«Бяру ў арэнду машыну і еду да статуі Свабоды запісваць зварот да беларускага народа», — перадае з Вашынгтона па відэасувязі Вадзім Пракоп'еў, якому «Наша Ніва» пазваніла пацікавіцца, ці сапраўды ён з'ехаў жыць у Амерыку. Паміж развагамі пра тое, як цяжка будзе вытрымаць эстэтыку і трапіць кадрам у нерв (калі здымаць зблізу, за спінай будзе толькі пастамент; а жыццесцвярджальны ракурс на Лібертас адкрываецца толькі з вострава, які ігнаруецца грамадскім водным транспартам — браць у арэнду яшчэ і лодку?!), Пракоп'еў расказвае нам пра ветры, якія выдзьмулі яго з варшаўскага лофта, пранеслі над Атлантыкай і прызямлілі ў аскетычнай вашынгтонскай студыі, у якой з натхняльнага — толькі від на Капітолій.
Унутры пустых белых сценаў, чыю геаметрыю парушаюць толькі прыцягнутыя з распродажаў танканогі стол і двухспальны ложак, апранены ў строгі чорны гарнітур Пракоп'еў глядзіцца памаладзелым — усё ж штурмаваць ЗША звычайна едзе народ, які пабачыў меней, юны, жоўтароты.

А Пракоп'еў свае tickets to D.C. без зваротнага квітка купіў у 52 гады — гэта амаль столькі ж, дарэчы, колькі год турмы (50) яму выпісала беларускае правасуддзе, ад якога Пракоп'ева цяпер аддзяляе 7 тысяч кіламетраў.
«У мяне ёсць тры задачы: бізнэс, валанцёрства ў Каардынацыйнай радзе — кажу «валанцёрства», каб народ не падумаў, што гэта дэпутацкі распіл грантаў, — і вучоба», — тлумачыць Пракоп'еў мэты свайго знаходжання ў Амерыцы.
Пра бізнэс Пракоп'еў просіць шмат не пісаць. Але любы чалавек, які мае разуменне пра папярэднюю дзейнасць Вадзіма, зможа ўявіць, памыліўшыся толькі ў стылістычных дэталях, выгляд бліскучай вывескі пасярод вашынгтонскага авеню, якая пульсуе ў фантазіях былога мінскага рэстаратара.
З гэтым усё ясна, але навошта яму выбары ў Каардынацыйную раду?
«Як мінімум дэбаты там стануць весялейшымі», — кажа Вадзім, які мае ўсе шансы ўзмацніць кволае парламенцкае прадстаўніцтва КР у ЗША.
Пра вучобу Пракоп'еў гаворыць з гонарам. Штурмаваць іншыя кантыненты і вышыні пазнання, размяняўшы палову сотні, аднолькава складана і пачэсна.
Вадзім стаў дыстанцыйным слухачом палітычнага курсу ў Hillsdale College — цікавіцца традыцыямі амерыканскага дзяржаўнага кіравання і дыпламатыі. Курсы разлічаны на паўгода і, як кажа студэнт, абсалютна бясплатныя.
Вяртацца ў Еўропу Пракоп'еў бліжэйшыя паўгода не збіраецца.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары