Містычнае кола Вільні: Каліноўскі быў пахаваны з медальёнам святыні, каля якой вырас гатычны палац доктара з-пад Оршы. Цяпер парэшткі Каліноўскага перапахавалі ў магільні таго ж доктара
Двое выхадцаў з Беларусі — адзін стаў нацыянальным героем і сімвалам змагання за свабоду, другі ўсё жыццё паспяхова рабіў кар'еру ў расійскай арміі — перапляліся ў гісторыі праз стагоддзе пасля смерці. Іх лёсы аб'яднала неймавернае супадзенне.

Гісторык Аляксей Ластоўскі на сваёй старонцы ў фэйсбуку звярнуў увагу на незаслужана забытую постаць Гілярыя Радушкевіча — чалавека, які пакінуў пасля сябе выразны след у Вільні, але застаўся ў поўным цені палітыкаў і пісьменнікаў свайго часу.
Радушкевіч нарадзіўся ў 1838 годзе ў маёнтку Берасценаве Аршанскага павета. Скончыўшы Магілёўскую мужчынскую гімназію, ён адправіўся вывучаць медыцыну ў сталіцу імперыі — у Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію. Атрымаўшы адукацыю як урадавы стыпендыят, малады лекар адправіўся аддаваць доўг дзяржаве ў расійскі пяхотны полк у Лідзе, а неўзабаве перавёўся ў Віленскі вайсковы шпіталь, які тады размяшчаўся ў былым палацы Сапегаў на Антокалі.

Менавіта ў Вільні Радушкевіч здабыў славу выдатнага дыягноста. Пакуль ягоныя аднагодкі і землякі ішлі ў лясы са зброяй падчас паўстання 1863—1864 гадоў, ён працягваў служыць імперыі. Ягоны прафесійны і фінансавы стан імкліва пайшоў угору падчас руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў. Вярнуўшыся з фронту і выйшаўшы на пенсію, ён адкрыў надзвычай паспяховую прыватную практыку, стаўшы адным з самых заможных і паважаных грамадзян горада.

Зароблены капітал дазволіў доктару рэалізаваць маштабныя архітэктурныя праекты. У канцы XIX стагоддзя на вуліцы Кальварыйскай ён набыў участак і замовіў архітэктару Юліяну Янушэўскаму праект раскошнай уласнай рэзідэнцыі. Узведзены ў 1894—1900 гадах неагатычны палац Радушкевіча стаў сапраўднай дамінантай каля Зялёнага моста.

Хаця ў 1960‑х гадах падчас пашырэння вуліцы савецкія ўлады знеслі значную частку будынка, захаваны фрагмент дагэтуль уражвае сваёй архітэктурай. Сёння тут, дарэчы, размяшчаецца Літоўскі саюз архітэктараў.
Той жа архітэктар Янушэўскі выканаў для доктара яшчэ адзін, куды больш асабісты заказ. У 1888 годзе на знакамітых віленскіх могілках Росы замест старой драўлянай званіцы была збудаваная новая цагляная неагатычная капліца. Пад ёй Радушкевіч абсталяваў уласную сямейную крыпту, упрыгожаную працамі вядомага мастака Вінцэнта Сляндзінскага. Менавіта ў гэтым склепе Гілярый Радушкевіч і знайшоў свой апошні спачын пасля смерці ў 1900 годзе.
Замкнёнае кола лёсаў
Лёс капліцы зрабіў фантастычны паварот праз стагоддзе пасля смерці яе стваральніка. Доўгі час у савецкі перыяд фамільны склеп стаяў занядбаным. Але менавіта гэты будынак быў абраны ўладамі Літвы для дзяржаўнага перапахавання парэшткаў кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў, выяўленых падчас раскопак на абвале Замкавай гары.


Увосень 2019 года ў нішах капліцы Радушкевіча ўладкавалі калумбарыі, куды з пашанай перанеслі косткі Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і іншых паўстанцаў. Ужо само па сабе тое, што галоўны беларускі нацыянальны герой быў пахаваны ў адным склепе з чалавекам, які ўсё сваё жыццё аддаў служэнню ў расійскай арміі, выглядала як злая іронія. Але сапраўдны містыцызм гэтай гісторыі хаваецца ў іншым.


Як мы пісалі раней, падчас эксгумацыі на Замкавай гары на парэштках Кастуся Каліноўскага быў знойдзены схаваны нацельны медальён. На адным з яго бакоў знаходзілася выява Сніпішскай капліцы з надпісам «Езус на Сніпішскай гары». Гэтая віленская святыня стаяла ля Зялёнага моста і лічылася цудадзейнай, пакуль у 1950 годзе савецкія ўлады не знішчылі яе і не скапалі горку да яе асновы.
Дык вось, парадокс заключаецца ў тым, што свой неагатычны палац доктар Гілярый Радушкевіч пабудаваў менавіта на тым жа месцы, побач з той самай капліцай, выява якой была з Каліноўскім у хвіліну яго гібелі на эшафоце.


Атрымліваецца неймавернае супадзенне. Каліноўскі ідзе на смерць, трымаючы пры сабе медальён з выявай святыні. Праз некалькі дзесяцігоддзяў іншы выхадзец з Беларусі, заможны лекар, узводзіць свой палац на тым жа месцы. А яшчэ праз стагоддзе менавіта ў асабістым фамільным склепе гэтага лекара Каліноўскі знаходзіць свой вечны спачын. Выглядае ўжо нават не супадзеннем, а ўсмешкай лёсу нам — быццам так і было задумана.
А больш прачытаць пра гісторыю кургана ў Шніпішках, дзе, мяркуючы па ўсім, былі пахаваныя абаронцы Вільні ад расійскіх захопнікаў, можна вось у гэтым артыкуле «Нашай гісторыі»: Езус са Сніпішак: святыня, выява якой была з Каліноўскім у хвіліну яго смерці
Каментары