Здарэнні11

«Я нутром адчуваў кепскае» — Джэймс Кэмеран пра трагедыю батыскафа «Тытан»

Галівудскі рэжысёр Джэймс Кэмеран, які зняў культавы фільм «Тытанік» і мноства раз апускаўся на вялікую глыбіню, сказаў у інтэрв'ю Бі-бі-сі, што адразу пасля знікнення батыскафа «Тытан» ён западозрыў найгоршае. Рэжысёр паведаміў, што кампанію OceanGate, якая арганізавала апусканне, неаднаразова папярэджвалі пра небяспеку экспедыцый да патанулага «Тытаніка».

Джэймс Кэмеран 33 разы апускаўся да «Тытаніка». Фота з сайта Бі-бі-сі

Батыскаф «Тытан», на борце якога знаходзілася пяць чалавек, перастаў выходзіць на сувязь праз 1 гадзіну і 45 хвілін пасля пачатку місіі ў мінулую нядзелю. Пошукавая аперацыя працягвалася да вечара 22 чэрвеня, калі ў моры, непадалёк ад месца гібелі «Тытаніка», былі знойдзеныя абломкі батыскафа.

Эксперты лічаць, што апарат разбурыўся пад цяжарам вады, увесь экіпаж загінуў.

Кэмеран, які сам апускаўся да каркаса «Тытаніка» 33 разы, кажа, што карціна здарэння была яму зразумелая з самага пачатку.

«Я нутром адчуваў, што адбылося. Калі адмовіла электроніка падлодкі, выйшла з ладу яе сістэма сувязі і адначасова выйшаў з ладу транспондар сачэння — падлодка знікла», — кажа Кэмеран.

Рэжысёр расказаў, што абзваніў свае кантакты сярод падводнікаў і праз гадзіну склаў поўнае ўяўленне пра тое, што здарылася.

«Яны апускаліся, іх мэтай было спусціцца на глыбіню 3800 метраў, на адзнацы 3500 метраў з імі знікла сувязь і адключылася сістэма сачэння. Я адразу сказаў, што страта абедзвюх сістэм можа быць толькі вынікам нейкай каласальнай катастрофы», — успамінае Джэймс Кэмеран.

Паводле яго словаў, першая думка была акурат пра тое, што капсулу магло раздушыць завялікім ціскам вады.

Цяпер гэта і ёсць асноўная версія гібелі «Тытана». Эксперты выкарыстоўваюць для апісання гэтай з’явы тэрмін «імплозія».

У чацвер афіцыйны прадстаўнік ВМС ЗША паведаміў журналістам, што неўзабаве пасля таго, як «Тытан» страціў кантакт з паверхняй, ваенна-марскі флот знайшоў «акустычныя анамаліі [то-бок шум], адпаведныя імплозіі».

Гэтую інфармацыю перадалі групе берагавой аховы ЗША, якая з яе дапамогай спрабавала звузіць радыус зоны пошуку.

Кэмеран сказаў Бі-бі-сі, што для яго мінулы тыдзень «нагадваў доўгі кашмарны спектакль, калі працягваецца мітусня з бясконцымі размовамі пра стукі, кісларод і пра ўсё астатняе».

«Я ведаў, што батыскаф знаходзіцца роўна пад тым месцам, адкуль апошні раз паступалі звесткі пра яго глыбіню і месцазнаходжанне. Якраз там яго і знайшлі», — кажа рэжысёр.

Ён звяртае ўвагу на тое, што «Тытан» знайшлі вельмі хутка толькі пасля таго, як у чацвер быў разгорнуты дыстанцыйна кіраваны падводны апарат Victor 6000.

«OceanGate ігнаравалі папярэджанні»

Па словах Кэмерана, у гібелі «Тытана», які спусціўся паглядзець на трагедыю «Тытаніка», ёсць «жудасная іронія». Да гэтага рэжысёр казаў у тэлевізійных інтэрв'ю, што капітана «Тытаніка» неаднаразова папярэджвалі аб небяспецы айсбергаў, але ён гэтыя папярэджанні праігнараваў.

Цяпер, як сцвярджае рэжысёр, гісторыя паўтарылася, бо кампанію OceanGate, якой належаў «Тытан», папярэджвалі, што яна, як гаварылася ў адной калектыўнай заяве, «ідзе па шляху да катастрофы».

«Цяпер у нас ёсць яшчэ адно крушэнне, якое адбылося, на жаль, з-за той жа памылкі — ігнаравання папярэджанняў», — сказаў Кэмеран.

Галівудскі рэжысёр не першы, хто кажа пра сумневы ў бяспецы падводных экспедыцый OceanGate. У прыватнасці, у распараджэнні New York Times аказаўся ліст, напісаны ў OceanGate Таварыствам марскіх тэхналогій (MTS), у ім гаворыцца, што «эксперыменты кампаніі могуць прывесці да негатыўных наступстваў».

Па словах Джэймса Кэмерана, за апошні перыяд з кампаніі звольніліся некалькі супрацоўнікаў.

З судовых дакументаў, звязаных з іншай справай, вынікае, што адзін з былых супрацоўнікаў OceanGate папярэджваў пра патэнцыйныя праблемы з бяспекай батыскафа яшчэ ў 2018 годзе.

Таксама заклапочанасць тэхнічнымі крытэрамі OceanGate пабачылі ў адной са справаздач інспекцыі за подпісам дырэктара кампаніі па кантролі за ажыццяўленнем марскіх аперацый Дэвіда Лохрыджа.

Джэймс Кэмеран вядомы сваёй любоўю да падводнага свету. Ён не толькі апускаўся да месца гібелі «Тытаніка», але і апускаўся ў Марыянскую ўпадзіну, на самы глыбокі пункт Сусветнага акіяна. Значная частка дзеяння яго апошняга фільма «Аватар: шлях вады» (Avatar: The Way Of Water) адбываецца пад вадой.

Каментары1

  • Казік
    23.06.2023
    Ііі таак сайдзёт!

Цяпер чытаюць

Як прайшоў канцэрт Макса Каржа ў Стамбуле. Туды даехала нават былая прапагандыстка10

Як прайшоў канцэрт Макса Каржа ў Стамбуле. Туды даехала нават былая прапагандыстка

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску прадаюць незвычайную аднапакаёўку5

Стаўка большая, чым жыццё: што азначае ліст Зяленскага Пуціну21

Дэлегатка КР Мамаева: Адно з абвінавачванняў, што я перасылала скрыншоты ўнутранай перапіскі спісу іншым асобам15

У Маскве на дах дома паставілі ЗРК «Панцыр»7

Дэлегатцы КР Аляксандры Мамаевай вынеслі вотум недаверу ў яе ж фракцыі16

Вольга Такарчук выказалася пра Ціханоўскага: «Ён знік, таму што тут абасраўся. І трэба было неяк ратаваць сітуацыю»56

Мінскі каршэрынг прапанаваў легендарную «капейку»5

Зяленскі назваў масіраваную атаку на Пецярбург адказам на адмову завяршыць канфлікт паміж Расіяй і Украінай2

На вайне ва Украіне паранілі палітыка, экс-дэпутата Алега Цягнібока

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як прайшоў канцэрт Макса Каржа ў Стамбуле. Туды даехала нават былая прапагандыстка10

Як прайшоў канцэрт Макса Каржа ў Стамбуле. Туды даехала нават былая прапагандыстка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць