«Не суйце свой нос». МЗС Беларусі нахаміла міністру замежных спраў Польшчы
Радаслаў Сікорскі пракаментаваў выбары ў Беларусі, а МЗС яму адказала словамі Лукашэнкі.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пракаментаваў выбары ў Беларусі і наткнуўся на хамства з боку беларускага МЗС.
«Сёння «выбары» ў Беларусі. Чаканне, каго аб’явяць пераможцам, невыноснае», — напісаў Сікорскі ў твітары.
У іншым твіце польскі міністр папрасіў журналістаў не называць Лукашэнку «апошнім дыктатарам Еўропы».
«Уладзімір Пуцін дагнаў і пераўзышоў яго ў злачынствах, рэпрэсіях і міжнароднай агрэсіі», — адзначыў Сікорскі.
У твітары яму адказала беларускае МЗС.
«Спадар міністр, выбары ў Польшчы адбудуцца 18 мая 2025 года, і толькі гэтыя выбары павінны вас хваляваць.
Займіцеся праблемамі сваёй краіны і свайго народа, а «не суйце нос не ў свае справы», як толькі што сказаў Лукашэнка», — напісаў ў рэплаях вядучы міністэрскага твітара.
У МЗС працытавалі выказванне Лукашэнкі на сённяшняй прэс-канферэнцыі. Словы Сікорскага яго папрасіла пракаментаваць Наталля Эйсмонт.
«Навошта вы чапляеце Расію? Навошта вы Пуціна тузаеце? Ну што ў вас, праблем не хапае? Сікорскі ж дасведачаны чалавек. Мы з ім сустракаліся, гутарылі. Чаго яму не сядзіцца наконт нашых выбараў? Ён хай думае, што будзе заўтра. Сёння гноем закідалі Міністэрства замежных спраў польскія сяляне. А заўтра? Таму супакойцеся! Мы што, пра вас нешта кажам? Не», — заявіў Лукашэнка.
Ён дадаў, што Беларусь магла б умяшацца ў польскія прэзідэнцкія выбары, якія адбудуцца ў маі.
«Калі хочаце, можам паказаць, што мы нешта ўмеем. З штучным інтэлектам, IT-тэхналогіямі і іншым. Але мы такой мэты не ставім. Нам гэта не трэба. Мы не хочам эскалацыі, мы гэта не будзем рабіць. А мы з вамі людзі веруючыя. Мы — хрысціяне. Не дай бог Ён гэта ўбачыць і пачне разбірацца. Мала не здасца. Нам, але вам тым больш. Таму давайце жыць дружна!» — сказаў Лукашэнка.
Ён папрасіў польскага журналіста, які прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, «чыркануць Сікорскаму, што хай свой нос не суе, куды яго не просяць».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары