«Гэта можа выклікаць рак». Навуковец б'е трывогу адносна таго, што ў Беларусі пачалі апраменьваць прадукты радыяцыяй
Радыяцыйная стэрылізацыя прадуктаў выклікае шматлікія пытанні, кажа хімік Сяргей Бесараб.

Пра эксперыменты з радыяцыйнай стэрылізацыяй прадуктаў паведаміў дырэктар Інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў НАН Беларусі ў Соснах Андрэй Кузьмін.
Паводле яго, такі метад апрацоўкі — «абсалютна бяспечны» і дае стапрацэнтную стэрыльнасць, якой немагчыма дасягнуць іншымі спосабамі. Радыяцыйнае апраменьванне забівае патагены і не пакідае слядоў, у адрозненне ад «той жа хіміі», настойвае Кузьмін.
Навуковец Сяргей Бесараб сцвярджае: «Апраменьванне пакідае такія ж сляды, як і тая ж хімія». Падчас радыяцыйнага ўздзеяння ўтвараецца мноства гэтак званых «свабодных радыкалаў», з-за якіх жывыя арганізмы хутчэй старэюць, да таго ж яны могуць прывесці да ракавых новаўтварэнняў».

Сяргей Бесараб — выпускнік кафедры радыяцыйнай хіміі БДУ, дзе ён займаўся менавіта свабоднымі радыкаламі, якія ўзнікаюць пад уздзеяннем радыяцыі. Яго навуковы кіраўнік, прафесар Алег Шадыра, лічыўся найлепшым спецыялістам у даследаванні ўплыву радыяцыі.
Паводле Бесараба, апрамяненне прадуктаў прыводзіць да змянення смаку, напрыклад, масла становіцца прагорклым, а шакалад можа ўвогуле сапсавацца. Радыяцыйная апрацоўка наймацнейшымі патокамі іанізаваных злучэнняў можа паскорыць такія працэсы ў разы, адзначае ён.
Навуковец лічыць, што ў некаторых выпадках радыяцыйная апрацоўка «ўмоўна бяспечная».
«Найлепей апрацоўваць такім спосабам прадукты, якія ўтрымліваюць як мага менш вільгаці, бо ў аснове ўздзеяння радыяцыі ляжаць кардынальныя змены ў структуры вады, якая ёсць у любым жывым арганізме і ў многіх нежывых аб’ектах», — тлумачыць навуковец.
Па яго словах, «тая ж хімія», якую выкарыстоўваюць для стэрылізацыі, прыводзіць да ўтварэння шкодных рэчываў-акісляльнікаў толькі на паверхні прадукту, а пры радыяцыйнай апрацоўцы гэтыя рэчывы ўзнікаюць адразу ва ўсім яго аб’ёме.
Паводле Андрэя Кузьміна, запатрабаваным апраменьванне будзе для прадукцыі медычнага прызначэння, касметычных сродкаў, прадуктаў харчавання, а таксама ў энергетыцы і ЖКГ. Як прыклад эфектыўнай практыкі выкарыстання такога метаду, згадваецца Вялікабрытанія, дзе нібыта так стэрылізуюць нават каўбасу.
Сергей Бесараб настойвае: звышвялікія «стэрылізацыйныя» дозы радыяцыі прыводзяць не толькі да змены паху, смаку прадуктаў і да разбурэння карысных рэчываў, але нават да ўзнікнення таксічных рэчываў.
«Таму стэрылізаваць адным і тым жа выпраменьваннем медычныя шпрыцы і прадукты харчавання — гэта дурасць, хаця б таму, што патрэбныя розныя дозы радыяцыі. Дарэчы, з мяснымі прадуктамі, з той жа англійскай каўбасой, пра якую згадвае Кузьмін, у свеце пытанне да канца на сёння не вырашана. Такі спосаб даследуецца, і гаворкі пра выкарыстанне яго паўсюль няма», — адзначае ён.
Навуковец лічыць, што за заявамі аб бяскрыўдным радыяцыйным апраменьванні прадуктаў хаваецца змаганне ўлады з радыяфобіяй беларусаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
«Гэта зброя выпаленай зямлі». Што такое «брудная бомба» і што рабіць, калі яе падарвуць у Беларусі
«Нямала каштоўных лясоў апынуліся па-за межамі ахоўных тэрыторый». Біёлаг пра тое, што адбываецца з лесам
-
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
-
Смартфоны коштам менш за 100 даляраў могуць знікнуць з продажу
-
Кіраўнік Anthropic Дарыё Амадэі заклікаў запаволіць развіццё ШІ, каб ён не стаў небяспечным для людзей
Цяпер чытаюць
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
Каментары