У Тэатры юнага гледача, які ўзначаліла жонка Макея, ставяць Быкава па-руску
У чэрвені ў Тэатры юнага гледача адбудзецца прэм'ера спектакля «Альпы. Сорак першы», створанага па матывах аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада». Яго пакажуць на рускай мове.

У Беларусі дзейнічаюць 29 прафесійных тэатраў. З іх выключна на беларускай працуюць усяго шэсць. Адзін з іх — Тэатр юнага гледача. Вясной гэтага года там па матывах серыі кніг «Піянеры-героі» паставілі спектакль «Час выбраў іх». Ён ідзе на рускай мове. Прэм'ера наступнага спектакля, «Кентэрвілійскі прывід» прайшла па-беларуску, але афіша ўжо была рускамоўнай, звяртае ўвагу Zerkalo.io.
Цяпер у рэпертуары тэатра з'явіцца другі спектакль, першапачаткова заяўлены на рускай. Калі палітыка новага кіраўніцтва ТЮГа застанецца ранейшай, у Беларусі застануцца ўсяго пяць тэатраў, якія працуюць на роднай мове.
Прычым Васіль Быкаў пісаў свае творы — у тым ліку, і знакамітую «Альпійскую баладу» — выключна па-беларуску.
У красавіку 2022 года дырэктарам ТЮГа стала актрыса Вера Палякова, жонка міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Яна змяніла на гэтай пасадзе Уладзіміра Савіцкага, звольненага ў студзені гэтага года.
У канцы сакавіка 2022-га Палякова расказала, што тэатр павінен адмовіцца ад працы выключна на беларускай мове: «Я лічу, спектаклі павінны быць на дзвюх мовах: і на беларускай, і на рускай. Тады ў тэатра ёсць камерцыйная гісторыя. < … > Дзяржава заўсёды працягне нам руку дапамогі, але мы не павінны сядзець на гэтай прышчэпцы. Мы павінны навучыцца самі зарабляць грошы».
Вера Палякова нарадзілася ў 1978 годзе. Пасля заканчэння акцёрскага факультэта Акадэміі мастацтваў з 2003 года працавала ў трупе мінскага Тэатра-студыі кінаакцёра. З'яўляецца кіраўніцай прыватнага праекта «Трытфармат».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары