«Для нацыянальнага міфа дастаткова таго, што «мы перамаглі іх, адстаялі сваю зямлю». Адказ на непапулярнае меркаванне Антося Жукава
Не разумею, навошта ўвогуле дзень вайсковай славы, але што тычыцца аргументаў супраць бітвы пры Оршы, то мушу не пагадзіцца, адрэагаваў у фэйсбуку на непапулярнае меркаванне Антося Жукава адзін з адміністратараў беларускай Вікіпедыі Уладзіслаў Чаховіч.

Па-першае, трэба забыць пра тое, што «нацыі з'явіліся толькі ў XIX стагоддзі» — гэта ўсё навуковая тэорыя, а мы гаворым пра нацыянальны міф, дзе няма такіх умоўнасцяў. І скандынавы Рагвалодавічы, і літоўцы Гедзімінавічы ўцягваюцца ў нацыянальны міф беларусаў, не зважаючы на этнічнае паходжанне, веру і даўнасць гадоў, калі ніякіх беларусаў не існавала. Гэтак жа робяць абсалютна ўсе нацыі.
Мы ступілі на слізкую сцежку «нацый не існавала да XIX стагоддзя» ў спробе пераадолець супярэчнасці і канфлікты з літоўцам вакол спадчыны ВКЛ.
На жаль, наша саманазва саслужыла кепскую службу, што цяпер, з'яўляючыся нашчадкамі тых людзей, якія жылі ў ВКЛ, кіравалі ВКЛ і ваявалі за ВКЛ, жывучы ў межах, якія супадаюць з межамі ВКЛ, і размаўляючы на мове, якая з'яўляецца натуральным працягам дзяржаўнай мовы ВКЛ, вымушаныя яшчэ камусьці нешта даказваць пра свае правы і, што самае ганебнае — апраўдвацца і выбачацца ў размовах пра спадчыну ВКЛ.
Мы самі сябе заганяем у пастку маладой нацыі. Паспрабуйце патлумачыць палякам, што ў Грунвальдскай бітве перамаглі не яны, што ў бітве пад Венай Еўропу ад асманаў выратавалі нейкія іншыя палякі, бо «сучасныя нацыі з'явіліся толькі ў XIX стагоддзі».
Паспрабуйце англічанам патлумачыць, што кароль Артур і каралева Боўдыка гэта не яны, што ў бітве пры Азенкуры ў 1415 годзе перамаглі нейкія іншыя англічане. Паспрабуйце ім, англічанам і французам, патлумачыць, што гэта проста феадальныя войны, якія не маюць да іх ніякага дачынення, хто гінулі за манарха, а не за свой народ і да т.п.
Раскажыце італьянцам, што іх не існавала да XIX стагоддзя, бо і дзяржавы такой не было, што Арчымбольда міланец, Берніні неапалітанец, а Мікеланджэла фларэнціец, але ніякія не італьянцы «ў сучасным разуменні гэтага слова». І даруй Божа вам сказаць, што італьянцы не маюць ніякага дачынення да Старажытнага Рыма, бо гэта было вельмі даўно і італьянцамі яны сябе не называлі, а тыя, хто называліся італікамі — былі на другіх ролях і ваявалі з рымлянамі. Ва ўсіх выпадках суразмоўца пакруціць пальцам каля скроні.
Нацыі не ўзнікаюць у паветры, ім папярэднічаюць канкрэтныя народы і канкрэтныя дзяржавы, у межах якіх яны выспяваюць.
Калі вам цяжка казаць пра тое, што перамогі пад Грунвальдам і Оршай — гэта перамогі беларускай нацыі, бо «нацыі ў сучасным разуменні з'явіліся толькі ў XIX стагоддзі», то думайце пра беларусаў не як пра нацыю, а як пра народ ці этнас (хоць гэта ўсё бакі аднаго медаля). У якім часе б вы ні зрабілі гістарычны зрэз, на любым з іх будзе адзін і той жа народ. Ён можа змяняць назвы, рэлігію, культуру і побыт, але пераемнасць пакаленняў захоўваецца на працягу тысячагоддзяў.
Па-другое, бітва пад Оршай пазітыўная. Прапануюць ганарыцца Слуцкім збройным чынам, але вось там сапраўды пытанне: а чым? Гэта гісторыя пра ўласную слабасць і паражэнне перад Масквой, бітва пад Оршай — гісторыя перамогі над пераўзыходнымі сіламі маскоўцаў.
Гэта гісторыя перамогі не сілы, а таленту, гэта гісторыя перамогі не колькасці, а тэхналогій, гэта, урэшце, гісторыя самога Астрожскага, які змагаўся з Масквой нягледзячы на адзінства веры і прыгнёт праваслаўя ў Рэчы Паспалітай — вельмі дыдактычная гісторыя для маладых пакаленняў. Гісторый перамог вельмі бракуе ў беларускім наратыве, але калі б іх было шмат, то мы б і не былі там, дзе ёсць сёння. Таму, калі трэба заглыбіцца на 500 гадоў у гісторыю, каб знайсці такую пазітыўную перамогу — мы мусім гэта зрабіць.
Праўдзівая яна ці не, ці тыя былі суадносіны, ці іншыя, мела бітва нейкае вырашальнае значэнне для вайны ці не — гэта пытанні для навукоўцаў, для нацыянальнага міфа дастаткова таго, што «МЫ перамаглі ІХ, адстаялі СВАЮ зямлю».
Ці вы думаеце, у іншых гісторыях шмат праўды? Многія з іх вынайдзеныя і рамантызаваныя ў XIX стагоддзі, калі розныя народы будавалі свае нацыі.
Не трэба дапамагаць сцярвятнікам, якія з розных бакоў кружаць над беларусамі, выцягваць са свайго ўласнага целы жылы.
Калі там перамагло войска ВКЛ, то я з лёгкасцю магу ўявіць, што там біліся і перамаглі дзясяткі і сотні маіх продкаў — ну за нешта ж яны ўсе атрымалі шляхецтва ў выніку. Чаму б мне не ганарыцца дасягненнем сваіх дзядоў? У мяне іншых дзядоў няма.
Магчыма, матэматыка дазволіць вам зразумець, што бітва пад Оршай — гэта пра вас. Калі сярэдні ўзрост аднаго пакалення 25 гадоў, то бітва была ад мяне на адлегласці 19 пакаленняў, а гэта 524 288 продкаў!
Зразумела, што насамрэч менш, а палова жанчыны, але з улікам тагачаснага насельніцтва верагоднасць таго, што вы проста генетычны нашчадак пераможцаў пад Оршай, вылічыць вельмі лёгка.
Абсалютна не выключана, што сярод вашых продкаў былі і маскоўцы, якія біліся на іншым баку, але сёння вы, як частка беларускай нацыі, якая вырасла з крыві і плоці тых ваяроў, на баку пераможцаў.
Каментары
Нам, літвінам і русінам, няма чаго даказваць. Мы не маем комплексу непаўнавартасці. Мы сталі нацыяй, калі іншыя яшчэ жылі ў зямлянках ды не ймелі уласнай пісьмовай мовы.
Мы ёсць той народ, якому належыць Літва, руская мова й літоўская "Пагоня".
Падобнае чул ад ютуб гісторыка з Украіна Мы з літувісамі ( літоўцамі) былі нацыястваральнымі у ВКЛ( Руськае і Жамойцкае ні ведаюць) і перамаглі у Грунвальдзкай бітве
Але у курсе гісторыі Украіна кажуць гэтая падзея амаль ні асвятляецца
Аб беларусах неяк ні ўзгадвают .хутчэй нічога ні ведаюць