Два чалавекі, затрыманыя ў Польшчы за напад на расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава, зʼяўляюцца грамадзянамі Польшчы. Палітычная дзейнасць і погляды Волкава лічацца адным з матываў нападу, піша LRT.

«Затрыманыя два чалавекі, падазраваныя ў нанясенні цялесных пашкоджанняў Волкаву. Яны былі затрыманыя 3 красавіка ў Варшаве. Гэта два грамадзяніны Польшчы. Цяпер яны знаходзяцца ў Польшчы і прызнаныя падазраванымі», — сказаў Юстас Лаўчус, галоўны пракурор Віленскай рэгіянальнай пракуратуры.
Пракурор не стаў каментаваць, кім зʼяўляюцца гэтыя людзі, і не стаў удакладняць, ці мог напад быць палітычна матываваным, але гэта можа быць адной з асноўных версій.
«У цяперашні час разглядаюцца ўсе магчымыя версіі злачынства. На гэтым этапе расследавання ёсць падставы меркаваць, што ахвяра пацярпела праз сваю палітычную дзейнасць, а таксама праз свае погляды», — сказаў Лаўчус.
Падазраваныя могуць быць дастаўлены ў Літву ў маі, але пакуль яны знаходзяцца ў Польшчы.
Па словах намесніка начальніка Бюро крымінальнай паліцыі Літвы, затрыманыя, як мяркуецца, прымалі непасрэдны ўдзел у нападзе. Аперацыя па затрыманні падазраваных была арганізавана такім чынам, што падазраваныя не змаглі аказаць супраціву.
«Падазраецца, што непасрэднымі выканаўцамі гэтага нападу былі грамадзяне Польшчы. Было праведзена пяць ператрусаў і сабраныя доказы», — сказаў Саўлюс Брыгінас, намеснік начальніка Бюро крымінальнай паліцыі Літвы.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў 19 красавіка, што ў Польшчы затрыманы два чалавекі, якія падазраюцца ў збіцці расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава.
На паплечніка Навальнага напалі ў Вільні 12 сакавіка. Яму разбілі малатком акно ў машыне і распылілі ў вочы слёзатачывы газ, пасля чаго нападнік стаў біць Волкава малатком.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары