Беларусы на першым месцы ў рэгіёне па смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў
Нягледзячы на адкрыццё новых кардыялагічных цэнтраў і рост колькасці высокатэхналагічных умяшанняў, Беларусь застаецца адной з краін Еўропы з найвышэйшай смяротнасцю ад хвароб сэрца і сасудаў. Паводле міжнародных даных, беларусы паміраюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў у 3,5 раза часцей за немцаў і больш чым удвая часцей за палякаў. Пры гэтым каля траціны пацыентаў з інфарктам міякарда па-ранейшаму не маюць доступу да лячэння, якое ў краінах Еўрасаюза ўжо даўно стала стандартам.

Такія высновы ўтрымліваюцца ў незалежным аглядзе беларускай сістэмы аховы здароўя, падрыхтаваным актывістамі незалежнага прафсаюза медыкаў пры падтрымцы Фонду медыцынскай салідарнасці Беларусі BYMEDSOL і праекта «Белыя халаты».
Паводле даных World Heart Federation і Institute for Health Metrics and Evaluation, у 2021 годзе ад хвароб сэрца і сасудаў (ССЗ) у Германіі памерла 133 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва, у Польшчы — 218, у Літве — 303, у Латвіі — 330, у Расіі — 395. Беларусь з паказчыкам 467 узначальвала гэты спіс.
| Краіна | Узростава-стандартызаваная смяротнасць ад ССЗ на 100 тысяч, 2021 | Адносна Германіі |
| Беларусь | 467 | 3,51× |
| Расія | 395 | 2,97× |
| Латвія | 330 | 2,48× |
| Літва | 303 | 2,28× |
| Польшча | 218 | 1,64× |
| Германія | 133 | 1,00× |
Крыніца: матэрыялы агляду
Пры гэтым праблема, як адзначаюць аўтары даследавання, не зводзіцца толькі да высокай смяротнасці. Афіцыйная беларуская статыстыка паказвае вялікія адрозненні ў паказчыках сардэчна-сасудзістых захворванняў паміж рэгіёнамі.
Так, агульная захваральнасць на ішэмічную хваробу сэрца ў 2025 годзе ў Брэсцкай вобласці была амаль удвая вышэйшая, чым у Віцебскай, а колькасць новых выпадкаў хвароб сістэмы кровазвароту ў Мінску больш чым удвая перавысіла паказчык Магілёўскай вобласці.
Агульная захваральнасць на цэрэбраваскулярныя хваробы ў Віцебскай вобласці была ў 2,4 раза вышэйшай, чым у Магілёўскай, а колькасць новых выпадкаў нестабільнай стэнакардыі ў Гомельскай вобласці — амаль у 2,5 раза большай, чым у Мінскай.
Для краіны з адзінай сістэмай аховы здароўя такія разыходжанні выглядаюць незвычайнымі. Яны могуць сведчыць пра розную якасць дыягностыкі і дыспансернага назірання, праблемы са статыстычным улікам або недастатковае выяўленне захворванняў у асобных рэгіёнах. Інакш кажучы, частка пацыентаў можа проста не трапляць у афіцыйную статыстыку своечасова.
Аднак нават тыя паказчыкі, якія фіксуюцца афіцыйна, сведчаць пра яшчэ адну праблему — абмежаваную даступнасць высокатэхналагічнай кардыялагічнай дапамогі.
Параўнанне з суседнімі краінамі паказвае, што ў Беларусі значна радзей праводзяцца сучасныя кардыялагічныя працэдуры, неабходныя для дыягностыкі і лячэння цяжкіх сардэчных захворванняў.
Паводле разлікаў аўтараў даследавання, у 2025 годзе ў Беларусі выконвалася каля 4,2 тысячы каранаграфій на мільён жыхароў. Гэта крыху больш, чым у Расіі (3,1—3,7 тысячы), але значна менш, чым у краінах Еўрасаюза: у Польшчы гэты паказчык перавышаў 6,3 тысячы, у Латвіі складаў больш за 7 тысяч, а ў Літве і Германіі набліжаўся да 9,5 і 9,1 тысячы адпаведна.
Яшчэ больш прыкметнае адставанне назіраецца па колькасці празскурных каранарных умяшанняў (ПКУ) — працэдур, якія выкарыстоўваюцца для аднаўлення крывацёку ў звужаных або закаркаваных каранарных артэрыях. У Беларусі ў 2025 годзе было праведзена каля 2 тысяч такіх умяшанняў на мільён чалавек, што прыкладна адпавядае расійскаму ўзроўню (1,9-2,2 тысячы). У Польшчы, Літве, Латвіі і Германіі гэты паказчык быў амаль удвая вышэйшы — ад 3,6 да 4,4 тысячы на мільён насельніцтва.
Табліца. Супастаўленне колькасці высокатэхналагічных умяшанняў пры вострай сардэчнай паталогіі па краінах
| Краіна | Каранаграфія / дыягнастычная катэтэрызацыя на 1 млн | Год | ПКУ на 1 млн | Год |
| Беларусь | 4 250 | 2025 | 1 970 | 2025 |
| Расія | 3 100—3 700 | 2023 | 1 900—2 200 | 2023 |
| Латвія | 7 111 | 2024 | 4 011 | 2024 |
| Літва | 9 491 | 2024 | 3 649 | 2024 |
| Польшча | 6 354 | 2024 | 3 776 | 2024 |
| Германія | 9 107 | 2023 | 4 413 | 2023 |
Крыніца: матэрыялы агляду
У апошнія гады ўлады спрабуюць выправіць сітуацыю, адкрываючы новыя кардыяэндаваскулярныя цэнтры ў рэгіёнах. Такія ўстановы ўжо з'явіліся ў Брэсце, Жлобіне, Ваўкавыску, Лідзе, Крычаве і Магілёве, яшчэ некалькі плануюць адкрыць.
Аднак доступ да сучаснага лекавання па-ранейшаму застаецца абмежаваны. У 2025 годзе толькі 68,3% пацыентаў з інфарктам міякарда змаглі атрымаць празскурнае каранарнае ўмяшанне. Для параўнання, у Польшчы і Германіі такую дапамогу атрымліваюць каля 90—95% пацыентаў.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Без такіх удакладненняў вынікі выглядаюць маніпулятыўнымі.