Хто такая Аліса Вайдэль — кандыдатка на пасаду канцлера Германіі ад ультраправай «Альтэрнатывы»
Выступае супраць аднаполых шлюбаў і мігрантаў, але сама жыве з жанчынай шры-ланкійскага паходжання.

Партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) упершыню ў сваёй 11-гадовай гісторыі вылучыла кандыдата на пасаду федэральнага канцлера. Ім стала 45-гадовая сустаршыня партыі Аліса Вайдэль, паведамляе Euronews.
Прымаючы намінацыю, Вайдэль адзначыла: «Наша краіна ўжо не тая, што была раней. Мы хочам зноў вывесці Германію наперад і вярнуць ёй першае месца ў свеце. Мы — другая па сіле партыя ў краіне і атрымліваем права на ўрад».
Паводле апошніх апытанняў, АдГ падтрымліваюць каля 18% выбаршчыкаў, што істотна менш, чым у кансерватыўнага блока ХДС/ХСС, які лідзіруе з 32%. Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ), якая прадстаўляе цяперашняга канцлера Олафа Шольца, займае трэцяе месца.
Аліса Вайдэль у сваіх прамовах адзначала, што натхняецца былой брытанскай прэм'еркай Маргарэт Тэтчэр і што Германія павінна спыніць усе пастаўкі зброі Украіне, каб спыніць вайну.
«Мы — партыя міру. Калі вы не жадаеце вайны ў Германіі, галасуйце за АдГ», — заклікала Вайдэль.
Напярэдадні выбараў у Бундэстаг, якія маюць адбыцца ў лютым 2025 года, Вайдэль прадставіла некалькі асноўных пунктаў сваёй праграмы:
- Прасоўванне выхаду Германіі з Еўрапейскага саюза.
- Жорсткая антыміграцыйная і антыісламская палітыка.
- Падтрымка кансерватыўных і хрысціянскіх каштоўнасцяў, недапушчальнасць аднаполых шлюбаў.

Нягледзячы на тое, што Вайдэль выступае супраць аднаполых шлюбаў, яна сама жыве ў Швейцарыі ў аднаполым партнёрстве з Сарай Босард, кінематаграфісткай са Шры-Ланкі. У іх ёсць двое сыноў, перадае партал The Insider са спасылкай на нямецкія медыя.
Акрамя таго, у палітычнай праграме Вайдэль фігуруюць пункты аб зніжэнні падаткаў і цэн на электраэнергію, аднаўленні вытворчасці энергіі на АЭС і вугальных электрастанцыях, а таксама аб закупках трубаправоднага газу з Расіі.
Сустаршыня АдГ таксама выказвалася за ўзмацненне палітыкі ў дачыненні да нелегальных мігрантаў, умацаванне межаў краіны і неадкладную высылку нелегалаў, замежных злачынцаў, гвалтаўнікоў і забойцаў. Вайдэль у тым ліку прапанавала прыпыніць выдаткаванне сродкаў на сацыяльную дапамогу замежнікам.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары