Грамадства33

Як выглядаюць адселеныя тэрыторыі праз 38 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС ФОТЫ

У 2018 годзе беларускую зону адчужэння пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС зрабілі адкрытай для наведвання ў складзе экскурсійных груп. Туры праводзяць па некалькіх спланаваных маршрутах. У адным з такіх тураў па знакавых месцах Брагінскага раёна 20 красавіка пабывалі журналісты баранавіцкага выдання BAR24.

Самыя забруджаныя ў Беларусі — тры раёны Гомельскай вобласці: Брагінскі, Нараўлянскі і Хойніцкі. Гэта тэрыторыя плошчай больш за 216 000 гектараў, на якой да аварыі ў 96 населеных пунктах жыло больш за 22 000 чалавек, стала беларускай зонай адчужэння. На пакінутых людзьмі землях 18 ліпеня 1988 года быў арганізаваны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Кароткі век «Горада сонца»

Першым прыпынкам у падарожжы па беларускай зоне адчужэння стаў пасёлак гарадскога тыпу Сонечны. Сам пасёлак Сонечны — буйны населены пункт на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, які пачалі будаваць у канцы 1970-х гадоў.

Сонечны быў эксперыментальным і амбіцыйным праектам для свайго часу. Ён ствараўся для работнікаў буйнога жывёлагадоўчага комплексу, які ўзвялі пасля абвяшчэння ўсесаюзнай ударнай камсамольскай будоўлі ў Гомельскай вобласці.

Адсюль і маштабы пасёлка: некалькі шматпавярховак, крамы, дзіцячы сад, школа, клуб. А яшчэ велізарны гандлёвы цэнтр — аб'ект, падобных на які ў той час не было нават у буйных гарадах.

Па словах арганізатараў экскурсіі, у Сонечны запрашалі найлепшых работнікаў і спецыялістаў з усяго наваколля. Ключы ад кватэр уручалі нават маладым спецыялістам-халасцякам.

На жаль, жыццё «Горада сонца», як яго называлі мясцовыя жыхары, было вельмі кароткім — тры гады з моманту ўвядзення ў эксплуатацыю. З-за аварыі на ЧАЭС больш за 1200 чалавек, якія жылі ў пасёлку, спешна вывезлі.

Сёння Сонечны — месца, у якім час нібыта спыніўся. У вокнах некалі элітных шматпавярховак выбітыя шыбы. Дахі, сцены і лесвіцы збудаванняў абсыпаюцца. Прырода вяртае свае ўладанні, бязлітасна «пажыраючы» кожную пабудову пасёлка.

Блукаючы па Сонечным, журналісты бачылі, як проста каля аднаго са шматпавярховікаў пранеслася казуля. А за дрэвамі раз-пораз мільгалі зайцы. Цішыню ў ціхім закінутым пасёлку парушалі толькі спевы птушак. Нязвыкла гучныя.

Непаўторная атмасфера закінутай вёскі

Другі прыпынак зрабілі ў невялікай вёсцы Жэрднае, якая згубілася сярод лясоў і балот. Старыя і пахіленыя хаты вёскі, так раптоўна пакінутыя людзьмі, нібы заглыбіліся ў доўгі сон.

Да аварыі на ЧАЭС насельніцтва Жэрднага складала 153 чалавекі. Усіх іх адсялілі на бяспечныя тэрыторыі 3 чэрвеня 1986 года.

Стан большай часткі хат Жэрднага вельмі кепскі. Склалася ўражанне, што над імі папрацаваў не толькі час, але і марадзёры.

Аднак некалькі хат у вёсцы захавалася даволі добра. Нават шыбы ў вокнах аказаліся цэлыя, не кажучы ўжо пра падлогі і печы. У старэнькіх хатах можна сустрэць мноства самых розных прадметаў побыту, кніг, фатаграфій і кухоннага начыння.

Старыя кінутыя дамы, пакрытыя плюшчом, ліхтарныя слупы і неверагодна высокія дрэвы ствараюць унікальную атмасферу, якую наўрад ці можна адчуць у любой іншай старой беларускай вёсцы.

Школа, якая застыла ў часе

Трэцім і заключным прыпынкам у маршруце па запаведніку стала вёска Выграбная Слабада. У ёй на момант высялення жылі 362 чалавекі. У вёсцы добра захаваліся будынкі катэджаў і жылых дамоў. На тэрыторыі ёсць крама. Але самым прыцягальным аб'ектам для турыстаў, безумоўна, можна назваць будынак мясцовай школы.

Час аказаўся да яго бязлітасным: у некаторых месцах абваліліся сцены, дах і цэлы лесвічны пралёт. Унутры будынка ўсё выглядае старым і небяспечным. Але складана ўтрымацца і не прайсціся па школьных кабінетах.

На пакрытых мохам і цвіллю партах да гэтага часу ляжаць пакінутыя вучнямі школьныя прыналежнасці: слайды, лічыльнікі, падручнікі, табліцы.

Добра захаваная спартыўная зала робіць жудаснае ўражанне. У цэнтры залы самотна стаіць стары гімнастычны казёл. Недалёка ад яго павольна калыхаецца счарнелы ад часу і ўмоў надвор'я спартыўны канат. І ўсё гэта суправаджаецца гучным манатонным гукам кропляў са столі, якія разбіваюцца аб драўляную падлогу.

«Адчуваеш сябе героем фільма пра постапакаліпсіс»

На завяршэнне тура журналісты вырашылі залезці на 38-метровую назіральную вышку ў Выграбной Слабадзе, з якой, хоць і на вялікай адлегласці, можна ўбачыць Чарнобыльскую атамную электрастанцыю. У прыватнасці, сумна вядомы чацвёрты рэактар ЧАЭС, цалкам закрыты ахоўным купалам.

Паездка ў зону адчужэння пакінула моцныя ўражанні, якія складана апісаць словамі. З аднаго боку, закінутыя пасёлкі і вёскі, над якімі пануе прырода, выглядаюць вельмі эфектна. Гуляючы па вуліцах і заходзячы ў будынкі, дзе калісьці бурліла жыццё, адчуваеш сябе героем фільма пра постапакаліпсіс.

Але, з іншага боку, усведамленне, што ўсё гэта запусценне выклікана жахлівай катастрофай, якая адбылася з-за банальнай чалавечай халатнасці, выклікае страх. І непакой за тое, што падобнае можа паўтарыцца.

Каментары3

  • Владислав
    26.04.2024
    Треба перемогти росію. Тоді шанси повторення біди набагато зменшаться.
  • Продолжай
    26.04.2024
    Пить лекарства Тарасик
  • РЛБ
    26.04.2024
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем4

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем

Усе навіны →
Усе навіны

Спецслужбы пад выглядам украінцаў збіраюць звесткі з мяжы і заклікаюць у «каманду Сяргея Ціханоўскага»5

У Клецкім раёне разваліўся старадаўні вятрак, які знаходзіўся пад аховай дзяржавы7

Капітан яхты, што ўпаў за борт на Мінскім моры, загінуў2

Зяленскі: ЗША аднавілі пастаўкі зброі Украіне2

У палескім Лагішыне гатовы да працы падарунак Радаслава Сікорскага

ГУР паведаміла пра знішчэнне ўчастка расійскага газаправода, які абслугоўваў ВПК

Пуцін гатовы да пагаршэння адносін з Трампам і не будзе спыняць вайну12

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем4

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць