Свет

Рабаўнікі сярод белага дня выкралі з музея ў Вене калье з 600 дыяментамі

Двое мужчын разбілі шкляную вітрыну ў Венскім музеі прыкладнога мастацтва і скралі плацінавае калье з дыяментамі, кошт якога перавышае 4 мільёны даляраў.

У Вене ідзе міжнародная аперацыя вышуку двух мужчын, якія скралі з музея калье, упрыгожанае больш як 600 дыяментамі, піша Бі-бі-сі.

Паліцыя паведаміла, што ў чацвер днём двое падазраваных разбілі шкляную вітрыну ў Венскім музеі прыкладнога мастацтва (MAK) і скралі плацінавае калье з дыяментамі, кошт якога, як мяркуецца, перавышае 4 мільёны даляраў.

Калье, створанае для былой егіпецкай каралеўскай сям'і, было часткай выставы ювелірнай кампаніі Van Cleef & Arpels, якая будзе праходзіць у MAK да верасня.

Гэты крадзеж — апошні ў серыі гучных рабаванняў музеяў, у выніку якіх у еўрапейскіх музеях былі выкрадзеныя артэфакты.

Венская паліцыя апублікавала фатаграфіі двух падазраваных без масак, зафіксаваных камерамі відэаназірання. Паліцыя заклікае ўсіх, каму што-небудзь вядома пра гэты выпадак, паведаміць любую інфармацыю.

У заяве паліцыі гаворыцца, што ў аднаго з злачынцаў, як мяркуецца, была агнястрэльная зброя.

Завалодаўшы калье, рабаўнікі, паводле паліцыі, зніклі «ў кірунку Венскага гарадскога парку», размешчанага на поўдзень ад музея.

Лілі Халайн, генеральная дырэктарка MAK, заявіла: «Крадзеж вельмі каштоўнага ювелірнага вырабу… моцна нас узрушыў».

У сваёй заяве яна паведаміла, што музей распрацаваў план гарантавання бяспекі сумесна з Van Cleef & Arpels спецыяльна для гэтай выставы, дадаўшы: «Пытанні бяспекі ўспрымаліся вельмі сур'ёзна, і ўсе меры былі старанна падрыхтаваныя».

Халайн сказала, што супрацоўнікі адрэагавалі спакойна і дзейнічалі паводле ўстаноўленых працэдур падчас «узброенага інцыдэнту», і што ніхто не пацярпеў.

Яна дадала, што MAK старанна перагледзеў свае меры бяспекі напярэдадні выставы, «асабліва ў святле інцыдэнтаў у буйных музеях за апошнія гады».

У чацвер з іспанскага музея была скрадзеная адна з найважнейшых калекцый дагістарычных упрыгожанняў і артэфактаў.

У пачатку гэтага месяца з музея на Сіцыліі былі скрадзеныя чатыры карціны эпохі Адраджэння, а ў пачатку года з музея ў Парме былі выкрадзеныя тры карціны Рэнуара, Сезана і Маціса, кошт якіх вылічаецца мільёнамі еўра.

Гэтыя рабаванні адбыліся пасля дзёрзкага нападу на Луўр у Парыжы, калі летась у кастрычніку бандыты ў масках скралі бясцэнныя ювелірныя вырабы. Серыя крадзяжоў выклікала пытанні адносна бяспекі еўрапейскіх культурных устаноў.

Еўрапал заявіў, што крадзяжы ў музеях «становяцца ўсё больш агрэсіўнымі, з пераходам да гвалтоўных метадаў і прымянення сілы», дадаўшы, што гэта «можа сведчыць аб датычнасці новых злачынных сетак».

Скрадзенае ў Вене калье было створанае для былой егіпецкай каралеўскай сям'і.

Каралева Назлі надзявала яго ў 1939 годзе на вяселле сваёй дачкі Фаўзіі з будучым шахам Ірана Махамедам Рэзай Пехлеві.

Van Cleef & Arpels апісвае гэта ўпрыгожанне як «трыумф белых ювелірных вырабаў». Дыяменты ў калье важаць больш за 200 каратаў.

Калі калье выставілі на аўкцыён дзесяць гадоў таму, яго ацэначны кошт складаў ад 3,6 да 4,6 мільёна даляраў.

У Вене і зямлі Ніжняя Аўстрыя разгорнутыя кіналагічныя падраздзяленні паліцыі, эксперты аналізуюць доказы і запісы з камер відэаназірання.

Выстава зноў адкрытая.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале9

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Усе навіны →
Усе навіны

Папа Леў XIV трапіў у спіс самых стыльных людзей свету па версіі вядомага амерыканскага часопіса1

Беларускіх добраахвотнікаў могуць звольніць з украінскага войска, бо яны не могуць аднавіць беларускія пашпарты6

Яшчэ 20 тысяч камер відэаназірання паставяць у дварах Мінска9

Падпольшчыца, якая падклала бомбу пад машыну падпалкоўніка ў Пецярбургу, здолела пакінуць Расію7

Пальчыс: Я супраць дапамогі тым палітвязням, хто ў зняволенні працаваў на адміністрацыю33

Беларускія зубры, якіх узімку прывезлі ў Башкартастан, за тыдзень абраслі доўгай поўсцю

Памёр кароль Нарвегіі Харальд V1

Дзмітрый Шэпелеў змяніў жыццё — хоча вучыць іншых на досведзе сваіх скандалаў4

Генадзь Бураўкін. Як страціўшы пасаду, зберагчы гонар4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале9

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць