У Новай Зеландыі бацька забраў траіх дзяцей і чатыры гады жыў з імі ў лесе. Ён загінуў у выніку перастрэлкі з паліцыяй
Гэта быў шакуючы і гвалтоўны фінал загадкі, якая трымала ў напружанні маленькую нацыю цягам некалькіх гадоў: бацька забіты на вачах у свайго дзіцяці, паліцэйскі застрэлены ў галаву, і двое маленькіх дзяцей знойдзены адны ў аддаленым кемпінгу ў глушы, піша CNN.

Першы раз 34-гадовы Том Філіпс знік у верасні 2021 года. Пікап, які яму належаў, знайшлі на дзікім пляжы Кірытэхэрэ недалёка ад горада Маракопа на заходнім узбярэжжы Паўночнага вострава Новай Зеландыі. Дзіцячыя аўтакрэслы былі прышпілены ззаду ў машыне, а ключы пакінуты пад дыванком кіроўцы. Але прыліў набліжаўся, і мясцовыя жыхары палічылі дзіўным, што Філіпс пакінуў сваю машыну, каб яе забрала мора.
Разам з Філіпсам зніклі трое яго дзяцей — Джэйда, Мэверык і Эмбер, якім на той момант было восем, сем і пяць гадоў.
Філіпс быў дасведчаным удзельнікам паходаў і аматарам актыўнага адпачынку, але ў мясцовых жыхароў узніклі засцярогі, што сям’ю мог забраць у мора прыліў.
Гэта рэдка населеная мясцовасць, на той момант па-за зонай мабільнай сувязі, раптам ператварылася ў месца бурнай актыўнасці. Каманды пошуку хадзілі па ўзбярэжжы пешшу і на надзіманых лодках.
Няшчасны выпадак здаваўся малаверагодным, штосьці не складалася.
Амаль праз тыдзень паліцыя заявіла, што хоча даведацца, дзе знаходзяцца два матацыклы, якія раней належалі Філіпсу — першы афіцыйны намёк на тое, што знікненне сям’і можа быць больш складаным.
Потым з’явілася звестка пра мужчыну і дзяцей на матацыкле, заўважаных на вясковай дарозе ўранні
Пачалася пошукавая аперацыя. Ратавальнікі прачэсвалі берагавую лінію пешшу і на надзіманых лодках, а калі дазваляла надвор’е, далучаліся верталёты, беспілотнікі і самалёты з цеплавізарамі.
Праз два тыдні пасля знікнення Філіпс з дзецьмі вярнуўся дадому на сямейную ферму. Паліцыя паведаміла, што ўвесь гэты час яны жылі ў намётах у лесе за 15 кіламетраў на поўдзень ад пляжу, дзе быў пакінуты пікап.
Пошукі абышліся ў сотні тысяч даляраў — і неўзабаве Філіпсу прад’явілі абвінавачанне ў дарэмнай тратце часу паліцыі. У снежні 2021 года, за пяць дзён да Божага Нараджэння, Філіпс і дзеці зноў зніклі. Гэтым разам іх шукаць не сталі — але калі Філіпс не з’явіўся ў суд 12 студзеня 2022 года, быў выдадзены ордар на яго арышт.
У жніўні 2023 года маці зніклых дзяцей (з бацькам дзяцей яна ў разводзе) заўважыла Філіпса ў гаспадарчай краме, дзе ён купляў за наяўныя налобныя ліхтарыкі, батарэйкі, саджанцы, вёдры і гумовыя боты, але не паспела нічога зрабіць.
У кастрычніку 2024 года мясцовыя паляўнічыя знялі на відэа мужчыну і траіх дзяцей у дажджавіках і з вялікімі заплечнікамі, якія ішлі пешшу праз поле паблізу ад Маракопы.
У канцы жніўня 2025 года вулічная камера зняла Філіпса разам з адным з дзяцей, калі яны ноччу праніклі ў супермаркет у горадзе Піопіа. Скраўшы прадукты, яны зніклі на квадрацыкле (верагодна, скрадзеным).
Паліцыя абвясціла ўзнагароду ў памеры 80 тысяч даляраў за інфармацыю, якая дапамагла б усталяваць месцазнаходжанне Філіпса. Маці дзяцей звярталася да мясцовых жыхароў з просьбай дапамагчы іх знайсці.
Сям’я цягам усіх гэтых гадоў настойліва сцвярджала, што не дапамагала Філіпсу.
На кожныя з чатырох Калядаў, якія прайшлі, пакуль яны былі зніклымі, сястра Філіпса, Розі Філіпс, клала пад ёлку падарункі з імёнамі Джэйды, Мэверыка і Эмбер — у надзеі, што яны зноў з’явяцца на парозе.
Фінальная частка гісторыі Тома Філіпса была не такой, якой хто-небудзь хацеў яе бачыць: ні паліцыя, ні сям’я Філіпса, ні маленькая грамада Маракопа.
Яго жыццё скончылася на вясковай дарозе раніцай панядзелка падчас перастрэлкі з паліцыяй, якая, нарэшце, здолела яго высачыць пасля таго, як яго заўважылі падчас узлому крамы ў маленькім горадзе прыкладна за гадзіну язды адтуль.
Пакуль цела яго сына ляжала на дарозе, дзе яго забілі, бацька Філіпса, які аплакваў сына, сказаў журналісту з новазеландскага выдання Stuff, што сям’я была «запэцканая» паліцыяй «неаднаразова».

Адзін з трох яго дзяцей быў з ім, калі бацька загінуў. Іх брата і сястру знайшлі праз некалькі гадзін, адных у лагеры.
Хто будзе даглядаць дзяцей, пакуль не зразумела. Дзяржаўнае агенцтва, якое клапоціцца пра дзяцей, Oranga Tamariki, заявіла ў аўторак, што яны былі «прыстроеныя» ў панядзелак увечары пад апеку ўладаў.
Дэтэктыў, які вядзе справу, сказаў New Zealand Herald у 2024 годзе, што ён лічыць, што апека над дзецьмі магла быць матывацыяй Філіпса для другіх ўцёкаў.
-
Пасланнік Трампа Келаг кіраваўся ў Польшчу, калі яе атакавалі расійскія дроны
-
Джэй Дзі Вэнс: Трамп не бачыць ніякіх прычын, каб эканамічна ізаляваць Расію пасля вайны
-
Расійскія і лукашэнкаўскія спецслужбы на фоне залёту дронаў у Польшчу правялі інфаатаку. Яе зладжанасць дае падставы думаць, што залёт быў спланаваны
Каментары