Што ўмее новы Lego? Пагулялі ў яго, каб зразумець, ці зможа ён замяніць дзецям смартфоны
Кампанія Lego не пакідае спроба адарваць дзяцей ад экранаў гаджэтаў, прапаноўваючы новы гібрыдны фармат гульні. Мы выпрабавалі інавацыйную сістэму Smart Play на прыкладзе двух флагманскіх набораў па сусвеце «Зорных войнаў» — знішчальнік Дарта Вэйдэра і камплект X-Wing Люка Скайуокера. Расказваем, як працуюць «разумныя кубікі», ці рэалістычныя касмічныя баі на стале і чаму да ідэалу тут пакуль далёка.

Электроніка ўнутры пластыка: як гэта працуе
Пад капотам новай лінейкі ляжыць так званы «разумны кубік» (Smart Brick), які ўбудоўваецца ўнутр кожнага карабля. Іронія лёсу ў тым, што цалкам пазбавіцца ад смартфонаў усё адно не атрымаецца: сістэме патрабуецца падключэнне праз Bluetooth да адмысловай праграмы Lego Smart Assistant.
Менавіта туды сцягваюцца ўсе даныя для абнаўлення прашыўкі і там жа рэгулюецца гучнасць эфектаў.

Пры гэтым самі наборы моцна адрозніваюцца напаўненнем:
- У знішчальніку Дарта Вэйдэра (75421) ёсць толькі адна інтэрактыўная фігурка. Аўтаномная гармата, якая ідзе ў камплекце і страляе чырвонымі дэталькамі, ніяк не звязаная з агульнай электронікай і сістэма на яе не рэагуе.
- У камплекце X-Wing Люка Скайуокера (75423) інтэрактыўных элементаў ужо некалькі, што робіць супольную гульню куды больш дынамічнай.
У Польшчы яны троху патаннелі і каштуюць 218 злотых (51 еўра) супраць 290 злотых (68 еўра) на старце за карабель Дарта Вэйдэра і 290 злотых (68 еўра) супраць 399 злотых (92 еўра) за X-Wing.
У Беларусі коштны на іх касмічныя. Набор X-Wing Люка (75423) каштуе 489,9 рубля (прыкладна 152 еўра), а знішчальнік TIE Дарта Вейдэра (75421) — 389,9 рубля (каля 121 еўра).


Касмічны бой па-новаму і праблемы з прыцэльваннем
Сама сістэма баёў паміж зоркалётамі пабудаваная на акустычных і сэнсарных эфектах. Пры націсканні на кнопку стральбы карабель выдае фірмовы гук лазера, а калі побач знаходзіцца праціўнік, яму залічваецца траплянне. Пасля серыі ўдараў уключаецца сірэна трывогі, якая заканчваецца гукам выбуху — гэта азначае, што карабель «знішчаны».
Галоўны мінус тэставання: заяўленая вытворцам функцыя «прыцэльных стрэлаў» на адлегласці да 80 сантыметраў пакуль правальваецца. Нашы тэсты паказалі, што сістэма рэагуе на любое націсканне кнопкі ў пэўным радыусе незалежна ад таго, куды накіраваная руля карабля.
Дэманстрацыя страляніны — незразумела, ці будуць гэта выпраўляць
Механікі рамонту і дазапраўкі: гульня на выжыванне
Каб паглыбіць геймплэй, распрацоўнікі дадалі механікі пачынкі і дазапраўкі, якія сімулююць кіраванне касмічнымі рэсурсамі.
Праўда, толку на практыцы ад гэтага няшмат: як паказалі практычныя тэсты, лічыльнік пашкоджанняў караблёў абнуляецца адразу пасля віртуальнага выбуху непасрэдна на узроўні кубіка, то-бок можна пачакаць пару секундаў пасля «выбуху» і гуляць далей.
Вердыкт
У выніку Lego стварыла цікавую, але пакуль сырую цацку.
Для дзяцей гэта выдатны шанец пабегаць з пластыкавымі караблямі ў руках замест таго, каб глядзець у экран. Тыдзень-другі дзіцяці дакладна будзе цікава. Застаецца толькі спадзявацца, што праблемы з дакладнасцю стрэлаў выправяць у найбліжэйшых абнаўленнях прашыўкі, а таксама дададуць новыя функцыі.

А вось для дарослых калекцыянераў гэта супярэчлівы прадукт: праз памеры «разумнага кубіка» класічныя прапорцыі X-Wing і TIE-Fighter прыйшлося крыху змяніць у бок павелічэння фюзеляжа. Да таго ж яны каштуюць столькі ж, колькі іншыя больш дэталізаваныя і троху большыя мадэлі, але без разумных кубікаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары