Свет1212

Ці павінна НАТА пасля дронавай атакі на Польшчу задзейнічаць 5-ты артыкул? Адназначна — не. Але рэагаваць мусіць рашуча

Чарговая начная атака Расіі на Украіну 10 верасня аказалася асаблівай. Адначасова з абстрэлам украінскіх аб'ектаў два дзясяткі баявых беспілотнікаў пакінулі ўкраінскую паветраную прастору і накіраваліся ў Польшчу. У адказ польскія ўзброеныя сілы ўпершыню вырашылі адкрыць агонь на паражэнне, часова закрыўшы для гэтага паветраную прастору краіны. Гэтая гісторыя пакінула шэраг пытанняў, піша «Еўрапейская праўда».

На месцы падзення аднаго з дронаў. Фота: AP Photo/Rafal Niedzielski

Адно з гэтых пытанняў — адносна эфектыўнасці польскіх паветраных сіл.

Нягледзячы на невялікую колькасць дронаў і нягледзячы на тое, што да іх збіцця далучыліся не толькі польскія знішчальнікі, але і авіяцыя саюзнікаў па НАТА (Нідэрланды даслалі найноўшыя F-35, быў задзейнічаны італьянскі AWACS і г. д.), збіць удалося толькі некалькі беспілотнікаў. А адна з расійскіх «Гербер» праляцела над Польшчай не менш за 300 кіламетраў і ўпала на поле ажно ў цэнтры краіны — у Лодзінскім ваяводстве. Здаецца, гэты дрон прызямліўся, бо вычарпаў паліва.

Але ва Украіне больш за ўсё пытанняў гучыць да рэакцыі НАТА на гэты інцыдэнт.

Шмат хто палічыў бы за найлепшае бачыць супольнае рашэнне, што гэта — напад Расіі на Альянс, які запускае механізмы калектыўнай абароны.

Зрэшты, правілы НАТА не супадаюць з гэтымі чаканнямі. Нягледзячы на тое, што расійскае ўварванне ў паветраную прастору Польшчы было наўмысным — яно не пераадолела парог, які дазваляе ставіць пытанне аб запуску вядомага «артыкула 5». У гэтым тэксце «Еўрапейская праўда» тлумачыць, які гэта парог.

Між тым вельмі падобна, што Расія свядома спланавала сваю атаку так, каб не перакрочыць гэты парог. Менавіта таму дронавая атака, пераадолеўшы СПА, не прывяла да ахвяр у Польшчы (не выключана, што «Герберы», накіраваныя на Польшчу, наогул не былі забяспечаныя баявой часткай).

Мэта Расіі — не пачаць вайну з НАТА, а паказаць сусветныя праблемы Альянсу, а таксама пасунуць «чырвоныя лініі» адносна дапушчальнасці сваіх дзеянняў. Гэтых мэтаў Крэмль, па вялікім рахунку, дасягнуў. І калі Захад не знойдзе магчымасць для адэкватнай рэакцыі — ёсць падставы чакаць, што эскалацыя з боку РФ, у тым ліку на тэрыторыі НАТА, працягнецца.

Чаму гэтая атака асаблівая, хоць яна і не першая?

Тое, што адбылося ў ноч на 10 верасня — далёка не першы выпадак парушэння мяжы дзяржавы — члена НАТА расійскімі беспілотнікамі. Польшча рэгулярна сутыкаецца з тым, што на яе тэрыторыю не толькі залятаюць, але нават там і выбухаюць расійскія баявыя дроны. У апошнія месяцы, з ростам расійскіх дронавых атак па Украіне, падобнае адбываецца даволі рэгулярна.

Колькасць інцыдэнтаў з «Шахедамі», якія ўпалі на тэрыторыі Румыніі ці проста праляцелі над яе паветранай прасторай, складана і палічыць, хоць гэтыя інцыдэнты пераважна датаваныя 2023-2024 гадамі, калі расіяне асабліва часта атакавалі ўкраінскія парты на Дунаі, размешчаныя проста на мяжы.

Рэакцыя румынаў на тыя выпадкі асабліва характэрная. Спачатку ў Бухарэсце спрабавалі абвергнуць сам факт пралёту ракет і дронаў над сваёй тэрыторыяй, нягледзячы на паведамленні ўкраінскіх Паветраных сіл — але шматлікія сведчанні не пакінулі сумневу, што гэта здараецца. Пасля ўлады некаторы час катэгарычна адмаўлялі выпадкі падзення і выбухаў «Шахедаў» на румынскай зямлі — але гэта ўжо абурыла мясцовых жыхароў і журналістаў. Гэта стала урокам, і аспрэчванні відавочнага спыніліся.

А першы выпадак парушэння мяжы НАТА расійскім дронам адбыўся яшчэ да пачатку прымянення «Шахедаў» — у сакавіку 2022 года, калі савецкі беспілотнік «Стрыж» бесперашкодна і, падобна, не прыцягваючы ўвагі да сябе, праляцеў па небе як мінімум Венгрыі і Харватыі і зваліўся ў мікрараёне харвацкай сталіцы Заграба, цудам нікога не параніўшы і пашкодзіўшы 40 аўтамабіляў.

Кожны раз, каментуючы гэтыя інцыдэнты, урады пацярпелых дзяржаў і прадстаўнікі НАТА былі вымушаныя пераконваць журналістаў, што гэта, маўляў, «ненаўмысны» інцыдэнт. Што дроны «збіліся з курсу», і таму нельга казаць пра атаку, накіраваную на Польшчу, Румынію ці Харватыю адпаведна.

Гэтыя тлумачэнні часта былі не зусім сумленнымі. Ёсць падставы меркаваць, што як мінімум атакі на дунайскія парты расіяне свядома пракладалі па тэрыторыі Румыніі, дзе не хапае і сродкаў СПА, і навучаных вайскоўцаў. Але канчатковай цэллю атакі сапраўды кожны раз быў менавіта ўкраінскі, а не румынскі аб'ект.

А вось «залёты» беспілотнікаў у Польшчу да гэтага часу сапраўды маглі быць і выпадковымі — альбо з-за памылак у электроніцы, альбо з-за супрацьдзеяння РЭБ тыя маглі страціць арыенціроўку.

Цяпер усё прынцыпова інакш. Нават паводле афіцыйных звестак гаворка ідзе пра 19 дронаў, якія перасеклі польскую мяжу. Гэта не можа быць выпадковасцю, гэта — свядомае кіраванне вайсковай тэхнікі на Польшчу.

Дарэчы, колькі менавіта беспілотнікаў расіяне накіравалі на Польшчу — сказаць немагчыма, бо значную іх колькасць збілі ўкраінскія Паветраныя сілы яшчэ на маршруце.

Яшчэ адно адрозненне — у сур'ёзнасці ўспрымання інцыдэнту польскім войскам. Палякі рэгулярна падымаюць сваю баявую авіяцыю падчас ракетных нападаў на заходнія вобласці Украіны — каб тая пакружыла ў небе і не зрабіла нічога, часам прапускаючы нават тыя аб'екты, якія перасякаюць польскую мяжу. Справаздачы польскіх паветраных сіл пра «цяжкую ноч» тады, калі ракеты трапляюць у аб'екты на ўкраінскай тэрыторыі, кожны раз выклікаюць ва Украіне хвалю здзеклівых параўнанняў і мемаў.

А цяпер, упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны, авіяцыю не толькі паднялі ў неба, але і далі загад на баявое прымяненне. Палякі збілі частку дронаў. На час баявой працы і нават пасля яе завяршэння прыйшлося закрываць паветраную прастору і спыняць працу чатырох польскіх аэрапортаў, у тым ліку найбольш загружанага варшаўскага.

Дык што ж перашкаджае НАТА задзейнічаць артыкул 5?

Пасля папярэдніх «залётаў» расійскіх беспілотнікаў (а таксама ракет) на тэрыторыю НАТА пытанне пра калектыўную абарону не ўзнікала ў прынцыпе. Краіны, якія маглі б звярнуцца да Альянсу з запытам аб актывацыі артыкула 5 дамовы НАТА, публічна заяўлялі, што не бачаць доказаў накіраваных дзеянняў Расіі супраць іх. Гэтыя заявы Румыніі, Польшчы і іншых можна крытыкаваць, але яны сапраўды мелі пад сабой грунт.

Дронавая атака на Польшчу ў ноч на 10 верасня дакладна не была выпадковай. Больш за тое, Варшава, каб зняць усе сумневы, прызнала «акт агрэсіі» супраць краіны ў афіцыйнай заяве свайго Генштаба. А гэта — не проста гучныя словы, а юрыдычны тэрмін.

Дык ці не цягне сяброўства Польшчы ў альянсе на афіцыйнае абавязацельства іншых дзяржаў-членаў стаць на яе абарону? Кароткі адказ — не.

І неабходна падкрэсліць, што прычына не ў тым, што Альянсу не хапае жадання ўступаць у канфлікт з Расіяй. Гэтая праблема бясспрэчная — але канкрэтна тут перашкодай з'яўляецца не яна.

Дронавая атака на Польшчу не дасягнула таго ўзроўню, калі сумесная абарона становіцца магчымай.

Артыкул 5 Вашынгтонскай дамовы НАТА абавязвае ўсе дзяржавы-члены «аказаць дапамогу і ажыццявіць такія дзеянні, якія будуць лічыцца неабходнымі, уключаючы прымяненне ўзброенай сілы» ў выпадку «ўзброенага нападу» на любога члена Альянсу.

Фармальна зафіксаваныя дзве ўмовы: па-першае, атакаваная дзяржава павінна звярнуцца па такую дапамогу, а па-другое, «узброены напад» сапраўды павінен быў адбыцца, і ўсе астатнія дзяржавы-члены павінны з гэтым пагадзіцца.

А цяпер самае важнае: як бы дзіўна гэта ні гучала, але па нормах міжнароднага права не кожнае прымяненне зброі паміж дзяржавамі з'яўляецца «ўзброеным нападам».

У свой час Міжнародны суд ААН вырашыў, што ўзброеным нападам з'яўляюцца толькі «найбольш сур'ёзныя формы прымянення сілы», і абавязаў усе дзяржавы адмяжоўваць узброеныя напады ад «іншых менш сур'ёзных формаў».

Прынамсі, не кожны акт агрэсіі супраць дзяржавы НАТА дасягае той лініі, пасля якой можна казаць пра «напад» на яе. Напрыклад, член НАТА Турцыя ў 2015 і 2020 гадах, калі сутыкнулася з нападамі «Ісламскай дзяржавы» на яе, таксама не ўздымала пытанне пра артыкул 5, а абмежавалася кансультацыямі па бяспецы ў Альянсе. Гэта значыць зрабіла тое ж, што і Польшча пасля расійскіх дронавых атак.

Выразная мяжа, пасля якой можна казаць пра «напад», у дакументах НАТА не вызначаная. Але Расія зрабіла ўсё, каб гарантавана яе не перакрочыць.

Што павінна было адбыцца, каб дзеянні РФ сталі нападам на НАТА? Як мінімум, гаворка павінна ісці пра мэтанакіраваную, свядомую і санкцыянаваную расійскім кіраўніцтвам атаку на канкрэтныя важныя аб'екты ў Польшчы. Прычым усе выдзеленыя словы маюць значэнне.

Выпадковае перасячэнне мяжы расійскімі дронамі або ракетамі, як гэта неаднаразова было ў мінулым — з'яўляецца актам агрэсіі супраць Польшчы, Румыніі і г.д., але не з'яўляецца ўзброеным нападам на іх.

Цяперашняя гісторыя з мэтанакіраваным выкарыстаннем дронаў супраць Польшчы — таксама не з'яўляецца нападам, таму што гэтыя беспілотнікі, мяркуючы па іх хаатычных падзеннях у розных паветах краіны — не мелі канкрэтных цэляў на польскай тэрыторыі. А калі пацвердзіцца здагадка, што яны не неслі баявой часткі — гэта дадаткова выключыць класіфікацыю гэтай гісторыі як нападу на Польшчу.

Нават калі ўрэшце дроны трапяць у пэўны аб'ект на тэрыторыі дзяржавы — члена НАТА — павінна не быць абгрунтаваных падстаў для сумневаў у тым, ці не было гэта выпадковасцю, напрыклад, памылкай навядзення.

Напрыклад, у выпадку трапляння ў ферму пад Люблінам будзе няпроста даказаць, што Пуцін ваюе менавіта з уладальнікам гэтай фермы. Аднак адначасовы запуск некалькіх дронаў і/або ракет у лагістычны цэнтр у Жэшуве не пакіне сумневаў у тым, што гаворка ідзе пра свядомы напад. Нават у выпадку, калі гэтыя дроны і ракеты саб'юць на падлёце да цэлі.

Вось у гэтым выпадку перад НАТА сапраўды паўстане пытанне, як дзейнічаць і якімі будуць наступствы ўжывання артыкула 5 у дачыненні да Расіі. Але цяпер пра гэта няма падстаў гаварыць.

Навошта гэта Пуціну?

У адрозненне ад правіл і звычаяў НАТА або нормаў міжнароднага права, якія з'яўляюцца хоць неяк урэгуляванымі і зразумелымі для спецыялістаў — адносна матываў дзеянняў Крамля ў гэтай вайне можна рабіць толькі здагадкі.

Зрэшты, з высокай упэўненасцю можна сцвярджаць, што Пуцін разумее: цяперашняя агрэсія супраць дзяржавы НАТА, хай нават узважаная і дакладна не выкліча ўзброеных дзеянняў Альянсу ў адказ, з'яўляецца свядомым павышэннем ставак з расійскага боку ў супрацьстаянні з Захадам.

А гісторыя з дронавай атакай на Польшчу, адносна наўмыснасці якой няма ніякіх сумневаў, дадаткова падымае верагоднасць таго, што і іншыя элементы адначасовага абвастрэння — напрыклад, абстрэл «Іскандэрам» Дома ўрада ў Кіеве — не з'яўляюцца выпадковымі.

Чаму менавіта цяпер? Ці з'яўляецца гэта элементам ціску на Трампа і з якой менавіта мэтай? Ці звязана гэта з нядаўняй сустрэчай Уладзіміра Пуціна, Сі Цзіньпіна і яшчэ некалькіх «антызаходніх» лідараў у Пекіне? Ці ёсць згода Кітая на гэта кантраляванае абвастрэнне?

Адказы на гэтыя пытанні можна толькі дапускаць без упэўненасці. Але ёсць таксама цалкам зразумелыя задачы РФ, якія развязвае дронавая атака на Польшчу.

Стратэгічная мэта Пуціна — развал «калектыўнага Захаду « і падрыў даверу паміж чальцамі НАТА. Відавочна спланаваная Расіяй атака на члена Альянсу (ды яшчэ і Польшчу, блізкага саюзніка ЗША), пасля якой НАТА не можа ўчыніць дзеянняў у адказ — ідэальна падыходзіць для гэтай мэты. Таму што пытанняў і прэтэнзій да «бездапаможнага НАТА» — не пазбегнуць.

Таксама вельмі эфектыўным стаў падрыў даверу да СПА Альянсу. Вынікі адбіцця гэтай атакі, улічваючы прыцягненне яшчэ і нідэрландскай авіягрупы, з'яўляюцца сапраўды непрымальна дрэннымі. Вядома, гэта можна растлумачыць і тым, што дроны не накіроўваліся на стратэгічныя аб'екты, дзе абарона, магчыма, вышэйшая; і тым, што польскае войска не мае баявога вопыту, а расіяне ў вайне з Украінай гэты вопыт атрымалі. Але гэта — хутчэй «апраўданне», чым тлумачэнне, і яно не разбівае аргументаў пра недастатковую абарону НАТА, а, магчыма, толькі ўзмацняе іх.

Акрамя таго, ад арганізацый, якія манітораць інфармацыйную прастору ў Польшчы, паступае інфармацыя, што ў польскім сегменце сацсетак актывізаваліся боты, якія прасоўваюць выгадныя Расіі наратывы — ад «НАТА вам не дапаможа» да «Украіна вінаватая».

У сітуацыі, якая склалася, не толькі Польшча, але і Альянс у цэлым апынуліся перад няпростым выбарам.

Калі дзейнічаць паводле старых звычаяў, што ёсць у НАТА яшчэ з часоў супрацьстаяння з СССР — гэта значыць устрымацца ад адказу, і эскалацыі, а замест гэтага «пачаць дыялог» з Расеяй, каб такога больш не паўтарылася — гэта стане для Альянсу правалам, а для Пуціна — адназначнай перамогай.

Акрамя таго, гэта засведчыць для Крамля, што стратэгія паступовай эскалацыі выдатна працуе, і мы вельмі хутка ўбачым пераход на іншыя прыступкі. У тым ліку з ужываннем зброі супраць канкрэтных аб'ектаў на польскай тэрыторыі.

Каб пазбегнуць гэтага, НАТА павінна рэагаваць, але рабіць гэта асіметрычна, неваенным шляхам. І шлях не з'яўляецца сакрэтам, пра яго ўжо кажа афіцыйны Кіеў.

У прыватнасці, павінен быць сапраўды балючы для Крамля агульны санкцыйны адказ членаў ЕС і НАТА. Але ці гатовы Захад, а перш за ўсё прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пераадолець сваю нерашучасць і зрабіць гэты крок? Гэтае пытанне застаецца адкрытым.

А яшчэ Кіеў заклікае НАТА нарэшце пачаць збіваць ракеты і дроны яшчэ над Украінай — а дзякуючы гэтаму і самому атрымаць неабходны вопыт для самаабароны. Рашэнне даўно наспела, якое павінна было быць прадыктавана інстынктамі самазахавання.

Магчыма, ганебны вынік у абароне Польшчы ад дронавай атакі нарэшце прымусіць саюзнікаў вярнуцца да гэтага варыянту.

Каментары12

  • Cмешна ў роце
    10.09.2025
    Польскі твітар дэманструе, як рускія самалёты проста вось тэраз лётаюць праз Польшчу...У Хургады і Стамбулы, без праблем
  • Абу
    10.09.2025
    Неверагоднае НАТА, чаму ты не перамагло ў 25-ым? Адно й можаш, што сустракаць путлера кветачкамі на Алясцы; разувацца, устаючы на трыбуну, каб выказаць чарговую занепакоенасць і махаць сваімі сінімі сцяжкамі!
  • Ната заклапочанна
    10.09.2025
    Агучыць РАШУЧУЮ ЗАКЛАПОЧАНАСЦЬ .

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Гэта было не вызваленне, а дэпартацыя

Ціханоўская: Гэта было не вызваленне, а дэпартацыя

Усе навіны →
Усе навіны

«Ужо не ў турме, але не магу сказаць, што на волі». Уладзімір Мацкевіч напісаў першы пост пасля вызвалення

Вязень сумлення Дзмітрый Казлоў (блогер Шэры Кот) да і пасля вызвалення ФОТАФАКТ1

Коўл: Мяч быў на нашым баку, мы павінны былі нешта зрабіць. Трамп хоча гэтых адносін12

Мікола Дзядок: Варыянт застацца ў турме не разглядаў4

Прынамсі ў часткі палітвязняў перад тым, як выслаць з Беларусі, адабралі пашпарты11

Лукашэнкаўскія спецслужбы пачалі распаўсюджваць фэйк, што Мікола Статкевіч — у Літве13

Беларускі журналіст заклікаў біць артылерыяй па Драздах, а не таргавацца38

Што будзе з беларусамі, якія паспеюць да закрыцця мяжы з Польшчай прайсці кантроль толькі ў адзін бок?

МЗС Расіі запатрабавала ад Польшчы не закрываць мяжу з Беларуссю і намякнула на наступствы12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Гэта было не вызваленне, а дэпартацыя

Ціханоўская: Гэта было не вызваленне, а дэпартацыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць