Кароль Карл упершыню ўзяў удзел у публічным мерапрыемстве пасля таго, як у яго выявілі рак
Карл III з'явіўся ў царкве разам са сваёй жонкай, каралевай Камілай і іншымі членамі каралеўскай сям'і.

Брытанскі кароль Карл III упершыню ўзяў удзел у публічным мерапрыемстве пасля таго, як у яго было выяўлена анкалагічнае захворванне. У нядзелю манарх наведаў велікодную службу ў Віндзары, дзе размешчана адна з асноўных каралеўскіх рэзідэнцый, піша Бі-бі-сі.
Карл з'явіўся ў царкве разам са сваёй жонкай, каралевай Камілай і іншымі членамі каралеўскай сям'і.
Ён паразмаўляў з людзьмі, якія прыйшлі яго павітаць, і паціснуў ім рукі.
У сувязі з лячэннем, якое 75-гадовы Карл праходзіць пасля выяўлення анкалагічнага захворвання, манарх практычна не бярэ ўдзелу ў публічных мерапрыемствах, хоць працягвае выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі.
Нядзельнае наведванне царквы і сустрэча з людзьмі не сведчаць аб тым, што цяпер Карл пачне зноў весці актыўнае публічнае жыццё. Пакуль гэта толькі першы крок да такога вяртання.
Букінгемскі палац распавёў пра анкалагічны дыягназ Карла ў пачатку лютага. Яго хвароба была выяўлена ў студзені, калі ён праходзіў лячэнне ў сувязі з павелічэннем прастаты. Прадстаўнікі каралеўскай сям'і пацвердзілі, што ў Карла не рак прастаты.
У сакавіку таксама стала вядома, што анкалагічнае захворванне выяўлена і ў прынцэсы Уэльскай Кейт. Кенсінгтонскі палац абвясціў, што цяпер яна праходзіць раннія стадыі курсу прафілактычнай хіміятэрапіі.
У сувязі з гэтым яе муж, спадкаемца трона прынц Уэльскі Уільям, імаверна, будзе абмяжоўваць свае паездкі, каб заставацца разам з сям'ёй, але ён працягвае ўдзельнічаць у грамадскім жыцці.
Тым часам на працягу апошніх месяцаў на многіх публічных мерапрыемствах каралеўскую сям'ю прадстаўляла каралева Каміла, у тым ліку яна здзяйсняла паездкі, у якія павінен быў адправіцца яе муж.
Пакуль невядома, калі Карл і Кейт змогуць вярнуцца да актыўнай дзейнасці.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары