Лукашэнка зноў апалчыўся на пасярэднікаў. Гэтаму змаганню ўжо хутка 20 гадоў
Аляксандр Лукашэнка на адмысловай нарадзе які ўжо раз даручыў сілавым структурам больш жорстка змагацца з пасярэднікамі пры продажы беларускіх тавараў. На яго думку, менавіта яны часта значна павышаюць канчатковыя цэны для пакупнікоў.

На нарадзе абмяркоўвалася сітуацыя, калі кошт тавару на заводзе значна адрозніваецца ад кошту ў краме. Паводле слоў Лукашэнкі, у ланцужку продажу могуць з’яўляцца некалькі пасярэднікаў, кожны з якіх дадае сваю нацэнку — каля 25—30%. У выніку цана можа вырасці ў некалькі разоў.
У якасці прыкладу ён прывёў карданны вал, які на заводзе каштаваў 140 рублёў. Пасля праходжання праз некалькі пасярэднікаў яго кошт для пакупніка вырас прыкладна ў шэсць з паловай разоў.
Лукашэнка адзначыў, што пасярэднікі не заўсёды з’яўляюцца праблемай, бо ў некаторых выпадках яны сапраўды патрэбныя. Аднак, паводле яго слоў, бываюць схемы, калі іх становіцца занадта шмат, а ў ланцужок уключаюць нават замежныя кампаніі, каб абыходзіць абмежаванні на гандлёвыя нацэнкі.
«У выніку ўсе нацэнкі, якія асядаюць у кішэнях такіх дзялкоў, даводзіцца аплачваць звычайным спажыўцам. Гэта абуральна, і прыкладаў больш чым дастаткова», — заявіў Лукашэнка.
Міліцыя таксама падала свае даныя: у 2025 годзе было выяўлена больш за 400 злачынстваў, звязаных з закупкамі, і больш за палову з іх — гэта хабарніцтва.
Паводле інфармацыі ўладаў, у 2023—2025 гадах Нацыянальны цэнтр электронных паслуг і кампанія «Беларускія воблачныя тэхналогіі» заплацілі пасярэднікам больш за 10 мільёнаў рублёў у выглядзе нацэнак.
Сярод прапанаваных на нарадзе мер — змяненне заканадаўства аб закупках, стварэнне рэестра нядобрасумленных пасярэднікаў і распрацоўка фінансавых механізмаў, якія дазволяць прадпрыемствам прадаваць тавары нават пакупнікам з пратэрмінаванай запазычанасцю.
Галоўная ж мера ў Лукашэнкі ўніверсальная:
«Як толькі мы ўбачым пасярэднікаў на беларускую прадукцыю, ты не разбірайся. Як толькі ўбачылі, што ў нас пасярэднікі на цукеркі, шакалад, адзенне, малако, мяса, тэхніку беларускай вытворчасці, — адразу ў СІЗА», — загадаў ён генпракурору Дзмітрыю Гары.
Падчас гэтай самай нарады стала вядома, што ў СІЗА ўжо адправіўся міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк.
Лукашэнка марыць пра тое, каб выключыць з беларускай эканомікі пасярэднікаў, шмат гадоў. На яго думку, гэта вырашыла б многія праблемы. Амаль 17 гадоў таму, 28 ліпеня 2009 года, была нават выдадзена пастанова Савета Міністраў № 991 «Аб некаторых пытаннях набыцця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», паводле якой з 31 ліпеня 2009-га ў краіне фактычна быў забаронены аптовы перапродаж тавараў, а юрыдычным асобам закупкі дазвалялася рабіць толькі ў вытворцаў тавараў або іх афіцыйных прадстаўнікоў. Але гэтую пастанову праз некалькі дзён давялося адмяніць, паколькі яна ледзь не прывяла да калапсу ўсяго гандлю.
З таго часу настолькі рэвалюцыйных крокаў больш не рабілі, але мара Лукашэнкі пазбавіцца ад пасярэднікаў нікуды не дзелася, і ён час ад часу да гэтай тэмы публічна вяртаецца. Так, у 2021 годзе на УНС ён запатрабаваў пасярэднікаў «дашчэнту выкараніць», паставіўшы на месца тых, хто «жыруе на сялянах».
Амаль два гады таму, у красавіку 2024 года Лукашэнка на нарадзе пра стан і задачы развіцця прамысловасці назваў сітуацыю з пасярэдніцтвам катастрофай і заявіў, што збіраецца правесці нараду па яго ліквідацыі.
«Трэба запланаваць нараду ў мяне — хай урад мне зробіць справаздачу па ліквідацыі пасярэдніцтва. Я ўжо дзесяць разоў пра гэта казаў: каб разам з губернатарамі прынялі рашэнні. Гэта катастрофа», — заявіў ён.
Як выглядае, рукі да такой нарады дайшлі толькі цяпер. Між тым за гэты час з'явіліся расследаванні, як шмат на пасярэдніцтве пры продажы БелАЗаў зарабляюць людзі, звязаныя з сынамі самога Лукашэнкі.
Каментары
2 роты хопіць на ўсіх дзялкоў у краіне, каб гэта спыніць.
Што, няма палітычнай волі? Не падымаецца?