Літоўскага блогера, які вазіў турыстаў у Чарнобыльскую зону, пасадзілі ў Беларусі за палітыку
27‑гадовага грамадзяніна Літвы Дэвідаса Станулявічуса асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле крымінальнага артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Яго, падобна, затрымалі на мяжы, а цяпер ён за кратамі.

Дэвідасу Станулявічусу 27 гадоў, ён жыхар Вільні.
У інтэрнэце пра яго знаходзіцца няшмат інфармацыі. У юнацтве хлопец захапляўся футболам і выступаў на пазіцыі абаронцы за аматарскую каманду «Гранітас». Пазней малады чалавек актыўна займаўся аўтамабільнай тэматыкай, перапродажам аўто, а таксама арганізоўваў паездкі на мікрааўтобусе паміж Літвой, Польшчай і Беларуссю.
Апошнія гады ён арганізоўваў турыстычныя экскурсіі, у тым ліку ў беларускую частку Чарнобыльскай зоны адчужэння.
Станулявічус вёў блог у тыктоку з амаль 9000 падпісчыкаў, а таксама старонкі ў фэйсбуку і інстаграме. Там ён у асноўным асвятляў двухдзённыя выезды па маршруце Вільня — Ліда — Мінск — Гомель — Хойнікі з наведваннем Чарнобыльскай зоны і вяртаннем. Цана пытання была 250 еўра.
Апошні раз ён анансаваў такі тур 23 лютага 2026 года. Тады ж пісаў, што наступны выезд плануецца на 6 сакавіка. Неўзабаве пасля гэтага Станулявічус быў арыштаваны. Падобна, на беларускай мяжы, бо ён не апублікаваў нічога з таго тура.

Літоўца змясцілі ў СІЗА. Нядаўна Мінскі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым паводле часткі 1 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Цяпер Станулявічус адбывае пакаранне.
Сутнасць абвінавачанняў публічна невядомая, як і звычайна пры судах па палітычных артыкулах у Беларусі.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Гэта выклікала масавыя народныя пратэсты, у якіх удзельнічалі мільёны людзей. У адказ на гэта ўлады распачалі арышты.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) зачапілі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары