«Над галавой лятае па 20 тон». Брат і сястра з Беларусі расказалі, колькі зарабляюць у порце польскай Гдыні
Дзяніс і Вераніка — брат і сястра з Беларусі — жывуць у Гдыні і працуюць у мясцовых партах. Дзяніс прайшоў шлях ад рабочага да брыгадзіра, а Вераніка ўжо больш за два гады працуе экспедытарам. Яны расказалі MOST, як трапілі ў гэтую сферу, колькі можна зарабіць у польскіх партах і чаму дапамаглі працаўладкавацца ўжо дзясятку знаёмых.

Дзянісу 21 год. Ён прыехаў у Польшчу ў 2023 годзе разам з сям'ёй. Праз некалькі месяцаў маладому чалавеку споўнілася 18 гадоў — і ў гэты ж дзень ён уладкаваўся на працу.
Працаваў спачатку ў сетцы прадуктовых магазінаў, затым у камунальнай службе. А потым знаёмы паклікаў яго на працу ў порт. Спачатку беларус падумаў, што гаворка пра судабудаўнічую верф, і хацеў адмовіцца.
— Ад многіх людзей чуў, што там трохі рабская праца, брудная. У знаёмых, якія працавалі шліфоўшчыкамі, былі праблемы з лёгкімі. Туды ісці не хацеў, — кажа беларус.
Аднак высветлілася, што гаворка ідзе менавіта пра разгрузку і загрузку суднаў.
«Трэба было проста шмат рухацца»
Праз фірму-пасярэдніка Дзяніс уладкаваўся штаўэрам — партовым рабочым, у абавязкі якога ўваходзяць пагрузка, разгрузка і бяспечнае размяшчэнне кантэйнерных грузаў на суднах.
Графік быў плаваючым — залежаў ад раскладу прыбыцця караблёў. Змены звычайна доўжыліся восем або 12 гадзін, але часам былі і «незвычайныя» — па чатыры гадзіны або да завяршэння абслугоўвання канкрэтнага судна.
Фізічна праца для Дзяніса аказалася нескладанай — «трэба было проста шмат рухацца». Гэта не было праблемай: раней малады чалавек прафесійна займаўся спортам, а ў эміграцыі падтрымліваў форму ў трэнажорнай зале.
— Па кутах кантэйнераў ёсць дзіркі, у якія ўстаўляюцца замкі (кутавыя фітынгі. — Прым. MOST). Гэтымі замкамі кантэйнеры фіксуюцца на судне, каб падчас перавозкі і шторму яны не ўпалі, — апісвае спецыфіку працы беларус. — Вось хадзіў, рабіў гэтыя мацаванні або, наадварот, разбіраў іх. Гэта было адной з галоўных задач.
Тады Дзяніс паралельна вучыўся ў паліцэальнай школе, і, як студэнт, мог разлічваць на больш высокую стаўку дзякуючы падатковым ільготам. У сярэднім яго штомесячны даход складаў 5‑6 тысяч злотых ($1300—1600).
«Бачыў, як пальцы адрывае»
Праз дзевяць месяцаў Дзянісу прапанавалі павышэнне — да люкавага. Для гэтага беларус прайшоў аднадзённае навучанне, здаў тэст і атрымаў пацвярджальны дакумент. Паводле яго слоў, гэта было нескладана: ён ужо добра ведаў спецыфіку новай працы, часта размаўляў з люкавымі рабочымі і цікавіўся нюансамі.
— Люкавы — вочы аператара. Стаіш на караблі або пад караблём і даеш каманды, — тлумачыць беларус. — Гэта вялікая адказнасць: трэба сачыць за абсталяваннем, ведаць танаж грузаў і колькі вытрымліваюць мацаванні. Бываюць кантэйнеры спецыфічных памераў — трэба прыдумляць, як іх зачапіць. Плюс адказваеш за бяспеку людзей. А я за гэты час многае ў порце бачыў: як пальцы адрывае, напрыклад.
Зарплата беларуса на новай пасадзе павялічылася да 6‑8 тысяч злотых ($1600—2150) у месяц. Выніковая сума залежала ад колькасці адпрацаваных гадзін і прэмій за разгрузку пэўных грузаў.
«Над галавой лятае па 20 тон»
Нядаўна Дзяніса зноў павысілі. У свой 21 год малады чалавек стаў брыгадзірам. Цяпер на яго легла яшчэ больш адказнасці.
Ён арганізуе працу брыгады, размяркоўвае задачы паміж рабочымі, складае і падае рапарты па гадзінах працы супрацоўнікаў, навучае навічкоў.
— 80% новых супрацоўнікаў даводзіцца вадзіць за ручку, усё тлумачыць і паказваць. Яны наогул не разумеюць, дзе яны знаходзяцца. Там над галавой лятае па 20 тон, і калі яно, не дай Бог, сарвецца, ад цябе нічога не застанецца. А я буду за чалавека адказваць, — кажа Дзяніс.
Цяпер ён працуе ў начныя змены — з шасці вечара да шасці раніцы.
У самы напружаны свой месяц ён адпрацаваў 298 гадзін і зарабіў каля 12 тысяч злотых ($3200).
«Прабачаўся і ледзь не плакаў»
У падпарадкаванні Дзяніса рабочыя рознага веку. Самаму старэйшаму, паводле яго слоў, 58 гадоў. Малады чалавек кажа, што адносіны з калегамі ў яго добрыя, і адкрытых канфліктаў не ўзнікала. І прызнаецца, што часам не саромеецца павышаць голас, калі яго не хочуць чуць.
Да таго, што ён іншаземец, брыгадзіры ставяцца спакойна. Кажа, не хаваюць, што цэняць яго як спецыяліста. А вось калега нядаўна патрапіў у непрыемную сітуацыю.
— Я стаяў на караблі з рацыяй, а мой калега-брыгадзір, з якім мы працуем па зменах, стаяў на разгрузцы. Ён, дарэчы, таксама з Беларусі. Я заўважыў, што кантэйнер паставілі няроўна — і перадаў аператару, што трэба [гэта выправіць]. А аператар сказаў на польскай: «Калі не ўмеюць падчапляць — хай едуць ваяваць ва Украіну, — расказвае беларус. — Калега збіраўся напісаць кіраўніцтву паперу пра гэта: у нас за такое — аж да звальнення. Але той [аператар] дачакаўся яго пасля працы, прабачаўся і ледзь не плакаў.
«Жанчыне ўладкавацца ў порт складана»
Сястры Дзяніса Вераніцы 26 гадоў. Два з паловай гады яна таксама працуе ў порце, праўда, займае іншую пасаду — экспедытара. Уладкавацца туды ёй дапамог брат.
— Жанчыне ўладкавацца ў порт больш складана, трэба ведаць польскую мову на дастатковым узроўні. Мінімум В1, я б сказала. У мяне адразу была мэта добра вывучыць польскую. Здала экзамен на В2, — кажа беларуска. — Справа ў тым, што экспедытар пастаянна на сувязі з планаўшчыкам і аператарам, таксама з экіпажам карабля. А гэта амаль заўсёды палякі.
На працы Вераніка кантралюе працэс пагрузкі і разгрузкі кантэйнераў з суднаў. Фактычна яна каардынуе дзеянні аператара партовага крана: той знаходзіцца ў кабіне на вялікай вышыні, а Вераніка — на зямлі, і з дапамогай радыёсувязі падказвае, куды і як трэба ўсталяваць кантэйнер.
Вераніка таксама адказная за праверку кантэйнераў на прадмет пашкоджанняў пасля іх разгрузкі.
— Праца нескладаная. Мне ўсё падабаецца, — кажа беларуска. — Адзінае — трэба шмат размаўляць з новымі людзьмі: увесь час прыбываюць новыя судны. Я ў цэлым люблю размаўляць з людзьмі, але часам стамляешся ад камунікацыі.
Першыя два месяцы Вераніка працавала праз фірму-пасярэдніка па дамове даручэння. Затым ёй прапанавалі перайсці ў штат порта і заключыць працоўны дагавор.
Графік у Веранікі плаваючы. Агулам яна працуе 15 дзён у месяц па 12 гадзін.
— Прыходжу дадому з працы [з начной змены], сплю з 7 да 14 гадзін. І да 19 гадзін у мяне ёсць час на рэпетытараў, залу і іншыя справы. У мяне яшчэ адкрыта ІП па пашыве бялізны, — расказвае беларуска, тлумачачы, што свой невялікі бізнэс развівае па выхадных.
На старце Вераніка зарабляла каля 5,5 тыс. злотых ($1500) у месяц. З кожным новым дагаворам яе стаўка павышалася, і зараз зарплата складае каля 7 тыс. злотых ($1875) за 168 гадзін у месяц.
За два з паловай гады працы брат і сястра паспелі парэкамендаваць працу ў порце многім сваім знаёмым. Паводле слоў Веранікі, дзякуючы іх рэкамендацыям тут ужо працаўладкаваліся каля дзесяці чалавек.
Каментары
"складае каля 7 тыс. злотых ($1875) за 168 гадзін у месяц" - 10 евро в час.
За изматывающий физ. труд. Это хоть нетто?
Вам там ОК вообще?!