У Балгарыі затрымалі мужчыну, які хацеў забіць міністра абароны праз падтрымку Украіны
Тодар Тагараў — праеўрапейскі палітык, які рашуча выступае за вайсковую падтрымку Украіны. Аднак да нядаўняга часу Балгарыяй кіраваў Часовы ўрад, прызначаны прэзідэнтам Руменам Радзевым, якога многія лічаць пракрамлёўскім.

У аўторак у Сафіі затрымалі 39-гадовага мужчыну, якога абвінавацілі ў пагрозах забіць міністра абароны Балгарыі Тодара Тагарава з-за яго пазіцыі адносна вайны ва Украіне, паведамляе Euractiv.
Тагараў — член новага ўрада ў Сафіі, ён ёсць праеўрапейскім палітыкам, які рашуча выступае за вайсковую падтрымку Украіны. Аднак да нядаўняга часу Балгарыяй кіраваў Часовы ўрад, прызначаны прэзідэнтам Руменам Радзевым, якога многія лічаць пракрамлёўскім.
Сафійская акруговая пракуратура паведаміла, што 4 ліпеня падазраваны пагражаў забіць міністра, даслаўшы паведамленне на яго старонку ў сацыяльнай сетцы.
Сцвярджаецца, што мужчына пагражаў Тагараву праз тое, што яму не падабалася ягоная пазіцыя па Украіне. Мужчына быў затрыманы на 72 гадзіны па пастанове пракуратуры.
Дзесяць дзён таму прарасійскія дэманстранты выйшлі на акцыю пратэсту ў Сафіі, патрабуючы, каб Балгарыя не перадавала вайсковай дапамогі Украіне. Першапачаткова планавалася, што іх шэсце пад назвай «Марш за мір» дойдзе да рэзідэнцыі Тагарава, але арганізатары змянілі маршрут.
16 ліпеня ў тэлеінтэрв'ю Тагараў заявіў, што палітыка і прапаганда Крамля маюць сур'ёзны поспех у Балгарыі. «Яе [прапаганду і палітыку] падтрымліваюць значныя грамадскія групы, партыі і ў пэўнай ступені інстытут прэзідэнта», — дадаў ён.
Каментары