Грамадства1010

За больш чым год выдалі 600 пашпартоў Новай Беларусі

Беларускі пашпартны цэнтр выдаў 600 пашпартоў Новай Беларусі і рыхтуе дыстанцыйны збор біяметрыі. Аднак прызнанне дакумента на ўзроўні дзяржаўнага малаверагоднае, сказаў «Белсату» старшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. 

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Цяпер ідзе праца над тым, каб замежныя ўстановы прымалі «пашпарт Новай Беларусі» як дадатковае пацвярджэнне асобы пры легалізацыі за мяжой.

Хто ідзе па «пашпарты Новай Беларусі» 

«Беларускі пашпартны цэнтр» трансфармаваўся за апошні год, правёў аптымізацыю, распавёў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Змянілася прысутнасць у Літве і ў цэлым дзейнасць стала больш дэцэнтралізаванай: з'явіліся новыя пункты збору біяметрычных даных у Польшчы, Украіне, Літве і ЗША і выязныя сесіі ў іншыя краіны ЕС.

Станам на верасень 2026 года было выдадзеныя 600 дакументаў, больш за 60 заявак у апрацоўцы. 

Прыём заявак на атрыманне пашпарта Новай Беларусі стартаваў у канцы студзеня 2025 года, самі пашпарты сталі выдаваць праз некалькі месяцаў.

«Пашпарты звычайна атрымліваюць людзі, у якіх ёсць складанасці з дакументамі: тэрмін дзеяння традыцыйных беларускіх пашпартоў ужо скончыўся, і гэта здаецца для іх адзіным рашэннем», — патлумачыў Вячорка попыт на дакумент. 

Паводле дарадцы Ціханоўскай, асабліва запатрабаваным «пашпарт Новай Беларусі» можа быць у краінах, дзе няма рашэння і практыкі выдачы пашпартоў замежніка ці дарожных дакументаў. 

Вячорка заявіў, што ёсць выпадкі, калі «пашпарт Новай Беларусі» дапамагаў у побытавых справах і дзяржаўныя органы ў розных краінах ішлі насустрач, прымалі яго як пасведчанне асобы. Палітык падкрэсліў: самае важнае пры такіх зваротах — пазначаць, што гэта не пашпарт дзяржавы і ён не мае афіцыйнага прызнання. Мяжу перасякаць з такім дакументам нельга. 

Пашпартны цэнтр прайшоў некалькі праверак бяспекі 

Паводле Вячоркі, у Беларускага пашпартнага цэнтру былі некалькі праверак, якія не паказалі ўцечкі ці рызыкаў бяспекі.

Ён адзначыў: пасля таго як асоба прайшла верыфікацыю і здала біяметрыю, даныя захоўваюцца ў зашыфраваным выглядзе. «Без кодаў і самога дакумента няма магчымасці атрымаць да іх доступ — ні ў нас, ні ў рэжыму. Толькі той, хто атрымаў дакумент, будзе мець доступ да сваёй электроннай карткі», — сцвердзіў Вячорка. 

Да базы атрымальнікаў пашпартоў не маюць доступу ні супрацоўнікі пашпартнага цэнтра, ні прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінета ці Офіса Ціханоўскай, дадаў ён. 

Офіс дамагаецца афіцыйнага прызнання дакумента, але не як пашпарта 

Працэс прызнання «пашпарта Новай Беларусі» — сапраўды складаны, бо такіх прэцэдэнтаў не было, сказаў Вячорка. 

Паводле яго, прыярытэт перамоваў Офіса Ціханоўскай у розных краінах — прызнанне пратэрмінаваных дзяржаўных беларускіх пашпартоў і выдачы т.зв. «пашпартоў замежніка» ці «падарожных дакументаў». І толькі на трэцім месцы прасоўванне «пашпарта Новай Беларусі», які мог бы быць універсальным і доўгатэрміновым рашэннем.

«Мы ўсё роўна будзем дабівацца міжнароднага прызнання», — падкрэсліў Вячорка.

Так, з удзелам экспертаў у галіне ідэнтыфікацыйных дакументаў быў праведзены аналіз перспектыў і падрыхтаваны праект дарожнай карты для міжнароднага прызнання дакумента. 

Але Вячорка прызнаў, што ў якасці дзяржаўнага пашпарта прайсці працэдуру дакумента малаверагодна:

«Ёсць выпрацаваная сістэма ААН, у якой толькі дзяржавы могуць выдаваць пашпарты. Мы працуем над прызнаннем «пашпарта Новай Беларусі» як дадатковага дакумента. У кожнай краіне для гэтага розныя працэдуры, на еўрапейскім узроўні гэта не цэнтралізавана. Дзесьці ён можа быць дадатковым дакументам да дазволу на жыхарства. Дзесьці мы б хацелі, каб ён быў дадатковым дакументам пры падаўжэнні дазволу на жыхарства, калі ў людзей пратэрмінаваныя пашпарты». 

Перамовы пра гэта Офіс Ціханоўскай вёў і ва Украіне. Дакумент мог бы «быць рашэннем для тых, хто застаўся без дзейных пашпартоў або згубіў іх, ёсць такія кейсы», адзначыў Вячорка. 

«У Злучаных Штатах пачалася выдача, і людзі патэнцыйна могуць яго дадаваць, пазначаючы статус дакумента: непрызнаны, але такі, які верыфікуе іх асобу», — дадаў палітык. 

Колькасць пяройдзе ў якасць? 

Працэс прызнання дакумента можа быць вельмі доўгім, але «калі не будзе іншага, лепшага рашэння на ўзроўні Еўрапейскага Саюза ці ААН, магчыма, гэты варыянт стане адзіным выхадам з сітуацыі», лічыць Вячорка. 

«На жаль, цяперашняе міжнароднае права не дае яснага механізму. Мы знаходзімся ў шэрай зоне: дакумент мае няясны статус, і вельмі многае залежыць ад установы, да якой людзі звяртаюцца. Выкарыстанне дакумента і наяўнасць не з’яўляюцца злачынствам, калі вы не падманваеце людзей, кажучы, што гэта сапраўдны пашпарт. Прымаць яго ці не — рашэнне інстытуцыі, да якой асоба звярнулася з гэтым дакументам. Ён не з’яўляецца копіяй пашпарта Рэспублікі Беларусь», — адзначыў палітык. 

Вячорка не выключае, што чым больш людзей атрымае пашпарты, тым больш будзе матывацыі ў міжнародных інстытуцыяў і краінаў думаць пра яго прызнанне. 

Электронны збор біяметрыі і выхад на самаакупнасць 

У бліжэйшых планах пашпартнага цэнтра — арганізацыя электроннага збору біяметрыі, якая не будзе патрабаваць фізічнай прысутнасці чалавека. «Цяперашнія тэхналогіі дазваляюць гэта зрабіць. Калі атрымаецца, нашмат больш людзей змогуць падаваць заявы на дакументы і атрымліваць іх», — мяркуе Вячорка. 

Таксама ў Офісе Ціханоўскай плануюць далей аптымізаваць выдаткі і вывесці «пашпарт Новай Беларусі на самаакупнасць». 

«Праект быў створаны і запушчаны за прыватныя мэтавыя сродкі. Гэта не падтрымка дэмакратычнай ці грамадзянскай супольнасці, гэта была адрасная дапамога. Цяпер самае важнае — выйсці на самаакупнасць, каб не было дадатковых выдаткаў», — падкрэсліў Вячорка. 

Паводле яго, сёння ўнёскі, якія людзі плацяць за атрыманне дакумента, ідуць на абслугоўванне пашпарта, падтрыманне лічбавай інфраструктуры і сістэмы верыфікацыі. Цяперашні кошт у 97 еўра Вячорка называе мінімальным і прызнае, што знізіць яго мала магчыма, хіба што за кошт электроннага збору біяметрыі. 

Апроч таго, сярод задачаў — зʼяўленне новых пунктаў здачы біяметрыі і далучэнне да прасоўвання дакумента новых міжнародных экспертаў. На сёння ўжо ёсць пул прафесіяналаў, якія дапамагаюць у гэтым бясплатна, кажа дарадца Ціханоўскай.

«Гэты пашпарт умацоўвае суб’ектнасць беларускай супольнасці, змяншае манаполію рэжыму над беларусамі. Беларусы ж — не рабы Лукашэнкі, не яго падначаленыя. Другая задача — умацаваць суб’ектнасць дэмакратычнай супольнасці Беларусі. Трэцяя — падняць само пытанне з дакументамі», — падкрэсліў Вячорка. 

Палітык адзначыў, што на фоне вайны ва Украіне праблема транснацыянальных рэпрэсіяў, калі беларусы не могуць атрымаць дакументы, часта адыходзіць на другі план і не вырашаецца, а «пашпарт Новай Беларусі» падымае гэтае пытанне наверх і ўскосна спрыяе легалізацыі беларусаў у іншых краінах. 

Каментары10

  • Сатурн
    14.10.2026
    И в чем практический смысл этой паперки?
  • Больш канкрэтыкі
    14.10.2026
    Дык што там з прызнаннем пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў?
  • Математика
    14.10.2026
    600*97 евро=58 200,00 евро

Цяпер чытаюць

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка2

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка

Усе навіны →
Усе навіны

Касаткі навучыліся паляваць на вялікіх белых акул і здабываць іх печань. Навукоўцы занепакоеныя наступствамі3

У Беларусі абнавілі публічную кадастравую карту

Трамп: Расія паводзіла сябе цалкам нармальна ў дачыненні да Украіны54

Акадэмію навук чакаюць вялікія змены3

Расіяне ўдарылі па парку ў Харкаўскай вобласці. Пяцёра загінулых, у тым ліку немаўля ў вазку6

Лідара кенійскай секты прызналі вінаватым у смерці 190 дзяцей. Ён прымушаў бацькоў марыць іх голадам7

Вілу каля Мінскага мора за 4,45 мільёна даляраў купіла кампанія, звязаная з «кашальком Лукашэнкі» Вараб'ём6

У падпале станцыі Starlink у Балгарыі падазраюць двух грамадзян Германіі2

Пад Мінскам аўтакран упаў на чыгуначныя рэйкі і збіў рух па лініі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка2

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць