Легендарны спектакль «Тутэйшыя» зноў з'явіцца ў афішы Купалаўскага тэатра. Пра гэта рэжысёр Мікалай Пінігін заявіў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай 100-гадоваму юбілею тэатра, піша Tut.by
Прэм'ера спектакля запланавана на чэрвень 2020 года.
— Мяне прымусілі гэта зрабіць. Шмат людзей прасіла. Гэта найлепшая п'еса Янкі Купалы, — сказаў Пінігін, тлумачачы сваё рашэнне.
Пры гэтым рэжысёр прызнаўся, што ні складу, ні канцэпцыі спектакля ў яго няма. Зыходзячы з гэтых словаў, пакуль не зразумела, ці будзе гэта аднаўленнем старога спектакля ці новай пастаноўкай.
Спектакль «Тутэйшыя» быў пастаўлены ў Купалаўскім ў 1990 годзе, хутка стаў культавым і зрабіўся адным з сімвалаў эпохі.
У нулявыя гады спектакль некалькі разоў знікаў з афішы. Апошнія паказы культавага спектакля адбыліся ў ліпені 2007 года.
Але калі вясной гэтага года Павел Латушка стаў дырэктарам Купалаўскага, то сам прапанаваў аднавіць спектакль.
— Скажу шчыра: спецыяльных прапаноў не маю. За выключэннем адной, якую агучыў Пінігіну, калі яшчэ не з’яўляўся дырэктарам Купалаўскага тэатра. Цяпер паўтарыў зноў: аднавіць пастаноўку «Тутэйшых». Гэта мая прапанова, але прымусіць Мікалая Мікалаевіча я не магу, — казаў Латушка.
На сэрвісе VOKA плануецца арганізаваць трансляцыю пастановак Купалаўскага.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра

Каментары