамадства — ніяк. Ніяк, таму што любыя спосабы і формы пратэсту забароненыя, а выбары — фікцыя. Для размовы з грамадствам ёсць пернік — тыя самыя расійскія грошы, і ёсць дубінал — вялізны сілавы апарат, для якога тых расійскіх грошай хапае. Ну хай сабе яны не так ужо і добра ў параўнанні з еўрапейскімі сілавікамі жывуць, але яны іншага жыцця не ведаюць, яны надрэсіраваныя на жыццё такое і выхаваныя ў духу расійскага шавінізму. Вось і ўся немудрагелістая «беларуская мадэль».
Перагарнуць старонку — гэта не абавязкова значыць паразумецца. Для паразумення патрэбныя два бакі, воля двух бакоў. Ніякага паразумення быць не можа, пакуль той бок яго не хоча. Рабіць выгляд, што нейкі дыялог ідзе ці што ён магчымы — гэта не проста быць карыснымі ідыётамі, гэта гуляць у карысных ідыётаў у спадзяванні, што гэта нечаму дапаможа.
Каментары