У Германіі адбылося грандыёзнае рабаванне банка на мільёны еўра, якога ніхто не заўважыў
Гэта было самае эфектнае рабаванне банка ў Германіі за апошнія гады, і яно здольнае справакаваць палітычны крызіс.

У ціхія выхадныя адразу пасля Калядаў група злодзеяў уварвалася ў банк на галоўнай вуліцы заходняга горада Гельзенкірхен, прасвідраваўшы сцяну прамысловым дрылём. Яны ўзламалі больш за 3 000 дэпазітарных ячэек і зніклі з мільёнамі еўра, распавядае ВВС.
Праз месяц паліцыя ўсё яшчэ не зрабіла ніводнага арышту. Для кліентаў банка, некаторыя з якіх кажуць, што страцілі свае пажыццёвыя ашчаджанні, каштоўныя сямейныя ўпрыгожванні і маёмасць, гэта час гневу, разгубленасці і шоку. Прысутнічае моцнае пачуццё, што давер да інстытутаў пахіснуўся.
Гэтая справа паставіла мноства складаных пытанняў, і некаторыя з іх агучыў Герберт Ройль, міністр унутраных спраў заходняй зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія. Чаму ніхто не заўважыў, што адбываецца? Ці было гэта справай «сваіх» людзей? Чаму ніхто не чуў дрыль і адкуль злодзеі дакладна ведалі, дзе знаходзіцца сховішча? Ці не былі сістэмы бяспекі банка занадта слабымі?
Следчыя мяркуюць, што злодзеі, верагодна, праніклі ў ашчадны банк Sparkasse на Ніенхофштрасэ праз суседнюю шматпавярховую паркоўку ў гарадскім раёне Буэр.
Злодзеі маглі пашкодзіць запасныя дзверы паміж паркоўкай і банкам.
Пры звычайных абставінах дзверы не маглі быць адчыненыя звонку, але бандзе ўдалося зрабіць так, каб яны больш не зачыняліся належным чынам, што дазволіла ім мець «бесперашкодны доступ з паркоўкі ў будынак Sparkasse».
Адтуль, як лічыць паліцыя, яны пераадолелі некалькі сістэм бяспекі і прабраліся ў архіўны пакой побач са сховішчам у падвале банка. Яны ўсталявалі свідравальны апарат і прасвідравалі ў сцяне адтуліну шырынёй 40 см, якая вяла ў сейфавы пакой, дзе захоўваліся дэпазітарныя ячэйкі.

Паводле звестак афіцыйных асоб, рабаванне, імаверна, адбылася ў перыяд паміж суботай 27‑га і панядзелкам 29 снежня.
Яны мяркуюць, што ўзломшчыкаў маглі злавіць незадоўга да таго, як яны дабраліся да сховішча.
Адразу пасля 06:00 27 снежня пажарная служба Гельзенкірхена і прыватная ахоўная фірма атрымалі папярэджанне аб пажарнай трывозе з банка, якое магло быць выклікана злодзеямі. Паліцыя і 20 пажарных прыбылі ў банк у 06:15, «але не змаглі знайсці нічога, што паказвала б на пашкоджанні», гаворыцца ў заяве паліцыі.
Пажарная сігналізацыя паступіла менавіта са сховішча, паведаміў Герберт Ройль. Але пажарныя не змаглі ўвайсці, бо яно было зачынена ралетамі. Ройль сказаў, што яны не ўбачылі «ні дыму, ні паху гару, ні пашкоджанняў», таму яны «прылічылі гэта да ілжэйтрывогі», што, паводле яго слоў, не было нечым незвычайным.
Паліцыя не мела права на агляд у банку ў той час, бо гэта была справа пажарнай службы. Ім спатрэбіўся б ордар.
Апынуўшыся ўнутры сховішча, злодзеі адчынілі амаль усе 3 250 дэпазітарных ячэек, забраўшы наяўныя грошы, золата і ўпрыгожванні.

Ройль паведаміў, што камп’ютарныя сістэмы банка паказваюць: першая скрынка была ўзламаная ў 10:45 27 снежня, а апошняя — у 14:44. Пакуль незразумела, ці ўдалося ім адчыніць большасць скрынак за чатыры гадзіны, ці тэхналогія проста перастала запісваць даныя.
Пазней сведкі паведамілі паліцыі, што бачылі некалькіх мужчын на лесвічнай клетцы паркоўкі з вялікімі сумкамі ў ноч на 28 снежня.
Улады кажуць, што дакладна не ведаюць, колькі было выкрадзена, але нямецкія СМІ ацэньваюць, што злодзеі маглі збегчы з сумай да 100 мільёнаў еўра.
Пазней паліцыя апублікавала фатаграфіі і відэазапісы з камер паркоўкі, на якіх бачны мужчыны з закрытымі тварамі і два аўтамабілі: чорны Audi RS 6 і белы Mercedes Citan. Абодва мелі падробленыя нумарныя знакі.
Крадзеж быў выяўлены толькі 29 снежня, калі ў панядзелак а 3:58 спрацавала яшчэ адна пажарная сігналізацыя, і пажарныя, вярнуўшыся ў банк, выявілі хаос.

Герберт Ройль сказаў, што гэта выглядала як «сметнік», з больш чым 500 000 прадметаў, раскіданых па падлозе — змесцівам дэпазітарных ячэек, што злодзеі пакінулі пасля сябе.
Паліцыя паведаміла, што многія рэчы былі пашкоджаныя пасля таго, як злодзеі аблілі іх вадой і хімікатамі. З таго часу яны старанна разбіраюць рэшткі, спрабуючы вызначыць, што каму належыць.
Калі сталі вядомыя падрабязнасці рабавання, каля Sparkasse сабралася каля 200 кліентаў, патрабуючы, каб іх пусцілі ўнутр. Паліцыя прыбыла на некалькіх патрульных машынах і ачапіла ўваход.
63‑гадовы Іаахім Альфрэд Вагнер сказаў, што страціў не толькі золата на дзясяткі тысяч еўра, але і ўпрыгожванні, якія належалі яго бацьку, бабулі і дзядулі. Ён арандаваў ячэйку пасля некалькіх узломаў у яго кватэры, думаючы, што яго каштоўнасці будуць там у бяспецы. «Я плакаў ад лютасці», — сказаў ён.
Банк заявіў, што змесціва ячэек звычайна застрахавана на 10 300 еўра кожная. Вагнер — адзін з першых, хто падаў пазоў супраць банка, патрабуючы пакрыцця шкоды за тое, што яго адвакат Даніэль Кульман назваў «слабай бяспекай».
Іншы кліент паклаў 400 000 еўра наяўнымі ад продажу кватэры, якія прызначаліся для яго жыцця на пенсіі.
Банк заявіў, што сам стаў ахвярай злачынства і што яго памяшканні былі «забяспечаны ў адпаведнасці з прызнанымі сучаснымі тэхналогіямі». У той час як некаторыя кліенты мелі афіцыйныя квітанцыі на змесціва сваіх ячэек, іншыя — не.
«Нават Sparkasse не ведае, што знаходзіцца ў [скрынках], бо кожны чалавек можа пакласці туды ўсё, што захоча», — сказаў Герберт Ройль. Ён падкрэсліў, што псіхалагічную шкоду не варта недаацэньваць.
«Нам трэба дапамагчы пацярпелым», — сказаў ён. «Для многіх гэта больш, чым проста страта маёмасці, гэта таксама можа паўплываць на іх давер да ўласнага пачуцця бяспекі і… на іх давер да нашага парадку».
Начальнік паліцыі Цім Фраммаер заявіў, што яны маюць справу з «адной з самых буйных крымінальных спраў у гісторыі зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія»: «Маё ведамства і ўсе яго супрацоўнікі ўсведамляюць маштаб гэтай справы. Фінансавая шкода, няўпэўненасць і расчараванне вельмі глыбокія!»
Неўзабаве пасля таго, як крадзеж быў выяўлены, нямецкая праварадыкальная партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) правяла мітынг каля банка.
Нямецкі часопіс Der Spiegel напісаў, што рабаванне стала палітычным пытаннем і сімвалам чагосьці большага, чым само злачынства: «Адчуванне таго, што абяцанні бяспекі пустыя, што інстытуты цярпяць няўдачу, і што ў канчатковым выніку ніхто не нясе адказнасці».
Каментары
Pra ūsio paklapocicca ŠI, strachavyja kampanii, prahramy, startapy, i pustaja balbatnia z tannymi zabaūkami dlia stračvajučaha svoj intelekt zambavanaha plebsu... Dumac nia treba...
Хочацца крытыкаваць левыя ідэі - крытыкуйце кітай.
І не дурыце галаву.