Меркаванні162162

На магіле Вячкі Станкевіча на помніку — ні слова па-беларуску. Вось пра што гэта кажа наконт эмігрантаў, эміграцыі і «беларускасці ўнукаў»

Хто толькі можа — трымайцеся за Беларусь, нават калі дзеля гэтага даводзіцца маўчаць, мірыцца і ісці на горкія кампрамісы, піша Мікола Бугай.

Помнік на магіле Вячкі Станкевіча. Фота са старонкі Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў фэйсбуку

Вячка Станкевіч пражыў доўгія 92 гады. Ён быў сынам нашаніўца, навукоўца і сенатара ў міжваеннай Польшчы Яна Станкевіча. Мамай яго была чэшка: тата ажаніўся з ёю, калі вучыўся ў Празе. Нарадзіўся Вячка ў Вільні ў 1932-м, у ЗША жыў ад 1949-га. Дзіця топавага інтэлектуала, ён і сам быў топавым інтэлектуалам. Рабіў інжынерам у карпарацыях «ITT» і «Western Union», аж покі не перайшоў працаваць на радыё «Свабода» — там ён быў сабою.

Беларускасць, вернасць дарозе свайго таты, для яго была асновай жыцця, нават падчас службы ў амерыканскай арміі (ён служыў у 1951—1954 гадах, падчас карэйскай вайны).

Ён гуляў за нью-ёркскую футбольную каманду «Беларусь». Ён быў актыўным сябрам Згуртавання беларускай моладзі ў Амерыцы, старшынёй яго нью-ёркскага аддзела, пазней старшынёй Галоўнай управы. Некалькі разоў быў старшынёй Галоўнай управы аб’яднання беларусаў Амерыкі, якое называецца «Беларуска-амерыканскім задзіночаннем». І гэтая вернасць краіне свайго роду была ў яго да канца жыцця. Ён быў намеснікам старшыні Рады БНР, старшынёй Беларускай фундацыі імя Пятра Крачэўскага. Выдаваў квартальнік «Belarusian Review», яму быў ужо 81 год, калі ён разам з жонкай заклаў фундацыю Monroe-Vilnia Foundation для падтрымкі розных беларускіх праектаў. Усё жыццё яго было ў беларускай справе.

Ён спачыў на беларускіх могілках, але на помніку ў яго няма ніводнага беларускага слова: «любы сын, муж і тата» па-ангельску. Гэта значыць адно: для яго дзяцей і ўнукаў беларускасць ужо не значыць таго, што яна значыла для яго самога.

Я гэта кажу вось да чаго. Не майце ілюзій, што вось «мы пераедзем у Польшчу, ЗША, Іспанію ды Ірландыю, але я там выгадую дзяцей беларусамі, бо ў сям’і мы будзем гаварыць па-беларуску». Гаварэння ў сям’і, беларусацэнтрычнасці жыцця замала, каб пазбегнуць асіміляцыі ў чужых краях. Адзінкі з дзяцей эмігрантаў адчуваюць сябе «больш беларусамі, чым амерыканцамі», «больш беларусамі, чым палякамі». У трэцім пакаленні гэта ўжо не проста адзінкі, але адзінкі адзінак (праўда, тады гэта часта — залатыя, выбітныя ва ўсіх сэнсах асобы).

Беларусам не варта спадзявацца, што беларускасць захаваецца ў вашых нашчадкаў у выгнанні і рассеянні.

Страшная дылема перад многімі: заставацца ў фактычна акупаванай краіне, дзе парою цяжка дыхаць, ці выязджаць — а там жыццё з нуля. Але мала што жыццё з нуля — калі для вас важнае не толькі ваша асабістае жыццё, але і жыццё нацыі, то беларускасць у даўжэйшай перспектыве можа захавацца толькі ўнутры Беларусі, дзе існуе хай сабе несвабодная, але такі здабытая цяжкімі ахвярамі многіх кален нашага роду дзяржава.

Яно то нелінейна: захаванне беларускасці ўнутры Беларусі залежыць цяпер ад дзейнасці выгнанцаў: без СМІ, культурных ініцыятыў, без палітыкаў, якія збіраюць грошы на культуру і грамадскія структуры, беларушчына звялася б да вартага жалю стану — мы бачым, што адбываецца з няшчаснымі народамі расійскіх аўтаномій (і пагналі б на вайну, на забой гэтаксама).

Такі складаны працэс: беларусы «там» — зарука і ўмова захавання беларускасці тут.

Але пры гэтым «там» вашы ўнукі беларусамі не застануцца. No way.

Прасцей захоўваць беларускасць у месцах кампактнага пражывання беларусаў — у Вільні і на Падляшшы, але і там тое праблемна і абумоўлена спрыяннем або неспрыяннем, а гэта сітуацыйна, уладаў, і ў гэтых памежных рэгіёнах «беларускасць унукаў» — рэдкасць. Асіміляцыя меншасцей няўмольная.

Тым, каму важна, каб іх дзеці і ўнукі засталіся беларусамі, каб наш род не згас, нельга пра гэта забываць.

Помнік на магіле Вячкі Станкевіча пра гэта балюча нагадвае. У побытавым плане мы жывём у шчаслівым часе, калі няма ні голаду, ні галечы — абы ты працаваў. Але ў нацыянальным плане нам трэба праплысці між Сцылай прарасійскай дыктатуры і Харыбдай растварэння ў глабальным свеце. Калі толькі не пагражаюць выпрабаванні, якіх вам не пад сілу вытрываць, хто толькі можа — трымайцеся за Беларусь, нават калі дзеля гэтага даводзіцца маўчаць, мірыцца ды ісці на горкія кампрамісы.

Каментары162

  • Рыгор
    02.08.2026
    Горкая праўда.
  • Dzik
    02.08.2026
    Якi iдыятызм! Цi аўтар бачыць якую-небудзь розніцу паміж “жыццем для цара”, “жыццем для Беларусі” і “жыццем для Ктулху”? Гэта ганебны 19-вяковы патрыятызм, які вынайшлі Напалеон і Фрыдрых как прымусіць сялян гінуць за свае імперыі. Эмігранты, кіньце дурное, гадуйце дзяцей добрымі людзьмі, а не “патрыётамі” уяўнай Беларусі!
  • Намасце
    02.08.2026
    Ну хаця б не расейскай мовай :)

Цяпер чытаюць

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў56

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў

Усе навіны →
Усе навіны

Завязлі ў магнітных пясках і здзівіліся цэнам у кавярнях. Беларус расказаў, як з'ездзіў з сям'ёй на машыне ў Грузію5

Беларускі музей імя Івана Луцкевіча рыхтуе выставу да 120‑годдзя «Нашай Нівы» і просіць дапамагчы з экспанатамі3

Такарчук: Я шчыра выбачаюся перад Ціханоўскім за сваю фразу37

Бельгійскі велагоншчык фінішаваў з пераломамі двух рэбраў на «Вуэльце»

Колькасць загінулых у выніку ўдару па складзе боепрыпасаў пад Кіевам дасягнула 374

Гэты здымак атрымаў самую высокую ацэнку ў намінацыі «Партрэты жывёл»

У Расіі вызваліўся беларускі маньяк, якому прысудзілі больш за 20 гадоў за згвалтаванні1

З цэнтра горада прыбралі дызельныя аўтамабілі. Праз некалькі гадоў у дзяцей сталі здаравейшыя лёгкія5

«Я страціў 140 суседзяў». Рэпарцёры пабывалі ў зоне паводкі ў Непале

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў56

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць