Аграсядзіба ператварыла беларускую вёску ў інтэрнэт-шоу і скарыла гараджан.

«Гэта самы небяспечны бутэрброд лета», «метр чыстага задавальнення», «такога драніка вы яшчэ не бачылі» — прыкладна так выглядаюць загалоўкі ролікаў праекта аграсядзібы «Вясёлая хата».
У кадры — агонь, сала, бульба, чыгуны, вышыванкі і стравы, ад якіх дыетолагі схапіліся б за сэрца. Але менавіта гэтыя відэа збіраюць сотні тысяч, а часам і мільёны праглядаў.
Аграсядзіба «Вясёлая хата» знаходзіцца ў вёсцы Калюга Капыльскага раёна, прыкладна за 75 кіламетраў ад Мінска. Сядзіба існуе ўжо шмат гадоў: два адноўленыя драўляныя дамы, уласная экаферма, возера, лазні, музей беларускага побыту, коні, старадаўнія абрады і кухня па традыцыйных рэцэптах. Уладальнік праекта — Андрэй Крук.
На тэрыторыі праводзяць Купалле, Каляды, Гуканне вясны, Багач, арганізуюць майстар-класы, экскурсіі і кулінарныя шоу. Гасцей сустракаюць хлебам, соллю і стравамі, прыгатаванымі ў беларускай печы з прадуктаў уласнай гаспадаркі.
У пэўны момант «Вясёлая хата» перастала выглядаць як проста месца адпачынку і турыстычны бізнэс і стала паўнавартасным медыяпраектам са сваёй эстэтыкай і героямі.
Большасць відэа «Вясёлай хаты» пачынаюцца з канфлікту, жарту або абсурднай сітуацыі.
Гаспадар аграсядзібы Андрэй і гаспадыня, якая заўсёды з'яўляецца ў кадры ў нацыянальным строі, разыгрываюць невялікія сцэнкі, а ўжо потым пачынаюць гатаваць. Ён можа атрымаць таз халоднай вады проста ў твар, спрабаваць лавіць гаспадыню ласо ці ганяцца за парасяткам. Яна — лаяць яго за сталом, здзіўляцца незвычайнаму падарунку ў выглядзе рачной рыбы ці рулькі або абяцаць накарміць сапраўднай беларускай стравай, каб ён не нерваваўся.
Усё гэта яны імкнуцца зрабіць максімальна эфектна. Чаго толькі варты рэцэпт закускі са свіных вушэй:
Халаднік, напрыклад, яны гатуюць не ў місцы і нават не ў вядры. Для яго гаспадыня бензапілой выразае чару з велізарнай глыбы лёду. Унутр адпраўляюцца буракі, яйкі, агуркі і кроп, пасля чаго ружовы суп змешваюць вялізнай драўлянай лыжкай. А фінальная дэгустацыя ператвараецца ў чарговы жарт: Андрэй п'е халаднік проста з ледзяной чары і літаральна «замярзае» на вачах гледачоў.
У іншым роліку Андрэй ловіць парася, каб пасля прыгатаваць закуску са свіных ножак. Пакуль у казане варацца ножкі з морквай, часнаком і перцам, пяць жанчын у нацыянальных строях патрабуюць пачастунку. Калі ж страва нарэшце гатовая і пакрываецца карамелізаванай скарынкай над вуглямі, госці літаральна накідваюцца на яе. А сам Андрэй у фінале адпраўляецца ўдалечыню на жаночых плячах як герой народнага эпасу.
У пачатку роліка пра бураковае піва (хаця гэта хутчэй квас) гаспадыня дэманстратыўна змятае са стала мноства бутэлек крамнога піва і абвяшчае, што зараз будзе сапраўдны напой. Далей усё адбываецца ўжо паводле традыцыйнага рэцэпту: буракі, вада, разынкі, некалькі дзён чакання. Так хатняя кухня перамагае фабрычную вытворчасць. А відэа ў інстаграме набрала больш за мільён праглядаў.
Ці возьмем гісторыю з рулетам з рулькі. Усё пачынаецца як сцэна з рамантычнай камедыі: Андрэй прыходзіць да гаспадыні з вялікім букетам, перавязаным чырвоным бантам. Праўда, замест кветак унутры хаваецца свіная рулька. Далей ідзе падрабязны майстар-клас па гатаванні мяснога рулету.
У роліках цэнтральнае месца займаюць класічныя беларускія стравы. Тут ёсць і кішка — бульбяная каўбаса, якую гаспадыня набівае праз самаробную варонку з пластыкавай бутэлькі, і закуска з селядца, дзе Андрэй эфектна разрывае рыбу на два ідэальныя філе, і зэльц з вушэй і языкоў, які прэсуецца пад цяжарам бутэлькі спіртнога.
Звычайныя прадметы сельскай працы нечакана ператвараюцца ў кухонныя інструменты: тут смажаць бульбу проста на лапаце над вогнішчам, а сала — на садовых вілах замест шампураў.
Яшчэ адна адметнасць — любоў да нечаканых паверхняў для прыгатавання ежы. Калі патэльня, то гіганцкая. Калі яечня, то на палатне старой двухручнай пілы. Пакуль двое мужчын пілуюць бервяно, будучая «патэльня» награваецца над агнём. На метал кладуць сала, разбіваюць яйкі, а пасля яечню падаюць з чорным хлебам, часнаком і хрэнам з буракамі.
Беларускасць тут пахне дымам з печы, гучыць трэскам дроў, выглядае як румяны дранік, які толькі што дасталі з патэльні. І ўсё гэта — з гумарам і пазітывам.
Каментары