«Паглядзіце на тое, што адбываецца ва Украіне проста зараз, у гэтую хвіліну». Экс-прэзідэнт Юшчанка звярнуўся з адкрытым лістом да Трампа
Свой ліст Віктар Юшчанка апублікаваў у фэйсбуку.

«Я вырашыў напісаць гэты ліст без лішняга дыпламатычнага этыкету і высакапарных слоў — проста як чалавек да чалавека, як прэзідэнт да прэзідэнта, якому неабыякавы лёс свабоды і чалавечай годнасці.
Свабода для ўкраінца — гэта не проста слова з палітычных дэкларацый. Гэта наш глыбокі генетычны код, перададзены ад сівых казацкіх часоў, ад нашых прадзедаў, якія найвышэй за ўсё цанілі волю і сваю дадзеную Богам зямлю.
Мы — народ хлебаробаў, чыя ідэнтычнасць прарастае з любові да ўласнай хаты, да свайго поля і да свайго роднага неба. Мы ніколі не замахваліся на чужое, але і сваё аддаваць не навучаныя.
Паглядзіце на тое, што адбываецца ва Украіне проста цяпер, у гэтую хвіліну. Нашы гарады штодня і штоноч скаланаюцца ад расійскіх балістычных ракет і цяжкіх авіябомбаў.
І б’юць яны не па ваенных аб’ектах — вораг мэтанакіравана знішчае мірных людзей, спрабуючы выпаліць нашу свабоду. Яны б’юць па звычайных жылых дамах у старажытным Кіеве, па спячых кварталах у Запарожжы, Адэсе, Дняпры і на Харкаўшчыне. Свежы прыклад: варта было вам толькі загаварыць пра магчымасць нейкіх «саступак» ці дамоўленасцей з Пуціным, як Крэмль адразу ж «падзякаваў» за гэта чарговымі крывавымі ўдарамі па нашых сем’ях.
Колькі невымоўнага болю працякае праз сэрца, калі бачыш маці, якія хаваюць сваіх нявінных дзяцей, і малых, якія застаюцца сіротамі сярод дыму і руін! Гэта не проста сухая статыстыка ці «канфлікт дзесьці далёка» — гэта нясцерпны, жывы боль мільёнаў сем’яў, якія штодня праходзяць праз сапраўднае пякельнае горніла гэтай вайны.
І на гэтым фоне выглядае дзіка і балюча, калі гучаць заклікі да Украіны «спыніцца», павучанні, каго нам выбіраць і як жыць, або калі даецца зялёнае святло на гандаль расійскім дызелем. Кожны долар ад гэтага дызелю — гэта набытая ракета, якая заўтра прыляціць у нашы хаты. Гандляваць з агрэсарам падчас такой бойні — значыць падсілкоўваць яго ваенную машыну.
Спадар Трамп, успомніце падзеі больш як трыццацігадовай даўніны, калі распадаўся Савецкі Саюз.
Украіна тады валодала трэцім па велічыні ядзерным патэнцыялам у свеце. Мы добраахвотна адмовіліся ад гэтай зброі дзеля міру на планеце, паверыўшы словам і подпісам вялікіх дзяржаў. У 1994 годзе Злучаныя Штаты Амерыкі разам з партнёрамі падпісалі Будапешцкі мемарандум, даўшы Украіне афіцыйныя гарантыі бяспекі, суверэнітэту і недатыкальнасці нашых межаў. Амерыка ўзяла на сябе маральнае і юрыдычнае абавязацельства быць нашым шчытом і абаронцам. Дык няўжо можна сёння, калі на нас напаў подлы вораг, забыць пра подпіс Вялікай Амерыкі пад гэтым дакументам?!
А яшчэ ўспомніце ўласную гісторыю Злучаных Штатаў! У 1930‑х гадах Вашынгтон таксама верыў, што гандаль нафтай з Імператарскай Японіяй дапаможа ўтрымаць «стабільнасць».
ЗША гадамі прадавалі ім паліва, спрабуючы адкупіцца ад вайны. Чым гэта скончылася? Трагедыяй Пэрл-Харбара, калі японскія самалёты на амерыканскім жа паліве бамбілі ваш флот.
І ўспомніце, хто заўсёды стаяў побач, калі трэба было абараняць свабоду.
На легендарным фота над Івадзімай сцяг ЗША падымаў украінскі хлопец з Лемкаўшчыны — сяржант Міхаіл Стрэнк, які аддаў жыццё за Амерыку. А 25 красавіка 1945 года на разбураным мосце ў Торгау на Эльбе амерыканскага лейтэнанта Уільяма Робертсана першым абняў украінскі хлопец з Чаркашчыны — Аляксандр Сільвашка. Нашы народы ўжо пралівалі супольную кроў за свабоду ў барацьбе супраць тыраніі.
І таму напрыканцы я хачу сказаць самае галоўнае — тое, што павінен зразумець увесь свет і вы асабіста, спадар Прэзідэнт.
Украінская ідэнтычнасць — гэта няскоранасць. Мы — народ з глыбокімі каранямі, прывязаны да сваёй зямлі любоўю, працай і духам волі. Мы ніколі, чуеце, ніколі і нікому не аддамо сваёй Зямлі. Гэта наш дом, дадзены нам Богам пад гэтым высокім сонцам. Мы тут былі, мы ёсць і мы заўсёды будзем! Нас немагчыма запалохаць ракетамі і немагчыма прымусіць здацца, бо ў нашых жылах цячэ кроў вольных людзей. З тыранамі не дамаўляюцца — іх спыняюць!
З верай у Праўду, свабоду і гонар вольнага свету, Віктар Юшчанка, прэзідэнт Украіны ў 2005—2010 гадах», — напісаў палітык.
-
Беларус пасля смерці жонкі застаўся адзін з дзецьмі. Іх у яго 12, але ён добра дае рады
-
«Запрасіў мяне на спатканне і прыехаў на яго з пакетам памідораў замест кветак». Што ўспамінаюць пра Яна Памедора Рэуцкага, адміна шматтысячнай суполкі беларусаў Польшчы
-
Яшчэ каля 400 гектараў зямлі на Гомельшчыне больш не лічацца радыеактыўнымі
Каментары
Как мудрый и опытный политический деятель (см. резюме выше), что же Вы рекомендуете сделать США? В чем заключается Ваш призыв, к какому действию?
Отменить неполноценным монгольским азиатам визы по примеру ЕС? Довести объем торговли с ними нефтепродуктами до объемов ЕС? Ввести санкции в 500% на Китай (ну, то есть на себя - Эппл, Амазон и т.д. Чтоб как мудрая Германия - на свои трубопроводы)?
Или бахнуть ядеркой по Москве, да? За батальон Монако, отомстить проклятым имперцам? За 10 млн. ухилянтов! Так надо?
Или что? Или в час-по-чайной ложке дальше подливать масла в огонь по примеру Байдена, чтобы эта война не кончалась никогда?