«Шаноўныя сябры, дзякую вам за падтрымку». Расійскі блогер Ілля Варламаў у інтэрв'ю згадаў Беларусь і беларускую мову
Варламаў стаў госцем падкаста ў Ізраілі, дзе некалькі хвілін размовы прысвяцілі нашай краіне і мове.

Руская, англійская, беларуская
На рускамоўным ізраільскім ютуб-канале Sheinkin40 выйшла гутарка з Іллёй Варламавым, дзе ў нейкі момант размова дайшла да Беларусі.
Гутарылі з Варламавым Марк Лаві і Антон Прывольнаў, многім вядомы як вядучы праграмы «Кантрольная закупка» на расійскім тэлебачанні.
Калі размова дайшла да ведання і вывучэння замежных моў, блогер-падарожнік прызнаўся, што, апроч рускай, ведае толькі англійскую, прычым, як ён сам прызнаецца, не на самым высокім узроўні. А другой замежнай мовай, якую калі-небудзь вывучаў Варламаў, з’яўляецца беларуская.
Пры гэтым блогер адзначыў, што вывучэнне замежных моў яму даецца даволі цяжка.
«Я беларускую мову нават пачаў нядаўна вывучаць», — сказаў Варламаў, пасля чаго яго папрасілі сказаць нешта па-беларуску.
«Шаноўныя сябры, дзякую вам за падтрымку», — прамовіў ён.
І пасля дадаў, што беларуская мова вельмі прыгожая.
«Я пачаў у свой час яе вучыць, каб так падтрымаць беларусаў, таму што многія, у першую чаргу на Захадзе, асабліва пасля 2022 года, пачалі ўспрымаць Беларусь як нейкі рэгіён Расіі. То-бок зразумела, што Лукашэнка там лёг пад Пуціна і яго абсалютна нічога не засмучае, і ён вядзе нейкую сваю гульню.
Але рэч у тым, што калі санкцыі ўводзяцца, то ёсць Расія і яшчэ ёсць нейкая Беларусь, якая проста ідзе праз коску, як ёсць ЗША і Аляска», — кажа Варламаў і дадае, што яму хацелася б падкрэсліць, што Беларусь — гэта ўсё ж такі асобная дзяржава са сваёй культурай і мовай.

«Там сабака мужчынскага роду»
Па словах журналіста, калі ён пачаў вывучаць беларускую мову, то высветлілася, што гэта нашмат складаней, чым вывучыць італьянскую ці іспанскую.
«Спачатку табе здаецца, што нашыя ж літары і ўсё такое, але мова, безумоўна, вельмі адрозная, там іншыя правілы, будова, там сабака мужчынскага роду».
Таму, на думку Варламава, праз тое, што мовы падобныя, самая вялікая праблема ў тым, што чалавеку складаней пераналадзіцца.
«Бо ты прывык выбудоўваць словы, сказы, націскі па-руску — а там усё па-іншаму», — патлумачыў Варламаў.
Каментары