Грамадства11

Экспазіцыя здымкаў дзікай прыроды адкрылася ў Мінску

Фотавыстава «Свет дзікай прыроды: погляд праз аб’ектыў» пачала сваю працу ў кінатэатры «Мір» 1 красавіка.

У экспазіцыі прадстаўлена 21 работа фатографа-анімаліста, члена Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі Таццяны Алешкі, пішуць Мінск-навіны.

Таццяна працягвае справу бацькі — вядомага фатографа Вячаслава Алешкі, аднаго з першапраходцаў сярод беларускіх фатографаў дзікай прыроды. Па ўспамінах суразмоўцы, дома была вельмі вялікая бібліятэка, значную частку якой займалі кнігі пра прыроду і мастацтва фатаграфіі. Яшчэ адным захапленнем бацькі Таццяны Алешкі была паэзія, якая падабаецца і ёй самой. Фатаграфіяй яна пачала сур’ёзна займацца толькі з 2018 года — любоў да жывёл перадалася ў спадчыну і стала асноўнай тэмай фотаработ аўтара.

— Я філолаг па адукацыі і доўгі час вывучала паэзію. У нейкі момант задалася пытаннем: як шмат птушак сустракаецца ў беларускіх лірычных творах? Аказалася, што птушкі займаюць у іх значнае месца. Яны цесна звязаныя з паўсядзённым жыццём чалавека, міфамі, казкамі, фальклорам. А разнастайнасць паэтычных вобразаў і метафар, звязаных з птушкамі, уражвае. Цяпер у планах выдаць кнігу, дзе будуць мае фатаграфіі і вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя птушкам, — распавяла Таццяна Алешка.

Акрамя птушак, фатограф здымае і звяроў. Суразмоўніца падзялілася: назіраць за паводзінамі і эмоцыямі прадстаўнікоў фаўны, іх узаемадзеяннем паміж сабой вельмі цікава — усё гэта яна імкнецца паказаць на фатаграфіях.

— Асабліва радуюся, калі ўдаецца зняць жывёлу буйным планам, каб былі бачныя яе вочы. Сваёй выставай я хацела б прыцягнуць увагу гараджан да нашых суседзяў па планеце — прадстаўнікоў жывёльнага свету. Паказаць тых з іх, каго не кожны можа ўбачыць ужывую, і, канешне, заклікаць людзей клапаціцца пра навакольны свет. Паводле слоў навукоўцаў, далікатная раўнавага паміж чалавечай цывілізацыяй і прыродай набліжаецца да пункта незвароту, — адзначыла фатограф-анімаліст.

Хоць фотавыстава і носіць назву «Свет дзікай прыроды: погляд праз аб’ектыў», усе здымкі зроблены выключна ў Беларусі, у самых розных яе месцах: заказніках «Красны Бор», «Налібоцкі», «Выганашчанскае», нацыянальных парках «Белавежская пушча», «Браслаўскія азёры» і іншых месцах.

— У экспазіцыі прадстаўлены работы 2022—2025 гадоў. Сам працэс фотаздымкі займае вельмі шмат часу, бо рэдкіх жывёл часта даводзіцца падпільноўваць у сховішчы. Жывёлы, як і людзі, вельмі розныя. Напрыклад, адна птушка можа падпусціць да сябе даволі блізка, а іншая паляціць, як толькі пачуе шоргат, — падзялілася Т. Алешка. — Фатографа-анімаліста кормяць ногі: чым больш ён ездзіць і ходзіць, тым больш шанцаў убачыць нешта ўнікальнае. Напрыклад, для здымкі арланаў трэба прыйсці ў месца іх пражывання яшчэ да світання, інакш цябе могуць заўважыць вароны і папярэдзіць пра небяспеку ўсіх навокал, таму фатографу важна зліцца з прыродай і не выдаваць лішніх гукаў.

Ласёў лепш за ўсё фатаграфаваць на Браслаўшчыне. Там фатографам знайсці і прывабіць жывёл дапамагае вопытны егер Алег Селях.

— З яго дапамогай я неаднойчы аказвалася даволі блізка да гэтых прыгожых і магутных жывёл, хоць падчас гону яны могуць быць агрэсіўнымі. Але калі бачыш гэтую прыгажосць, забываешся пра ўсё, імкнучыся зрабіць яшчэ крок насустрач, — дадала фатограф.

У асноўным жывёлы баяцца людзей і адразу ўцякаюць або хаваюцца, адчуўшы небяспеку. Але і людзі ў адказ асцерагаюцца некаторых жывёл, напрыклад ваўкоў. Хоць вопытныя фатографы ведаюць, што сустрэць шэрага драпежніка — вялікая ўдача. У ваўкоў выдатны нюх, яны адчуваюць чалавека за кіламетры, таму зняць іх у дзікай прыродзе вельмі складана.

Выстава працягнецца да 31 мая.

Каментары1

  • Ёсік
    02.04.2026
    А чаму не на дзьвух мовах подпісы фотаздымкаў?

Цяпер чытаюць

Памятаеце Пятрушу, які выдзіраў драты «дыджэям Перамен»? Яго перавялі ў трэцюю лігу чыноўнікаў пасля месяцаў беспрацоўя7

Памятаеце Пятрушу, які выдзіраў драты «дыджэям Перамен»? Яго перавялі ў трэцюю лігу чыноўнікаў пасля месяцаў беспрацоўя

Усе навіны →
Усе навіны

«Чорная зона». Што вядома пра палітзняволеных беларусаў, якіх трымаюць у псіхіятрычных клініках8

Дзе і як беларусы на выгнанні ўшануюць памяць ахвяраў «Ночы расстраляных паэтаў». Расклад мерапрыемстваў13

Нетаньяху заявіў, што арабскія партыі «скралі выбары» ў Ізраілі8

За яркі антылукашэнкаўскі банер федэрацыю футболу Фінляндыі аштрафавалі агулам на 30 тысяч еўра5

«Я ведаю, што рана ці позна па мяне таксама могуць прыйсці». 56‑гадовага гамельчука асудзілі да 8,5 года калоніі3

Прэм'ер Нарвегіі абверг, што Пуцін расказваў ім гісторыю сярэднявечных славян9

Новы трэнд — у «Мінск-Свеце» ўсё часцей здаюць кватэры з голымі сценамі. Колькі просяць?4

Нямецкая брыгада ў Літве будзе адсочваць вайсковую актыўнасць у Беларусі1

«Камуналка» каля 250 рублёў. Мінчанка расказала, як жыве ў электрадоме4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Пятрушу, які выдзіраў драты «дыджэям Перамен»? Яго перавялі ў трэцюю лігу чыноўнікаў пасля месяцаў беспрацоўя7

Памятаеце Пятрушу, які выдзіраў драты «дыджэям Перамен»? Яго перавялі ў трэцюю лігу чыноўнікаў пасля месяцаў беспрацоўя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць