«Камароўка бандытаў, багема і страчанае пакаленне, яўрэі і забойца Кенэдзі: топ-7 кніг пра Менск і Мінск». Новае відэа на канале Андрэя Хадановіча
Сёлета лаўрэатам прэміі Гедройця стаў пісьменнік Сяргей Абламейка за гістарычную кнігу пра нашу сталіцу «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая». З гэтай нагоды Андрэй Хадановіч прапануе свой ТОП-7 найлепшай літаратуры пра Менск і Мінск.
У гэтым выпуску Андрэй Хадановіч расказвае:
- што за Таварыства аматараў выпіць і закусіць (ТАВІЗ) і калі яно існавала ў Менску;
- хто рэдагаваў вершы Някляева і Хадановіча і што было на культавай кватэры гэтага чалавека;
- як склаўся псеўданім Сержа Мінскевіча;
- чаму чалавекам, эстэтычна ўпісаным у горад, складаней маніпуляваць і трымаць за быдла і народзец;
- як героі Пясецкага жывуць па паняццях, але з абвостраным пачуццём справядлівасці.
7. Сяргей Абламейка. «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая»
Чаму трэба прачытаць:
Каб лепей ведаць сябе, каб ведаць, што ты далёка не першы жыхар горада з 1000-гадовай гісторыяй, і гэта пераемнасць шмат да чаго абавязвае, але і шмат правоў табе выдае — права быць еўрапейцам, права быць вольным, права быць чалавекам.
6. Серж Мінскевіч. «Мінскія / Менскія санэты»
Чаму трэба прачытаць:
Аўтар апісвае Мінск учорашні, кніга была напісана 20 гадоў таму. Малады і энергічны паэт выпраменьвае харызму і чароўнасць, такія самыя і яго санеты. Мінскевіч прапаноўвае пазнаваць гэты свет праз ноздры кірмашу, які даўно зрабіўся ледзь не культурным цэнтрам сталіцы.
5. Уладзімір Някляеў. «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без»
Чаму трэба прачытаць:
Мы шукаем свабоду і практыкуемся ў свабодзе. Нават у самыя ідэалагізаваныя эпохі цэнзуры, самацэнзуры, пісання ў стол у Мінску былі людзі, якія гаварылі, што думалі, што хацелі, і вучылі гэтаму іншых.
4. Артур Клінаў. «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца»
Чаму трэба прачытаць:
Будзьма сабою, не імкнучыся прыпадабняцца да заходніх ці ўсходніх узораў. Глядзім на тое ўнікальнае, што ў нас ёсць. Французы не бураць сваіх помнікаў, нават адыёзным дзеячам рэвалюцыі. Безумоўна, цэнтральны Мінск, сталінскі ампір — гэта сённяшняе аблічча горада.
3. Майсей Кульбак. «Зельманцы»
Чаму трэба прачытаць:
Беларусь можа быць шматкультурнай. Памяць пра гэтую шматкультурнасць 1920-х, дзе з беларускай і рускай суіснавала мова ідыш і польская мова — усе яны былі дзяржаўнымі. Можа быць, памяць пра тую шматкультурнасць — гэта той прывабны міф, які пераадолее насаджаную імперыяй прапаганду пра нашу правінцыйнасць і непаўнавартаснасць.
2. Тодар Кляшторны. «Калі асядае муць»
Чаму трэба прачытаць:
Нават у самых невыносных умовах можна застацца чалавекам, можна знайсці выспачку апошняй свабоды, хоць часам кошт гэтага не толькі страчанае здароўе, але і знішчанае жыццё.
1. Сяргей Пясецкі. «Менская трылогія»
Чаму трэба прачытаць:
100 гадоў таму ў Менску працякала не абы-якое жыццё са страсцямі, мовай, вартай вывучэння, і каларытнымі героямі, аб прыгодах якіх у вольнай Беларусі мы абавязкова здымем файны серыял.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
https://d2accbiqacj5y8.cloudfront.net/303630