Дзясяткі гадоў экспедыцый у адным ютуб-канале. У Беларусі прэзентавалі відэархіў Міколы Козенкі з народнымі танцамі і абрадамі
У мінскай Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла прэзентацыя лічбавай версіі архіва знакамітага этнахарэографа Міколы Козенкі. Вялікі масіў відэаматэрыялаў, якія збіраліся па ўсёй краіне на працягу чатырох дзесяцігоддзяў, цяпер будзе даступным публіцы на папулярных відэаплатформах. Гэта спроба вярнуць жывы народны танец з вузкага навуковага асяроддзя ў штодзённы ўжытак.

Урачыстае адкрыццё архіва адбылося ў суботу, 14 лютага, у будынку бібліятэкі на вуліцы Веры Харужай, 16.
Праект апрацоўкі і публікацыі запісаў стаў вынікам працы валанцёрскай ініцыятывы, якая сістэматызавала відэаматэрыялы, зробленыя Міколам Козенкам у перыяд з 1980‑х па 2010‑я гады.
Цяпер на ютуб-канале @archiu-kozenka ўжо выкладзена больш за сотню відэаролікаў. Хоць афіцыйныя акаўнты праекта ў інстаграме і тыктоку пакуль застаюцца пустымі, відавочна, што яны таксама будуць напаўняцца архіўным відэакантэнтам.
Што можна пабачыць
Асноўны пласт выкладзеных на сёння запісаў ахоплівае Заходняе Палессе і суседнія рэгіёны — Бярозаўскі, Столінскі, Кобрынскі, Івацэвіцкі, Іванаўскі, Драгічынскі, Пінскі, Лунінецкі, Маларыцкі і Камянецкі раёны. Самыя раннія кадры датуюцца 1991 годам.
Гледачы могуць убачыць не толькі папулярныя «Абэрак» ці «Польку», але і менш вядомы «Лысы» (Карапет), а таксама ўнікальныя лакальныя варыянты накшталт «Сінкевіцкай кадрылі».
Асаблівую каштоўнасць маюць запісы 1999—2006 гадоў, калі Мікола Козенка фіксаваў складаныя абрадавыя комплексы: «Ваджэнне Куста» на Тройцу ў Коланску, каляднае «Коня водыты» ў вёсцы Дзяменічы і вясельнае «Сватанне» з Радастава. А таксама запісы, дзе зафіксаваны не толькі самі танцы, але і каментары носьбітаў пра танцавальны этыкет, манеру запрашэння і ролю песні.
Постаць даследчыка
Мікола Аляксеевіч Козенка, нараджэнец мазырскіх Целепуноў, прысвяціў традыцыйнай культуры паўстагоддзя. Ягоная біяграфія — гэта шлях ад артыста балета ў вайсковым ансамблі да вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута мастацтвазнаўства і арганізатара знакавых фестываляў «Берагіня» і «Беларуская полька».
Пры наяўнасці больш за 170 публікацый і дзяржаўнага прызнання, яго галоўная праца — тысячастаронкавы рукапіс «Чачэрскі фальклор у сучасных запісах» — дагэтуль застаецца ненадрукаванай. Гэты факт толькі падкрэслівае важнасць з’яўлення ютуб-архіва як альтэрнатыўнага спосабу захавання спадчыны.
Публікацыя архіва дае добрую аснову для фальклорных гуртоў, якія цяпер могуць пераймаць манеру беларускага танцу непасрэдна ад носьбітаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
Каментары