Міністр абароны Літвы: Расія можа выкарыстаць украінскія дроны для атакі на інфраструктуру краін Балтыі
Літоўская вайсковая разведка валодае інфармацыяй, што Расія вывучае магчымасць нанясення ўдараў па крытычнай інфраструктуры ў Балтыйскім рэгіёне.

Для гэтага Масква можа выкарыстаць беспілотнікі ўкраінскай вытворчасці, паведаміў міністр абароны Літвы Робертас Каўнас 15min.
«У нас ёсць звесткі, што Расія разглядае магчымасць правядзення неканвенцыйных кінетычных атак на крытычную інфраструктуру ў Балтыйскім рэгіёне. Верагодна, для гэтага Расія магла б выкарыстаць беспілотнікі ўкраінскай вытворчасці». — сказаў Робертас Каўнас.
Пад «кінетычнай» атакай у гэтым выпадку разумеецца аперацыя, разлічаная на фізічнае пашкоджанне аб'екта. Канкрэтныя мэты, магчымыя тэрміны і ступень верагоднасці такой атакі не раскрываюцца. Фармулёўкі міністра — «разглядае», «верагодна» і «магла б» — не азначаюць, што рашэнне аб правядзенні атакі ўжо прынята.
Паводле яго слоў, Расія магла б выкарыстаць захопленыя ўкраінскія беспілотнікі, каб схаваць сапраўдную крыніцу ўдару і прадставіць яго як аперацыю «пад чужым сцягам».
Цяпер чытаюць
«Галандскі архітэктар», які адбудаваў Вострую браму і паставіў сабе дом-крэпасць у Гайцюнішках, аказаўся ніякім не галандцам. Але яго спадчына захапляе
Каментары