Кітаізацыя беларускага аўтарынку набірае абароты. Чаму так адбываецца?
Беларускі аўтамабільны рынак апошнім часам ідзе па шляху татальнай кітаізацыі. Cтаць на гэтыя рэйкі яму дапамагаюць не толькі беларуска-кітайскія Geely і афіцыйныя дылеры. Кітайскі кірунак асвойваюць таксама шэрыя імпарцёры і кампаніі, гатовыя прывезці аўто з Кітая на замову.

Не Geely адзіны
Беларуска-кітайскія Geely займаюць першы радок у спісе самых прадаваных новых аўто афіцыйнымі дылерам. А каб іх набыць, трэба чакаць у чарзе ад 1 да 6 месяцаў. Разам з гэтым у Мінску адкрываюцца аўтасалоны раней невядомых для нас марак з Паднябеснай — Exeed, Voyah і інш. А там, дзе раней прадавалі Mazda, цяпер прадаюць кітайскія JAC.
Беларускі аўтабізнэс пашырае геаграфію
Кампаніі, якія раней спецыялізаваліся на прыгоне аўто з Еўропы і/або ЗША, паступова пачынаюць пашыраць геаграфію працы. Апроч ужо звыклых Еўропы, ЗША і Канады, беларускім аўтааматарам прапануюць набываюць аўто на замову з Карэі, а апошнім часам яшчэ і з Кітая.
І калі з Карэяй усё адносна зразумела, бо там ёсць такія сусветныя брэнды, як KIA і Hyundai, то большасць кітайскіх марак застаюцца ўсё яшчэ малавядомымі на сусветным узроўні.
Тым не менш, кампаніі, якія яшчэ ўчора казалі, што не можа быць нічога лепшага за аўто з Еўропы ці з ЗША, пачынаюць актыўна прасоўваць машыны кітайскай вытворчасці.

З Кітая ў Беларусь на замову ў асноўным вязуць электрамабілі. І гэта не заўжды толькі аўтамабілі кітайскіх брэндаў. Сярод прапаноў ёсць, напрыклад, Volkswagen кітайскай зборкі.
Адныя пасрэднікі пазначаюць, што замоўлены аўтамабіль дабярэцца з Кітая ў Мінск усяго за адзін месяц. Іншыя агучваюць больш рэалістычныя тэрміны ў 2,5—3 месяцы.

Людзі, якія ўжо адважыліся на куплю аўто з Кітая, кажуць, што замоўленыя аўтамабілі прыходзілі ў Мінску праз 2—2,5 месяца з моманту разліку за аўто.
Для тых, хто не гатовы чакаць, пакуль аўтамабіль дабярэцца да Беларусі, з'яўляецца ўсё больш прадаўцоў, якія прапануюць «кітайскія» аўтамабілі ў наяўнасці.

Сярод прапаноў можна адшукаць як чыстакроўных «кітайцаў», накшталт BYD, SMR, Voyah, Polestar і інш., так і звыклыя нам VW, Honda. Праўда, што тычыцца VW, то прадаюцца не толькі мадэлі лінейкі ІD, якія з'яўляюцца сусветнымі, але і такія, як Volkswagen E-Lavida, аналагаў якой няма на рынках Еўропы ці ЗША.
Але апроч мультыбрэндавых аўтасалонаў, новыя і патрыманыя аўтамабілі з Кітая прадаюць і фізічныя асобы — так званыя «шэрыя імпарцёры».

На продаж з Кітая беларусы прывозяць як адносна танныя аўтамабілі тыпу Changan Benben E-star за 18 тысяч даляраў, так і электрамабілі маркі Zeekr коштам ад 60 тысяч даляраў. Як вынікае з апісанняў, частка машын увезена пад 0% мыта. Гэта значыць, што для продажу такіх аўто на РФ трэба даплаціць 15% мыта. Іншыя адразу размытненыя з разлікам на купцоў з Расіі.

Made in China замест Made in Russia
Колькасць прапаноў, як і саміх машын на вуліцах Беларусі з пазнакай Made in China, за апошнія год-паўтара стала заўважна большая. І, гледзячы на развіццё сітуацыі, можна меркаваць, што гэта толькі пачатак, бо раней каля 80% новых аўто, якія прадаваліся ў Беларусі, хоць і былі зробленыя ў Расіі, але былі аўтамабілямі сусветных брэндаў.
Амаль усе яны сышлі з расійскага рынку праз агрэсію супраць Украіны. На іх месцы прыходзяць брэнды з Паднябеснай. На магутнасцях, дзе раней выпускалі аўтамабілі вядомых брэндаў, пачынаюць выпускаць кітайскія аўто. Частку з іх расіяне выпускаюць пад уласнымі брэндамі, як у выпадку з «Масквічом», які па факце з'яўляецца JAC JS4. Тое самае з аўтамабілямі маркі Evolute, пад якой у РФ збіраюць кітайскія Forthing.

А як у іншых краінах?
У Расіі кітаізацыя аўтарынку таксама адбываецца вельмі інтэнсіўнымі тэмпамі. Калі год таму кожная пятая новая машына, прададзеная на расійскім рынку, была кітайскай, то цяпер кожная другая. Для параўнання: у даваенным 2021 годзе толькі 7,5% ад новых аўто, прададзеных у Расіі, прыпадалі на кітайскія брэнды.
У Беларусі на долю кітайскіх брэндаў цяпер прыходзіцца каля 80% продажаў. Натуральна, што большасць з іх — гэта Geely.
Адзначым, што кітайскім аўтавытворцам удаецца нарасціць продажы і ў іншых краінах. Аднак, напрыклад, у краінах Еўропы распаўсюджванне кітайскіх брэндаў і блізка не такое прыкметнае. Паводле даных JATO Dynamics, іх доля ў продажах легкавых аўтамабіляў вырасла з 0,67% у 2021 годзе да 1,57% у 2022 годзе і да 2,37% у першай палове 2023 года.
Чытайце таксама:
У Расіі анансавалі старт продажаў уласных электрычных мінівэнаў. Што сабой уяўляе расійска-кітайскі «Іван»
Кітай упершыню стаў сусветным лідарам на рынку аўто. Як так атрымалася?У Беларусі будуць выпускаць кітайскія аўтамабілі яшчэ аднаго брэнда
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Каментары