У Швейцарыі праз недахоп вады забараняюць напаўняць басейны і паліваць газоны
У Швейцарыі праз працяглую спякоту і засуху ўводзяць абмежаванні на выкарыстанне вады. Узровень вады ў рэках і азёрах істотна знізіўся, а ў многіх месцах дасягнуў гістарычнага мінімуму. Пры гэтым запасы падземных вод працягваюць змяншацца, піша выданне Blick.

Па звестках MétéoSuisse, на ўсёй тэрыторыі краіны зафіксаваны найвышэйшы ўзровень небяспекі, звязаны з засухай. Праблема ўзмацняецца тым, што на працягу доўгага часу амаль не было ападкаў.
У многіх рэгіёнах ужо дзейнічаюць меры па эканоміі вады. На поўдні Швейцарыі мясцовыя ўлады забаранілі напаўняць басейны, паліваць газоны і мыць аўтамабілі. Яшчэ з сярэдзіны чэрвеня забаронена браць ваду з большасці невялікіх ручаёў, што стварае дадатковыя цяжкасці для сельскай гаспадаркі.
У некаторых раёнах лугі і пашы ўжо высахлі. На берагах Цюрыхскага возера з-за падзення ўзроўню вады агаліліся скалы, якія звычайна знаходзяцца пад вадой. Некаторыя суднаходныя кампаніі былі вымушаныя спыніць асобныя рэйсы, а спаборніцтвы па плаванні адмянілі.
У Альпгшвендзі, недалёка ад гары Пілат, мясцовая крыніца перастала даваць дастаткова вады. Таму пітную ваду даводзіцца дастаўляць у горы трактарамі ў спецыяльных цыстэрнах.
Абмежаванні ўвялі і ў рэгіёне Базель-Ланд. Напрыклад, жыхарам Лангенбрука забаранілі паліваць газоны і жывыя агароджы, напаўняць басейны і іншыя ёмістасці, а таксама мыць аўтамабілі.
У даліне Рэйна ў кантоне Граўбюндэн жыхароў таксама заклікаюць эканоміць ваду. У муніцыпалітэтах Енінс і Маланс у жніўні забаронена выкарыстоўваць ваду з пажарных гідрантаў для прыватных патрэб, у тым ліку для паліву, напаўнення басейнаў і мыцця машын.
Засуха ўжо негатыўна адбіваецца на прыродзе. У рацэ Дуб асобныя ўчасткі рэчышча перасыхаюць, гіне рыба, цярпяць лясы, а фермеры вымушаныя выкарыстоўваць запасы корму, якія прызначаліся на зіму.
Праблемы з нізкім узроўнем вады ўзнікаюць і ў іншых еўрапейскіх краінах. Напрыклад, у Венгрыі ўзводзяць спецыяльны бар'ер на Дунаі, каб падняць узровень вады каля адзінай у краіне АЭС і забяспечыць яе астуджэнне. У Румыніі недахоп вады ўжо прывёў да спынення АЭС «Чарнаводэ».
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары