Архіў

Мікалай Пінігін:

Волі, волі і прастору!

Напярэдадні прэм’еры свайго «Сымона-музыкі» рэжысэр сустрэўся на Малой сцэне Купалаўскага тэатру з маладымі тэатральнымі крытыкамі і адказаў на пытаньні.

Пра Сымона-музыку

«Канцэпцыя спэктаклю заўсёды ляжыць у залі. Пастаноўка мусіць адпавядаць чаканьням гледача. Чаго глядач чакае ад «Сымона-музыкі»? Сур’ёзнай размовы пра лёс мастака. Пра лёс нацыянальнай годнасьці, культуры. Якая не падмяняецца этнаграфізмам, як часта бывала.

На гэты спэктакль будуць цэнтралізавана вадзіць школьнікаў? Няхай. Хоць адному ды нешта западзе ў галаву.

Але «Сымон-музыка» — не для школьнай праграмы. Калі ўчытваесься, разумееш гэта. Услухайцеся, якая тэма — паэт ня трэба свайму народу. Гэта ж Колас пра сябе пісаў, там нават намёкі ёсьць на гэта ў паэме. Але што такое народ? Біямаса. А ў гісторыі застаюцца ўзьлёты чалавечага духу, моманты спазнаньня».

Пра Мулявіна

«Я хацеў паставіць «Сымона-музыку», яшчэ калі быў жывы Ўладзімер Мулявін. Каб ён напісаў музыку, засьпяваў, быў мо Сымонам-музыкам.

Мулявін — фэномэн. Вось Пушкін быў этыёп — у Адыс-Абэбе помнік стаіць: «А.Пушкін, вялікі этыёпскі паэт». Лермантаў — шатляндзец. Гогаль — хахол. Мулявін, які прыехаў сюды зь Сьвярдлоўску, здолеў сваёй музыкай выказаць беларускасьць. Самую яе сутнасьць. Калі яшчэ такое будзе: ідзеш Харкавам, а з усіх вокнаў — «Александрына». А чалавек ён быў праставаты, каснаязычны. Чысты талент».

Пра сучасныя задачы Купалаўскага

«Мы вазілі «Ідылію» ў Варшаву, Кіеў, Вільню. Нас разумелі, бо гэта адзін гістарычны арэал. Далей на захад і на ўсход — гэта ўжо цяжэй разумелася б.

У Купалаўскім тэатры трэба толькі такія праекты і рабіць. Ставіць дабротную беларускую літаратуру. Або мець трупу, якая была ў Купалаўскім пры камуністах. А такой не сабраць за 80 гадоў».

Пра генія імпэрыі і генія з Навагрудку

«Уявіце, што мы цяпер тут ставім спэктакль на старажытнай кельцкай мове. Хто што зразумее — нават зь перакладчыкам? Немагчыма паказаць «Сымона-музыку» ў Расеі. Бо ў мове закладзеныя асацыяцыі, зьвязаныя толькі з гэтай тэрыторыяй. Іншай мовай пра гэта ня скажаш. «У бок Віліі чароўнай і пад сьветлую Дзьвіну» — хто ў Расеі гэта зразумее? А я шэсьць гадоў пражыў на хутары на Вяльлі. Або «І папоўскае закляцьце, і ксяндзоўскі нагавор». Якое ў Расеі можа быць «папоўскае закляцьце»?

Адна дзяўчынка маскоўская казала: «Я палянэз Агінскага на скрыпачцы грала. Цікавы фінал». Вось так — хтосьці на скрыпачцы, а я быў у палацы, дзе Агінскі напісаў той палянэз. Тады яшчэ там быў дом састарэлых. Ідзеш, а ў бабулькі на стале — бутля з радавым гербам Агінскіх. У гародзе капаліся, знайшлі.

А п’еса аб адносінах Міцкевіча і Пушкіна? Гэта ж была б бомба! Два геніі з рознай культурнай сытуацыяй. Геній імпэрыі з імпэрскім мысьленьнем. І геній з Наваградку, які застаўся жывы толькі дзякуючы таму, што карабель адплыў раней, чым яго пасьпелі вярнуць».

Пра сучаснае маўленьне

«Маўленьне сёньня дэвальваванае. Столькі словаў вакол. Паэзія ж мае іншы сэнс. Яна чысьцейшая ад сёньняшняй мовы. А то ўключыш тэлевізар — а там усе сэрыялы адной мовай ідуць: «Я це чё скааал...» Мова абрыдла. І гэта агульнаэўрапейская праблема. На міжнародных тэатральных фэстывалях рэжысэры ставяць містэрыі, бо сюжэт ужо не працуе».

Пра сучасную драматургію

«Чаму не хапае зорак зь неба беларускай драматургіі сёньня? Ёй у свой час не далі разьвівацца. Перашкодзіла сталінскае змаганьне з нацдэмамі. Яна не пасьпела сфармавацца. Сёньня ж найбольшая праблема — беларуская драматургія ня пішацца мовай, якой гаворыць вуліца. Таму і не разьвіваецца. Як у сілу пэўных абставінаў і мова не разьвіваецца. Вось вы пішаце п’есу пра жыцьцё маладых. Якім слэнгам будзеце карыстацца, якія выклічнікі ўжываць?»

Пра сучасную ўладу

«Калі я быў «маладым рэжысэрам» — а я меў блат, паступіў у 16 гадоў, тады як мае аднакурсьнікі мелі па трыццаць — нават словаў такіх не было — «інфармацыйная прастора». Не было ніякіх свабодных СМІ. Тэатар быў важным месцам, і ўлада разумела гэта. Машэраў сядзеў у лёжы на кожнай прэм’еры. Акторы мелі добрыя заробкі, кватэры. І ніхто асабліва там нікому задніцы не лізаў.

Кожны мой спэктакль прымаў Іван Антановіч з ідэалягічнага аддзелу ЦК. Выклікаў і чыхвосьціў. Дык я гэта зараз амаль з настальгіяй успамінаю. Тэатар быў атворам, кіслароднай падушкай для грамадзтва. Цяпер перастаў.

Тэатры ў нас дзяржаўныя, а дзяржава адвярнулася ад іх. Ня лічыць нечым істотным. Усё ўзаемазьвязана. Нармальны мужчына, які хоча мець сям’ю, ня пойдзе рабіць на сто даляраў у месяц».

Пра тэатар, сьвядома задушаны

«Трэба ж бараніць айчыннага вытворцу — «Купляйце беларускае»! А то што Хазанаў прыяжджае ў Менск, што антрэпрыза беларускіх артыстаў — адна й тая самая цана за арэнду залі. Тэатар сьвядома задушаны.

Мастацтва — забава для багатай краіны, здольнай аплачваць вашыя фокусы. На Захадзе мноства фондаў, куды можна прыйсьці з праектам пастаноўкі й атрымаць грошы. Тут — нічога гэтага няма. Можна займацца чыстым мастацтвам, працаваць для купкі, ставіць спэктаклі для сябе. Калі толькі ня думаць, дзе ўзяць грошы.

Вось быў такі праект — «Нікола-тэатар». Гэта быў камэрцыйны тэатар, які выконваў камэрцыйныя задачы. Але спэктакляў жанру «трусы» мы ніколі ня ставілі. У кожнага ж тэатру мусіць быць стратэгія. Трэба ведаць, які перад табой глядач, якія людзі купілі білет. Напрыклад, п’есу «13» я ніколі не паставіў бы ў Купалаўскім. П’еса ўразіла мяне тым, што ў ёй няма ніводнай думкі. Толькі ангельскі гумар. Уражаньне, што аўтар напісаў яе, толькі каб глядач пасьмяяўся.

Увогуле, зрабіць камэдыю цяжка. Прымусіць зал сьмяяцца. Прымусіць сумаваць — проста. І крытык потым напіша, што гэта геніяльна, а вы, дурні, нічога не зразумелі. Працаваць для купкі — любы можа. А для поўнай залі?».

Пра сучаснага гледача

«Узровень гледача ўпаў. І тэлебачаньне ў гэтым дапамагло калясальна. Такое ўражаньне, што яно мае задачу адурачыць людзей, абалваніць. Гэты перагруз папсы, сьмецьця, непатрэбшчыны... Я сёньня сумую па акадэміку Ліхачову, слухаць якога ў савецкія часы было як піць жывую ваду. Сёньня ж грошы сталі самым галоўным. У Маскве прадусэр сустракае рэжысэра і пытаецца: «У цябе ёсьць фільм?» «Ёсьць». — «Колькі сэрый?» — «Тры». — «Шкада. Было б пяць, купіў бы». Яму ня важна, які гэта фільм і пра што. Ён ведае, што калі праз кожныя 15 хвілін будзе ставіць рэкляму, адаб’е грошы і яшчэ двойчы па столькі наварыць.

Некалі мы ставілі «Трохграшовую опэру», і гэта было цікава савецкаму гледачу. Каго зараз зьдзівіш гісторыяй пра Мэкі Нажа? Уключыце любы тэлеканал. А тэатар мусіць паказваць тое, чаго не пабачыш у «скрыні». Людзі ідуць туды за шчырасьцю, за суперажываньнем. У гэтым прафэсія актора: людзі зьбіраюцца і адкрываюць адзін перад адным самыя балючыя месцы. Калі гэтага няма, працаваць у тэатры ня мае сэнсу.

У постсавецкі час усталявалася вялікая дыстанцыя між людзьмі. Пад саветамі ўсе сядзелі ў адной кучцы. Не было мараў пра паездкі за мяжу, шмоткі, грошы. Мы сядзелі як у акварыюме, чыталі Набокава з ксэракопіяў, размаўлялі на кухнях. Але асяродзьдзе было прадзімальнае. Мы ведалі, што робіцца ў тэатрах Вільні, Ленінграду, Кіева. Сёньня гэтых сувязяў няма. На Беларусь апускаецца жалезная заслона. І не дастукацца. Беларусь замыкаецца, правінцыялізуецца, ператвараецца ў вялікі вясковы клюб у культурным сэнсе».

Пра тутэйшых

«Я не спадзяваўся на посьпех «Тутэйшых». Думаў, прыйдзе 15 чалавек, пакажам два разы — і ўсё... Але тады быў такі момант. У Беларусі ўсё адбываецца ў апошні момант. Вунь 7 лістапада ў Расеі адмянілі, а ў нас уключаеш тэлевізар — дзяўчынкі ў чырвоных гальштуках і «Аўрора». А тады — раптам Белавеская Пушча... Справа ня ў сьцягу бел-чырвона-белым, які я ў спэктаклі спрабаваў усё ж падаць неадназначна, складаць з крыві і анёльскіх крылаў. Сьцяг тады яшчэ ня быў дзяржаўным. Валер Масьлюк раней «Тутэйшых» ставіў у Магілёве, дык там БССРаўскі сьцяг са столі спускаўся і гучаў гімн «Мы беларусы». І людзі ўставалі, бо гімн гучыць...

Справа ў іншым. У п’есе паказаны беларускі характар. Вось Мікіта Зносак — беларус. Нацыя выжыла дзякуючы ўнутранай плястычнасьці. Паглядзіце «Ніхто не хацеў паміраць» — пра лёс маленькага народу на скрыжаваньнях эўрапейскай гісторыі, перад якім стаіць толькі адна задача — выжыць.

Заедзьце ў любую вёску, пагаварыце зь людзьмі. Калі чалавек цябе ня знае, ён будзе з табой так гаварыць, каб ты нічым ня змог яго зачапіць. Як у анэкдоце: «Дзед, у возеры рыба ёсьць?» «А куды яна дзенецца...» — «Дык чаму я за дзень не злавіў нічога?». — «А адкуль ёй узяцца...» Я не кажу зараз, добра гэта ці дрэнна з маральнага пункту гледжаньня. Але ў кожнай нацыі ёсьць зярнятка, якое хочацца памацаць.

І мы не рабілі «Тутэйшых» чорна-белымі. Там жа з іроніяй паказаны і Янка Здольнік. Такі ўжо настаўнік, інтэлігент, а як заваруха пачалася ў горадзе, ён адразу: «А мы на вёску. Там людзі лепшыя».

Пра гістарычныя шанцы

«Прычыны майго сыходу з Купалаўскага тэатру былі празаічныя, з аднаго боку, і ідэалягічныя зь іншага. Зьмянілася сытуацыя. Нам пашчасьціла працаваць у часы беларускага адраджэньня. Гэта ні з чым не параўнальнае адчуваньне. Мы і дзяржава — гэта пры Шушкевічу было адно. Быў уздым. У нас адчыняліся амбасады замежных краінаў. Мы стваралі сваю краіну. Але ўсё зьмянілася. Цяпер я стаўлюся да гэтага спакойна. Сьвяты бываюць рэдка. Раз на сто, дзьвесьце гадоў. Народы рэдка атрымліваюць гістарычныя шанцы. Польшча вунь дзьвесьце гадоў чакала».

Запісаў СМ

Прэм’ерныя паказы спэктаклю Мікалая Пінігіна «Сымон-музыка», паводле паэмы Якуба Коласа, пройдуць у Купалаўскім тэатры 19 і 20 лістапада. Пачатак а 19-й.

Каментары

Цяпер чытаюць

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ7

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

Рыбакоў: Беларусь і ЗША рыхтуюць новыя крокі19

У расійскім Барнауле 8 з 10 новых беларускіх трамваяў адразу ж сталі на рамонт

У Беларусі ніяк не могуць знайсці, каго паслаць амбасадарам у Нігерыю8

Улады расказалі, што будзе рабіцца на месцы згарэлай царквы ў Сцяпанках4

ЗША зноў правялі перамовы з Расіяй, але ўсё без толку10

Берасцеец расказаў і паказаў, як займаўся адмываннем даляраў

Звярнулася 11 ліпеня, запісалі на 22 верасня. У Жодзіне абмяркоўваюць чэргі ў бальніцу1

Брэнд Mark Formelle трапіў у скандал, нахаміўшы кліентцы на роўным месцы8

За пяць гадоў Германія выдала беларусам 267 гуманітарных віз. Больш не будуць13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ7

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць