У французскім горадзе Аранж, што ў дэпартаменце Ваклюз, паліцыя затрымала 32‑гадовую жанчыну пасля таго, як у яе кватэры знайшлі парэшткі пяці немаўлят. Пракуратура распачала крымінальную справу па факце забойства дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў, піша Euronews.

Паводле інфармацыі следства, жудасную знаходку зрабіў грамадзянскі муж жанчыны. Пасля таго як яна некалькі дзён таму нарадзіла дома здаровае дзіця і была дастаўленая ў бальніцу, мужчына вярнуўся ў кватэру, каб разабрацца ў сітуацыі.
Падчас агляду жылля ён знайшоў некалькі скрынак, у якіх знаходзіліся косці чатырох немаўлят і цела яшчэ аднаго нованароджанага. Пра знаходку ён паведаміў у бальніцу, адкуль інфармацыя была перададзеная пракурору.
Расследаванне даручылі спецыялізаванаму падраздзяленню нацыянальнай паліцыі. Падчас ператрусу следчыя канфіскавалі скрынкі з парэшткамі. Судова-медыцынскі эксперт пацвердзіў, што яны належаць пяці дзецям. Для высвятлення прычын смерці прызначаныя ўскрыццё і лабараторныя даследаванні.
Жанчына пакуль знаходзіцца ў бальніцы пасля родаў і яшчэ не была дапытаная. Яе партнёр сцвярджае, што не ведаў пра магчымыя цяжарнасці сваёй спадарожніцы, таму на гэты момант ён застаецца на волі.
Пара жыла ў старой частцы Аранжа і выхоўвала яшчэ дваіх дзяцей — васьмі і дзевяці гадоў. Сацыяльныя службы ўжо заняліся ацэнкай умоў іх жыцця. Нованароджаны хлопчык, які з'явіўся на свет у нядзелю, часова перададзены пад дзяржаўную апеку да прыняцця рашэння судом па справах непаўналетніх.
Цяпер чытаюць
Колькасць ахвяр выбуху ў маскоўскім элітным рэстаране на юбілеі генерала, які камандаваў наступам на Кіеў з Беларусі ў 2022-м, вырасла да пяці чалавек
Каментары